У сваёй пераможнай прамове Трамп паабяцаў прывесьці Злучаныя Штаты да эканамічнага росту і аднаўленьня. Ён таксама паабяцаў міжнароднай супольнасьці, што ЗША будуць справядліва паводзіцца з усімі краінамі і шукацьмуць узаемаразуменьня, а не канфлікту.
Свабода запытала палітыкаў і іншых вядомых беларусаў пра тое, як яны ставяцца да перамогі Трампа і ці лічаць, што вынікі выбараў адной з самых уплывовых дзяржаў паўплываюць на сытуацыю ў сьвеце.
Блогер Эдуард Пальчыс: «Спадзяюся, што гучныя словы Трампа застануцца толькі словамі»
«У мяне ёсьць пытаньне, ці атрымаецца ў Трампа адпавядаць тым гучным заявам, якія ён рабіў. Калі атрымаецца, то для Беларусі і для ўсей Усходняй Эўропы гэта будзе ня вельмі добра. Зразумела, што Клінтан нашмат больш удзяляла б увагі падтрымцы дэмакратыі ў нашай краіне. Але, улічваючы тое, як пабудаваная амэрыканская сыстэма замежнай палітыкі, можна спадзявацца, што кардынальна нічога не памяняецца і гучныя заявы Трампа застануцца толькі заявамі. Што да асобаў, то ў мяне не выклікаюць асаблівай сымпатыі ні Трамп, ні Клінтан. Гэта кандыдаты, да якіх я абыякавы. Але лічу, што для Беларусі было б лепш, каб перамагла Клінтан».
Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч: «Я б з салідарнасьці галасавала за Клінтан»
«Мне было вельмі цікава назіраць за выбарамі ў ЗША. Вельмі ўразіў фінал — ніхто не сумняваецца ў тым, што грамадзяне выказалі сваю волю. Да моманту выбараў важныя праграмы, прамовы, заявы кандыдатаў. А цяпер важна тое, як прагаласуюць за прапановы абранага прэзыдэнта — на жаль, за гэтым ня ўсім ужо цікава сачыць. Мне як жанчыне было надзвычай цікава назіраць за кампаніяй Гілары Клінтан, і я б прагаласавала за яе. Чаму? Таму што яна пераканала мяне сваёй апошняй прамовай, у якой сказала, што ня важна, хто пераможа, а важна, што ён прапановае. Галоўныя вынік гэтых выбараў — не асоба прэзыдэнта, а тое, што ўлічана думка большасьці грамадзян, і можна працаваць далей».
Заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер: «Трампа падтрымалі таму, што зацкавалі»
«Я з самага пачатку думаў, што пераможа Трамп — буйны сэлф-мэйд-бізнэсовец, які сам усяго дамогся. Але ў апошнія месяцы перавага была на баку Клінтан. Гэта было выклікана той кампаніяй, якую разгарнулі супраць Трампа буйныя мэдыя і само амэрыканскае кіраўніцтва. Мне ідзе 57-ы год, і я ня памятаю, каб дзейны прэзыдэнт ЗША так настойліва і часта агітаваў за наступнага магчымага прэзыдэнта ад сваёй партыі. Чаму амэрыканцы прагаласавалі за Трампа? Я думаю, што спрацаваў такі эфэкт: падтрымаць таго, каго цкуюць. Ніякіх пераваротаў у зьнешняй і ўнутранай палітыцы ЗША я не чакаю. Таму што выбары — гэта вялізнае шоў. Трэба разьмяжоўваць тое, што чалавек гаворыць да выбараў, і тое, што ён пасьля робіць».
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Трамп будзе рабіць шмат памылак, карыстаючыся бізнэс-схемамі ў палітыцы»
«Трамп перамог дзякуючы галасаваньню людзей з адчуваньнем, што пра іх забыліся палітыкі ў Вашынгтоне і буйныя мэдыя. Таму гэта было пратэставае галасаваньне. Трамп прыйшоў у палітыку толькі перад пачаткам выбарчай кампаніі, таму ацэньваць яго як палітыка пакуль што абсалютна немагчыма. Пакуль ён праявіў сябе толькі як харызматычны прамоўца, але як дзяржаўнаму дзеячу цяпер яму давядзецца вырашаць праблемы зусім іншага кшталту. У мяне ёсьць асьцярога, што Трамп паспрабуе ажыцьцяўляць у палітыцы бізнэсовыя схемы, а гэта не заўсёды можна зрабіць проста мэханічна. Я прадбачу, што празь недасьведчанасьць Трамп будзе рабіць шмат памылак. Таму спадзяюся, што, нягледзячы на канфрантацыю з кіраўніцтвам рэспубліканскай партыі ў межах і Кангрэсу, і Сэнату, ён здолее знайсьці паразуменьне і традыцыйная лінія рэспубліканцаў на падтрымку актыўнай пазыцыі Амэрыкі ва ўсім сьвеце, на падтрымку дэмакратыі, адкрытасьці і свабоды будзе ажыцьцяўляцца і пры ім.
Перамога Трампа — не фэномэн, мы ўжо бачылі нешта падобнае падчас „брэкcыту“, а таксама ў выніках галасаваньняў у некаторых краінах, дзе да ўлады прыходзяць партыі, што абвяргаюць палітычную карэктнасьць і гавораць ад імя маўклівай большасьці, якая шмат у якіх краінах адчувае сябе забытай, бо і мэдыя, і палітыкі вельмі шмат гавораць аб праблемах меншасьцяў. Таму перамога Трампа — чарговы званочак для ўсіх палітыкаў сьвету пра тое, што нельга адрывацца ад грамадзтва.
Частка посьпеху Трампа палягае ў тым, што ён яскравая асоба, якая прыцягвае ўвагу і добра „разыходзіцца“ ў сацыяльных сетках. Такія людзі ў палітыцы заўсёды маюць перавагу. Разам з тым я б не памяншаў значэньне менавіта тых тэмаў, якія нечакана і востра закранаў Трамп».
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч: «Трампа выбралі простыя грамадзяне»
«Гэта для многіх неспадзяванка, як і „брэксыт“. Я згодны, што гэта галасаваньне супраць амэрыканскага істэблішмэнту. У той час, як усе СМІ, бізнэс, шоў-бізнэс агітавалі за Клінтан, а рэспубліканскі істэблішмэнт адкрыта выступіў супраць Трампа, простыя амэрыканцы прыйшлі і падтрымалі яго. Я думаю, што гэта добрая магчымасьць для палітычных амэрыканскіх і сусьветных элітаў перагледзець сваё стаўленьне да простых грамадзянаў, праблемы якіх топавымі палітыкамі не закранаюцца. Калі казаць проста, то амэрыканскі істэблішмэнт зажраўся. Вынік бачым у перамозе Трампа».
Старшыня руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч: «Ацэньваць Трампа будзем паводле дзеяньняў»
«Я перакананы, што амэрыканская палітыка істотным чынам ня зьменіцца, хоць заявы, якія рабіў Трамп ў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі, насьцярожваюць, бо іх курс адрозьніваецца ад таго, які праводзіў Барак Абама. Але Амэрыка — гэта краіна з устойлівай дэмакратыяй, там ёсьць сыстэма стрыманьня і супрацьвагі. Зрэшты, ацэньваць Трампа буду паводле першых дзеяньняў, а не заяў. Калі казаць пра асобаў, за каго б тэарэтычна прагаласаваў, то пазыцыя Гілары Клінтан была мне бліжэйшай».