Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сёньня правядуць двухбаковую сустрэчу ў Менску ў Палацы Незалежнасьці.
Чакаецца, што Пуцін прыбудзе ў Менск каля 13.00, але ня выключана, што ён спозьніцца.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлю Эйсмант, плянуецца, што падчас сустрэчы асаблівы акцэнт будзе зроблены на «пераадоленьні зьніжэньня ўзаемнага тавараабароту»:
«Улічваючы шчыльнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і Эўразійскага эканамічнага саюза, размова таксама пойдзе аб паглыбленьні інтэграцыі, пэрспэктывах зьняцьця асобных абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі», — заявіла Натальля Эйсмант.
Чакаецца, што Пуцін і Лукашэнка пад час сустрэчы ў Палацы незалежнасьці абмяркуюць і шэраг іншых пытаньняў.
Пасьля двухбаковай сустрэчы заплянаваны ўдзел Лукашэнкі і Пуціна ў пленарным пасяджэньні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, якое адбудзецца ў Палацы Рэспублікі.