7–8 чэрвеня ў Менску пройдзе Трэці форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Мэта форуму — пашырыць беларуска-расейскае рэгіянальнае супрацоўніцтва і спрыяць усталяваньню кантактаў наўпрост паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-культурнай, навукова-адукацыйнай, гуманітарна-культурніцкай і іншых сфэрах.
У Менск прыедуць прадстаўнікі 30 расейскіх рэгіёнаў. Плянуецца, што ў форуме возьмуць удзел кіраўнікі Беларусі і Расеі — Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін. Чакаюць і мэра Масквы Сяргея Сабяніна.
Першы форум, у якім акцэнт рабіўся на супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы, адбыўся ўвосень 2014 году ў Менску. Другі, па пытаньнях машынабудаваньня, — у верасьні 2015 году ў Сочы.
Амаль год таму на сочынскім форуме былі агучаныя лічбы: больш за 8 тысяч прадпрыемстваў Беларусі і Расеі зьвязаныя ўзаемнымі пастаўкамі, працуюць каля 1 тысячы сумесных вытворчасьцяў. Беларускі бок заключыў у Сочы 67 экспартных кантрактаў.
Фармальна прадпрыемствы Расеі і Беларусі павінны працаваць у адзіных эканамічных умовах. Але на справе пакуль гэтага яшчэ няма, кажа дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан:
«У машынабудаўнічай галіне застаюцца праблемы, якія да гэтай пары ня вырашаныя. Здаецца, іх вельмі проста вырашыць, а яны шмат на што ўплываюць. Напрыклад, прадпрыемствы ў Расеі маюць амаль удвая меншыя тарыфы на газ. Беларускія прадпрыемствы вымушаны плаціць значна больш. Так што пакуль пра роўныя ўмовы можна шмат гаварыць, але трэба і рэальна штосьці рабіць. Бо калі мы хочам стварыць адзіную эканамічную прастору і сапраўды роўныя ўмовы для канкурэнцыі, то трэба разглядаць у сукупнасьці ўсе фактары і рабіць усё своечасова. Трэба гэта ўсё рабіць цяпер, а не чакаць 2025 году, калі нашы прадпрыемствы, магчыма, канкурэнцыі ня вытрымаюць і ліквідуюцца. (Да гэтага моманту адкладзены пераход у Расеі да роўнадаходных цэнаў на газ і іншыя энэрганосьбіты). Я лічу, што гэта такія хітрыкі. Усе намаганьні па роўных умовах гаспадараньня расейцы нівэлююць, а перавагі ствараюцца толькі для аднаго боку — расейскага.
Тое самае і з энэрганосьбітамі, якія для беларускіх прадпрыемстваў значна даражэйшыя, чым для расейскіх. Праблемы ёсьць, і пакуль пра роўныя правы беларусаў і расейцаў чуваць толькі размовы.
Тое самае і з утылізацыйным зборам, які быў уведзены ў 2012 годзе. Пра гэта чамусьці нідзе ня пішуць, але ёсьць дакумэнты. Грошы, якія беларускія прадпрыемствы плацяць за так званы ўтылізацыйны збор, неяк вяртаюцца. Гэта, аднак, усё роўна стварае пэўны бар’ер, які ў любы момант можна падняць. Ён роўны па ўплывах нават на мыта, але так не называецца. Гэта нетарыфныя меры рэгуляваньня. Таму такая пагроза заўсёды існуе. Калі беларусы будуць ня вельмі настойлівыя, ён можа быць зноў уведзены.
Я адзначыў толькі два моманты. Іх, напэўна, значна больш. Адна праблема яўная і відавочная, якая ўплывае кожны дзень. Другая — гэта тое, што можа быць фармальна зроблена. Але нейкае выйсьце знойдзена, каб беларускія прадпрыемствы грошай сваіх не гублялі пры ўвозе сваёй прадукцыі на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.
Я ўжо не кажу пра тое, што, каб увезьці беларускую прадукцыю ў Расею, трэба аформіць вялізную гару папер, чаго расейскія прадпрыемствы ня робяць. Гэта сэртыфікаты паходжаньня тавару, экалягічнай бясьпекі ды іншыя. На мяжы іх даводзіцца выкладваць перад мытнікамі, тыя ўсё гэта правяраюць, і толькі тады прадукцыю можна прадаваць у Расеі. А расейскім прадпрыемствам значна лягчэй: у іх ніхто не пытаецца, ці адпавядаюць тавары нейкім нормам. Хоць фармальна ўсё прынята, заканадаўства ўніфікавана і ўсё павінна адпавядаць адзіным нормам».
Ключавыя пытаньні Трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі — роўныя правы грамадзян абедзьвюх дзяржаў і моладзевая палітыка. Што да роўных правоў грамадзян, тут таксама на паперы выглядае ўсё нармальна. Але па водгуках беларусаў, якія бываюць у Расеі, яны пастаянна сутыкаюцца на побытавым узроўні з пэўнымі праблемамі. Некаторым давялося доўга тлумачыць лекарам маскоўскай хуткай дапамогі, што беларусаў тыя павінны абслугоўваць нароўні з расейцамі. Калі грамадзяне Беларусі абменьваюць валюту, касіры, акрамя пашпарта, патрабуюць паказаць міграцыйную карту, якая беларусам не патрэбная. Для беларускіх пэнсіянэраў няма ільгот, якія ёсьць у расейцаў, пры наведваньні музэяў. За праезд у гарадзкім транспарце яны павінны плаціць, хоць маскоўскія пэнсіянэры езьдзяць бясплатна.