Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Кадыраву: «Вы проста малайцы». Кадыраў: «Калі прыедзеце да нас, будзе сьвята»


Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў у Менску
Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў у Менску

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся 25 верасьня ў Менску з Рамзанам Кадыравым — кіраўніком Чачэнскай рэспублікі, што ў складзе Расеі. Як перадае БелТА, Лукашэнка хваліў дасягненьні Кадырава:

«Мы вельмі добра інфармаваныя аб разьвіцьці Чачэнскай рэспублікі, вельмі радыя за гэта, — казаў Лукашэнка Кадыраву. — Вы проста малайцы: паднялі з руінаў, з попелу свой кавалак зямлі, усялілі ўпэўненасьць у народ. Для нас Чачэнская рэспубліка — вельмі пэрспэктыўны, аўтарытэтны рэгіён.

Мы хацелі б ня толькі супрацоўнічаць з Грозным, але з вамі разам працаваць і на Каўказе, што датычыцца эканамічных стасункаў. Мы спакойна можам там будаваць супольныя прадпрыемствы, ствараць супольныя высокатэхналягічныя прадукты, гандляваць у вашым рэгіёне ня толькі на поўдні, але і на поўначы».

Лукашэнка ўдакладніў: гаворка менавіта пра запатрабаваны ў Расеі высокатэхналягічны прадукт, а «вырабляць тое, што нікому не патрэбна, ня трэба».

Кадыраў у сваю чаргу адзначыў «наяўнасьць вялікай павагі сярод жыхароў Каўкаскага рэгіёну» да Лукашэнкі:

Я, можна сказаць, марыў пра асабістую сустрэчу з вамі
Рамзан Кадыраў — Аляксандру Лукашэнку

«Я, можна сказаць, марыў пра асабістую сустрэчу з вамі. Таму што ўсе гэтыя гады, як вы толькі што сказалі, мы адчувалі і адчуваем падтрымку. На Каўказе вас вельмі моцна паважаюць, любяць за вашу адназначную пазыцыю. За тое, што вы будуеце дзяржаву, абараняеце інтарэсы свайго народу на найвышэйшым узроўні. Нам не абыякавая вашая краіна. І нашыя краіны даўно зьвязваюць сяброўскія, братэрскія стасункі».

Паводле Кадырава, калі ягоныя суайчыньнікі даведаліся пра візыт да Лукашэнкі, усе казалі: «Бацьку вялікае вітаньне перадайце». Чачня цяпер, паводле Кадырава, абсалютна спакойная тэрыторыя, куды езьдзяць турысты з усіх канцоў сьвету, і калі Лукашэнка туды прыедзе, «гэта для нас будзе самым вялікім сьвятам».

Кадыраў дадаў, што «ўжо некалькі гадоў» вывучае эканоміку Беларусі і што ёсьць узаемадзеяньне зь Беларусьсю на ўзроўні ўраду.

«Я вельмі даўно хацеў прыехаць, пагутарыць. У мяне, на жаль, адзін раз не атрымалася прыехаць. Я за гэта атрымаў заўвагу. Думаю, сёньня мы знайшлі адказы на ўсе пытаньні», — сказаў Кадыраў пасьля сустрэчы.

Таксама Кадыраў сказаў, што яму вельмі падабаецца ў Менску, бо гэта чысты і прыгоды горад, бо «адчуваецца, што тут ёсьць гаспадар».

Цытатнік Кадырава, чачэнскага «бацькі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG