Парашутна-дэсантныя і дэсантна-штурмавыя падразьдзяленьні Пскоўскага, Тульскага і Іванаўскага злучэньняў паветрана-дэсантных войскаў Расеі паднятыя па трывозе ў рамках сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017», паведамляе Дэпартамэнт інфармацыі і масавых камунікацый расейскага Міністэрства абароны.
«Перадавыя падразьдзяленьні пасьля атрыманьня зброі і вываду тэхнікі з паркаў выйшлі ў раёны дысьлякацыі, адкуль будзе арганізаваны марш на аэрадромы для пагрузкі ў самалёты і верталёты вайскова-транспартнай авіяцыі», — адзначылі ў дэпартамэнце, удакладніўшы, што вайскоўцы атрымліваюць рыштунак для дзеяньняў ва ўмовах розных шыротаў, харчаваньне і мэдыкамэнты.
Таксама адбываецца падрыхтоўка вайскоўцаў да практычнага дэсантаваньня, а выкліканы з адпачынкаў і шпіталёў асабовы склад праводзіць даўкладваньне парашутных сыстэмаў.
Адзначаецца, што блізу аэрадромаў дэсантнікі разгортваюць палявыя вузлы сувязі, пункты кіраваньня і рыхтуюць спэцтэхніку.
Папярэдне вядома, што падразьдзяленьні ПДВ маюць задачу высунуцца ў раёны дыслякацыі і быць у гатоўнасьці да апэратыўнага прымяненьня. Асноўная задача — вырашыць сытуацыю антытэрарыстычнага характару сілавым спосабам. Камандзіры і штабы злучэньняў пры выдачы распараджэньняў падначаленым будуць выкарыстоўваць аўтаматызаваныя сродкі кіраваньня і сувязі.
Ці зьявяцца гэтыя дэсантнікі на беларускіх палігонах, афіцыйна не паведамляецца.
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi 13 верасьня адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.