«Калі б не Аляксандар Рыгоравіч, Беларусь спасьціг бы лёс Лібіі, Аўганістану, Сырыі, Іраку і іншых краінаў» — прыводзіць агенцтва БелаПАН словы кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава пасьля яго сёньняшняй сустрэчы зь Аляксандрам Лукашэнкам.
Кадыраў выказаў упэўненасьць, што яго візыт будзе спрыяць умацаваньню супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Чачэніяй як субʼектам Расейскай Фэдэрацыі.
«Я хачу, каб нашы турысты прыяжджалі ў Беларусь і наадварот. Важна не проста падпісваць пагадненьні, а дамагчыся таго, каб яны ўрэшце рэшт далі свой плён. І прэзыдэнт нас падтрымаў», — сказаў чачэнскі кіраўнік.
Кадыраў заявіў, што ворагі Расеі штучна ствараюць і падсілкоўваюць нэгатыўны вобраз Чачэніі. «У нас, у Чачэнскай рэспубліцы, пра бясьпеку ніхто нават не ўспамінае. Насамрэч у нас па ўсіх напрамках самы бясьпечны рэгіён. Вулічная злачыннасьць, карупцыя, кожны кірунак вазьміце — у нас найлепшыя паказьнікі», — заявіў Рамзан Кадыраў.