Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамзан — чорная метка


Кадыраў і Лукашэнка
Кадыраў і Лукашэнка

У 1997 годзе пад час паездкі ў Чачню на прэзыдэнцкія выбары ў мяне ўзьнікла праблема зь вяртаньнем на радзіму.

Дэкляраванае чачэнскім бокам запрашэньне аказалася праўдзівым напалову, вяртацца было прапанавана за свой кошт, але дастаткова грошай на квіток у мяне не было, дый проста квіткоў на самалёт у продажы не існавала. Пайшоў трэці дзень маёй затрымкі.

Больш за тое, я ўнутрана адчуў, што ў такой сытуацыі ў вачох некаторых чачэнцаў-чыноўнікаў я пачаў ператварацца ў магчымы неспадзяваны тавар. Выпадкаў такіх у той час было даволі.

Шчыра скажу, стала ніякавата.

У роспачы ад сваёй праблемы нявыезду я зьвярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію Ічкерыі да нейкага чалавека па імені Гіві, і гэты Гіві з чырвонымі ад недасыпу вачыма даў мне саракагадовага кіроўцу-ахоўніка Аслана і паказаў Аслану, куды варта ехаць, каб пастарацца здабыць квіток.

Разам з Асланам у пошуках зваротнага квітка мы праезьдзілі амаль цэлы дзень па розных установах і адзінае, што ён паўтараў шматкроць, пакідаючы мяне ў машыне, — не выходзь і не размаўляй, асабліва з маладымі.

— Чаму асабліва з маладымі? — пытаўся я.

— Таму што... Разумееш, яны ўвадначасьсе заміж школы пайшлі на вайну і да сямнаццаці гадоў, калі сканчаюць школу, шмат чаго пабачылі й нарабілі, чаго ні бачыць, ні рабіць дзецям нельга. А зараз яны падрасьлі.

І праўда, думаў я, гледзячы на юных чачэнцаў у вайсковым камуфляжы, з аўтаматамі ў рукох на блёк-пастах і на варце каля розных устаноў, што яны бачылі ў сваім пяшчотным узросьце — вайну, зьдзекі й сьмерць. Такая была іхная школа. Каб прайсьці гэткую школу й выжыць, больш за тое, стаць на чале сыстэмы, трэба быць адмысловым чалавекам.

Сёньня прадстаўнік тае чачэнскае генэрацыі, такі адмысловы чалавек займае пасаду кіраўніка Чачні і зьбіраецца з афіцыйным візытам у Беларусь.

Рамзан Кадыраў за сваё жыцьцё пасьпеў пабываць па розныя бакі лініі фронту, бачыў сьмерць свайго бацькі, помсьціў за яго.

Шмат цытуюць словы, якія, нібыта, належаць Кадыраву-малодшаму і абвяргаючы якія, ён падаваў у суд, пра тое, што ён зарэзаў першага рускага ў шаснаццаць гадоў.

Пагартаўшы інтэрнэт, на адным з украінскіх сайтаў я знайшоў жудаснае відэа расправы над палоннымі расейскімі жаўнерамі, дзе ў кадар трапляе чалавек, падобны да Рамзана Кадырава.

Як бы там не было, але безумоўнае адно, расейская агрэсія і, як вынік, подлая і бяз правілаў вайна сфармавала асобу не адно сёньняшняга лідэра суб'екта расейскае фэдэрацыі пад назвай Чачня, але цэлай чачэнскай генэрацыі.

Пачытаўшы старонку пра кіраўніка Чачні ў вікіпэдыі, можна скласьці ягоны партрэт як выключна жорсткага, па ўсходняму падступнага кіраўніка, які для дасягненьня мэтаў спосабаў не выбірае.

Паказальна спартовае захапленьняў Рамзана Кадырава — баі бяз правілаў, і сапраўды падобна на тое, што «без правілаў» — ягонае жыцьцёвае крэда.

Рамзан Кадыраў змагаўся з расейцамі за незалежнасьць Ічкерыі. Пасьля перайшоў на бок Масквы й ваяваў супраць прыхільнікаў незалежнасьці сваёй краіны. Пасьля таго, як прыхільнікі незалежнасьці былі выціснутыя, вытрымліваючы нутраную канкурэнцыю, змагаўся за ўладу ў Чачні зь іншымі чачэнскімі лідэрамі, якія таксама выступалі на баку Масквы.

Ня раз і ня два Кадыраў заяўляў пра падтрымку пуцінскай палітыкі. Кадыраўскія баевікі бралі чынны ўдзел у грузіна-расейскай і ўкраіна-расейскай войнах на баку Расеі.

Але як нам ставіцца і чаго чакаць ад гэтага абвешчанага візыту чачэнскага кіраўніка ў Беларусь? Здаецца, нічога добрага.

Ня можа быць, каб Рамзан Кадыраў наважыўся на візыт без ухваленьня з Масквы, значыць, у Масквы ёсьць нейкая свая мэта і наўрад ці гэтая мэта супадае з афіцыйна абвешчанай — пра тое, што «бакі разгледзяць пытаньне паглыбленьня прамысловай каапэрацыі».

Падобна на тое, што пасьля непаразуменьня на вайсковых вучэньнях «Захад 2017» паміж расейскім і беларускім бокам, дзе кожны хацеў быць галоўным, у Менск выпраўляюць адыёзнага «пехацінца Пуціна» — як спробу ціску на рэжым ППРБ.

Кадыраў — своеасаблівая чорная метка для Лукашэнкі.

Лукашэнку і ягонай адміністрацыі трэба будзе добра падумаць, як прымаць такія госьці, бо хоць стылі кіраўніцтва Кадырава й Лукашэнкі маюць агульную глебу, але й сам кіраўнік Беларусі, і ўсе тры ягоныя сыны ўсё ж ў свой час хадзілі ў школу, а не на вайну, і гэты факт тлумачыць усё.

Чачэнцы Гіві і Аслан-ахоўнік усё ж дапамаглі мне знайсьці квіток дадому ў далёкім 1997. Тая паездка далася мне ў знакі, разам са словамі Аслана-ахоўніка пра ваенную чачэнскую генэрацыю, прадстаўнік якой мае наведаць сталіцу Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG