У агляднай будучыні Беларусь не разьлічвае на тое, што суседзі з Эўразьвязу зробяць сустрэчныя крокі ў пытаньні кароткатэрміновых паездак бязь візаў, распавёў у тэлеперадачы «Контуры» на АНТ прадстаўнік МЗС Беларусі Ігар Фісенка.
«Краіны — чальцы Эўразьвязу абмежаваныя ў прыняцьці падобных рашэньняў: іх трэба ўзгадняць у Брусэлі, і схемы прыняцьця падобных рашэньняў асобнымі краінамі ЭЗ проста не існуе, — кажа Фісенка. — Таму спадзявацца на тое, што Польшча, Літва або Латвія змогуць зрабіць нешта падобнае ў агляднай будучыні, немагчыма».
Тыдзень таму Фісенка выказваў спадзяваньні на тое, што ў Эўразьвязе беларускае скасаваньне візаў на кароткія паездкі «прынята да ведама і будуць зроблены нейкія сустрэчныя крокі ў кірунку разьвіцьця кантактаў паміж Беларусьсю і ЭЗ».
12 пытаньняў пра беларускі бязьвізавы рэжым для замежнікаў
Беларусь увяла пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў, але пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», а таксама ў два з паловай разы зьменшыла цану гадавой уязной візы для грамадзян эўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону.
У эфіры «Контураў» Фісенка патлумачыў, што 80 краінаў былі выбраныя сярод значных партнэраў Беларусі ў бізнэсе, гаспадарчых, гуманітарных і турыстычных сувязях. У сьпісе ёсьць «даволі экзатычныя», як кажа Фісенка, краіны, бо яны раней прынялі падобнае рашэньне ў дачыненьні Беларусі. Абмежаваньне бязьвізавага ўезду аэрапортам ён тлумачыць праблемамі чэргаў у наземных пунктах пропуску.
Паводле прагнозаў, агучаных Фісенкам, Беларусь чакае павелічэньня патоку турыстаў праз нацыянальны аэрапорт на 20%.