Сваякі новага амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа паходзяць з Наваградку і Карэлічаў, што ў Гарадзенскай вобласьці. Дачка прэзыдэнта Амэрыкі — Іванка Трамп замужам за Джарэдам Кушнэрам, сынам амэрыканскага мільярдэра Чарльза Кушнэра. Маці Кушнэра нарадзілася і жыла ў Наваградку, а тата паходзіў з Карэлічаў. Пасьля вайны ў 1945 годзе яны эмігравалі ў ЗША.
Чарльз Кушнэр быў у Наваградку ўжо некалькі разоў, а першы раз у 1989 годзе разам з сваёй маці, якая там нарадзілася. Менавіта яна апавяла яму гісторыю жыцьця іх сямʼі, паказала, дзе быў іх дом, дзе гета, зь якога ў вайну яна праз тунэль уцякла разам з маці і дзедам.
— З таго часу Чарльз Кушнэр быў на радзіме сваіх бацькоў некалькі разоў і прывозіў сваіх унукаў. Ён бярэ сюды толькі тых унукаў, каму споўнілася 13 гадоў. Праўда, дагэтуль тут не былі Джарэд і Іванка, але яны маюць наведаць Наваградак, — сказала Свабодзе Тамара Вяршыцкая, якая ў 2007 годзе стварыла «Музэй габрэйскага супраціву» ў Наваградку і падтрымлівае сувязь зь сямʼёй Кушнэраў.
Спадарыня Вяршыцкая кажа, што сёньня ня толькі павіншуе праз Чарльза Кушнэра Дональда Трампа з абраньнем на пасаду прэзыдэнта, але і запросіць іх абодвух у госьці.
— Летам, калі Кушнэр быў з унукамі ў Наваградку, я адмыслова не пыталася ў яго пра выбарчую кампанію, бо нам было пра што гаварыць. А цяпер я праз Кушнэраў павіншую Трампа і перадам яму запрашэньне наведаць Наваградак. Гэта важна і для нас, і для яго, бо «Музэй габрэйскага супраціву» ствараўся на гранты, беларуская дзяржава ня ўклала сюды ні капейкі. І калі Трампу важна, каб яго ведалі і падтрымлівалі на радзіме яго сваякоў, то і ён павінен будзе падтрымаць наш музэй.
Спадарыня Вяршыцкая распавяла, што Чарльз Кушнэр мае намер ахвяраваць грошы на тое, каб пашырыць «Музэй габрэйскага супраціву».
— Наагул, Чарльз Кушнэр робіць уражаньне сучаснага бізнэсмэна, але ў Наваградку адключае свой мабільны тэлефон і зь вялікай пашанай водзіць унукаў па месцах сваіх продкаў, тым самым паказваючы, які шлях яму давялося прайсьці ў Амэрыцы, каб стаць мільярдэрам. Ён вельмі натуральна ўпісваецца і ў нашу культуру, і відавочна пачуваецца яе часткай. Я думаю, што сёньня яны ўсе шчасьлівыя. І мы тут таксама за іх радуемся.
Выжыць. За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа – Беларусь, якую пакінулі габрэі