Скарынаўскі дзень у Празе ў 10 цытатах

15 чэрвеня стаў Скарынаўскім днём у чэскай сталіцы. Адбыліся міжнародны навуковы сымпозіюм «Скарына і Прага», адкрыцьцё дзьвюх выставаў, прысьвечаных беларускаму асьветніку і ўскладаньне кветак да памятных мясьцін — да шыльды Скарыну на будынку Славянскай бібліятэкі і да месца, дзе магла быць яго друкарня.

На наступным дзень, 16 чэрвеня, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей разам з сваім чэскім калегам Лубамірам Зааралкам усклалі кветкі да помніка Францішку Скарыну на Градчанах у Празе.

10 цытатаў ад удзельнікаў сымпозіюму і Скарынаўскіх урачыстасьцяў:

Генэральны дырэктар Нацыянальнай Бібліятэкі Чэхіі Марцін Коцанда:

«Цэлы дзень сёньня будзем думаць аб выдатным беларускім лекары і перакладчыку Францішку Скарыну, жыцьцё якога шчыльна зьвязана з Прагай».

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі:

«Дзейнасьць Скарыны зьвязана з многімі гарадамі Эўропы — з Полацкам, Кракавам, Капэнгагенам, Падуяй, Прагай, Вільняй (цяпер гэта Літва)... У сьвеце захавалася 520 асобнікаў кніг Скарыны. Пры дапамозе бізнэсу мы сканавалі ўсё, пяць гадоў ішла праца над выданьнем усёй Скарынавай спадчыны. Мы перадамо кожнай бібліятэцы ў сьвеце, дзе ёсьць хоць старонка кніг Скарыны, поўны збор яго твораў і выданьняў».

Дырэктар Бібліятэкі Ўрублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Сігітас Нарбутас:

«Для нас, літоўцаў, якія маюць агульную Айчыну разам зь беларусамі і ўкраінцамі — Вялікае Княства ЛІтоўскае, 500-годзьдзе першай кнігі Скарыны вельмі важнае... Сувязі Літвы з Чэхіяй пачаліся ў Х стагодзьдзі».

Вядучы сымпозіюму чэскі навуковец Томаш Госкавец:

«Скарына як бізнэсмэн пацярпеў няўдачу... Яго дзейнасьць — служэньне. Калі ты не атрымаў дапамогі ад дзяржавы і ад царквы і робіш сваю справу адзін — гэта ўчынак, гэта жэст... Для каго Скарына выдаваў кнігі — для ўсяго чалавецтва...»

Выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Пэтр Войт:

«Аднабокі нацыянальны куль апутаў друкара ВКЛ... Скарына быў касмапалітам... Шаблённа называць Скарыну гуманістам. Ён не адпавядае гэтаму азначэньню, калі разумець пад гуманістамі людзей лацінскай мовы, якія дбалі пра аднаўленьне антычнай спадчыны... Скарына — народны гуманіст, ён дбаў за адраджэньне мяшчанства, за яго нацыянальную эмансыпацыю».

Выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Ільля Лямешкін:

«Няясна, чаму крыніцай Скарынавай Бібліі называюць чэскую Вэнэцыянскую Біблію 1506 году. На падставе тэкставых запазычаньняў у калафонах я лічу, што ўзорам для Скарыны была чэская Біблія 1488 году... Я лічу, што Скарына мог і ня быць перакладчыкам Бібліі, ён мог знайсьці ў бэнэдыктынскім кляштары ў Празе — Эмаўзах, тэкст старой славянскай бібліі і адрэдагаваць яго...»

Журналіст Радыё Свабода, перакладчык Сяргей Шупа:

«Беларуская мова застаецца адзінай эўрапейскай мовай зь дзяржаўным статусам, на якую не перакладзена поўная Біблія з арыгінальных моваў...»

Загадчыца аддзелу Расейскай Дзяржаўнай бібліятэкі Джаміля Рамазанава:

«Да юбілею Скарыны выходзіць шмат розных выданьняў... Мы таксама думалі, як нам паўдзельнічаць у гэтым. І знайшлі арыгінальную ідэю. Мы вырашылі паглядзець, як кнігі Скарыны выглядаюць на агульным фоне тагачаснай Эўропы, гэта значыць параўнаць усе эўрапейскія выданьні 1517 году. І вось я трымаю у руках такі каталёг з каляровымі ілюстрацыямі. Спадзяюся, неўзабаве яго можна будзе ўбачыць на нашым сайце ў электронным выглядзе».

Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Тацяна Карнілава:

«Скарына, вядома, вялікі. І ў яго тэкстах адчуваецца, што ён усьведамляе сваю веліч...»

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей:

«Трэба больш размаўляць на беларускай мове. Мы спрабуем гэта рабіць у нашым міністэрстве і заахвочваць людзей. Але ўсё павінна ісьці ад душы, ад сэрца».