Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электаральная рэвалюцыя імя Доналда Трампа


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Тое, ува што не хацелі верыць палітыкі, экспэрты, аглядальнікі, адбылося. Насуперак абсалютнай большасьці прагнозаў. Амэрыканская электаральная сэнсацыя чарговым разам пасароміла ўсіх тых, хто ўпэўнена лічыў, што ведае, паводле якіх правілаў і заканамернасьцяў разьвіваюцца палітычныя працэсы. Цяпер прыйшоў час вывучаць урокі.

Найперш тое, на што ўжо зьвярнулі ўвагу назіральнікі. Амэрыканскія выбары прадэманстравалі разрыў паміж элітай і народам. Гучаць звыклыя тэзы пра паўстаньне масаў. Бо амаль усе мэдыі, зоркі палітыкі, шоў-бізнэсу, культуры і спорту агітавалі за Клінтан.

Другая важная, хоць і банальная выснова. Для перамогі ў такіх буйных электаральных кампаніях патрэбная харызма. Апэляваць да эмоцыяў важней, чым зьвяртацца да рацыё.

Доналд Трамп прадэманстраваў псыхалягічную сумяшчальнасьць, каштоўнасную роднасьць з сваім электаратам, з усімі ягонымі фобіямі, забабонамі і мітамі.

І самую галоўную выснову, якая вынікае з амэрыканскіх выбараў, можна сфармуляваць так: палітык павінен адчуваць нацыю, адэкватна адлюстроўваць яе мэнтальныя імпульсы, яе калектыўнае падсьвядомае, яе ўнутраны голас, глыбінныя нацыянальныя архетыпы. Доналд Трамп прадэманстраваў псыхалягічную сумяшчальнасьць, каштоўнасную роднасьць з сваім электаратам, з усімі ягонымі фобіямі, забабонамі і мітамі. Ён часта апэляваў да падсьвядомасьці і інстынктаў свайго выбаршчыка, да ягоных супярэчлівых уяўленьняў пра палітыку. Вось шмат пісалі, што Трамп часта супярэчыў сам сабе, мяняў свае погляды. Дык і звычайны абывацель гэтак думае, шукаць у ягоных развагах пра палітыку бездакорнай лёгікі не выпадае.

Менавіта таму цяпер цяжка рабіць прагнозы пра будучую палітыку прэзыдэнта ЗША Доналда Трампа. Бо тэзы, якія ён вылучаў падчас выбарчай кампаніі, даволі супярэчлівыя, прычым па ходу кампаніі яны мяняліся. Варта адзначыць, што Трамп тройчы мяняў партыйную прыналежнасьць.

Усім вядома, што перадвыбарчая рыторыка і рэальная палітычная лінія — розныя рэчы.

Таксама трэба мець на ўвазе, што будучы прэзыдэнт ніколі не займаў значных дзяржаўных пасадаў, яму не даводзілася прымаць палітычныя рашэньні. Можна казаць, што ён навічок у замежнай палітыцы. Да таго ж усім вядома, што перадвыбарчая рыторыка і рэальная палітычная лінія — розныя рэчы.

Акрамя таго, можна мець пэўныя намеры, але часта яны разьбіваюцца аб суровую рэальнасьць. У гэтым пляне добры прыклад — палітыка дзейнага прэзыдэнта Барака Абамы. Ён перамог на прэзыдэнцкіх выбарах пад міралюбнымі лёзунгамі, абяцаньнямі вывесьці амэрыканскія войскі з Аўганістану і Іраку, адмовы ад усясьветнага паходу за дэмакратыю. (І Трамп лічыць, што Амэрыцы трэба менш умешвацца ў справы за мяжой, асабліва на падставе праблемаў з правамі чалавека.)

Сёньня, мусіць, усе забыліся, што на пачатку сваёй дзейнасьці адміністрацыя Абамы абвясьціла пра «перазагрузку» ў адносінах з Расеяй. З такой ідэяй прыехала ў Маскву тагачасная дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан. Ідэя перазагрузкі фактычна азначала адмову Злучаных Штатаў канкураваць з РФ за кантроль над постсавецкай прасторай, Вашынгтон прызнаваў гэты рэгіён расейскай дзялянкай. А ў выніку канфлікт ЗША з Расеяй з прычыны дзеяньняў Масквы на постсавецкай прасторы (ва Ўкраіне) прывёў да нябачанай з моманту распаду СССР расейска-амэрыканскай канфрантацыі.

Існуе лёгіка палітычнага працэсу, якая мацнейшая за намеры і жаданьні. Таму ці не заўчасная эўфарыя, якая цяпер дамінуе ў расейскіх мэдыях і сярод палітычнай эліты РФ?

З гэтай гісторыі можна зрабіць выснову, што існуе лёгіка палітычнага працэсу, якая мацнейшая за намеры і жаданьні. Таму ці не заўчасная эўфарыя, якая цяпер дамінуе ў расейскіх мэдыях і сярод палітычнай эліты РФ?

Што тычыцца беларуска-амэрыканскіх адносін. Цяжка сказаць, калі ў новай адміністрацыі Трампа дойдуць рукі да Беларусі. А пакуль будзе дзейнічаць лёгіка каляіны, інэрцыя існай палітыкі.

Дарэчы, хачу нагадаць, што ў ЗША існуе заканадаўчы акт пад назвай «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Паводле яго амэрыканскія прадстаўнікі ў міжнародных фінансавых арганізацыях не павінны галасаваць «за» ў пытаньні выдзяленьня Беларусі крэдытаў. Падчас рашэньня аб крэдытаваньні фондам Беларусі мінулым разам прадстаўнікі ЗША ўстрымаліся.

Але ёсьць адчуваньне, што ўсіх нас чакаюць вялікія перамены.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG