«Ніякіх дамоўленасьцяў зь Беларусьсю пра тое, каб пакінуць нашых вайскоўцаў на працяглы тэрмін, няма. Ніхто не зьбіраецца гэтага рабіць», — цытуе Франца Клінцэвіча «Інтэрфакс».
У адказ на занепакоенасьць кіраўнікоў шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў з нагоды манэўраў Франц Клінцэвіч заклікаў іх не турбавацца, бо яны Расеі «не патрэбны»:
«З поўнай упэўненасьцю хачу сказаць: панове, не турбуйцеся. Вы нам не патрэбны. У вучэньнях удзельнічае ўсяго толькі невялікая група вайскоўцаў, якая будзе акрэсьліваць сілы і сродкі».
Клінцэвіч сказаў, што асабіста плянуе прысутнічаць на вучэньнях, якія, падкрэсьліў ён, маюць антытэрарыстычны характар.
Раней намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін удакладніў, што ўсяго ў вучэньнях на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы» будзе задзейнічана каля 70 самалётаў і верталётаў, да 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў, да 200 гармат, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў, а таксама 10 караблёў.
«Вучэньні «Захад-2017» мірныя, ніякіх плянаў уварваньня на тэрыторыі суседніх дзяржаў няма, — заявіў армейскі генэрал у інтэрвію радыёстанцыі «Дойчэ вэлле».
***
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi адзначае «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і абяцае, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.