Нейкага прарыву не адбылося ні па адным з пытаньняў, якія абмяркоўваліся. Прэсавы сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Дарка Аліфэр пакінула ў Фэйсбуку досыць пэсымістычны камэнтар з гэтай нагоды, у прыватнасьці таму, што працягваюцца абстрэлы на Данбасе, што прарасейскія баевікі з групоўкі «ЛНР» блякуюць працу новага пункта пропуску ў Залатым Луганскай вобласьці.
Незадаволеным быў і прадстаўнік АБСЭ на перамовах пасол Марцін Сайдзік. Ён заявіў:
«На жаль, са студзеня гэтага году пачаўся істотны рост колькасьці парушэньняў рэжыму спыненьня агню, асабліва ў раёне Аўдзееўкі, Ясінаватай у Данецкай вобласьці. Каб прадухіліць далейшую эскаляцыю і паменшыць гвалт, я заклікаю ўсе бакі прадэманстраваць стрыманасьць і выконваць пагадненьне аб спыненьні агню».
Надзеі ўкраінскай дэлегацыі на прагрэс у праблеме вызваленьня палонных і закладнікаў ня спраўдзіліся.
Украінскі бок лічыць гэтае пытаньне прынцыповым і адчувальным для сябе, ён зноў выступіў са зваротам, каб Расея і прадстаўнікі АРДЛА (асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей) вызвалілі палонных, у тым ліку Надзею Саўчанку.
На перамовах у Менску і перад імі абмяркоўвалі прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі аб узброенай паліцэйскай місіі АБСЭ, якая магла б гарантаваць бясьпеку на Данбасе пры гіпатэтычных выбарах у будучыні.
У сувязі з гэтай прапановай Парашэнкі, у аўторак з сумеснай заявай выступілі прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» на перамовах у Менску Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнэга.
Паводле іх слоў, «стварэньне ўзброенай міжнароднай паліцыі дзеля бясьпекі выбараў не прадугледжана менскімі пагадненьнямі і непасрэдна ім супярэчыць».
Падобную місію яны называюць не інакш як «інтэрвэнцыяй, якая прывядзе да маштабных баявых сутыкненьняў і сапраўднай вайны, у якую будуць непасрэдна ўцягнутыя краіны Захаду».
На пасяджэньні ў сераду ў Менску іх цалкам падтрымаў прадстаўнік Расеі Барыс Грызлоў.
Амбасадар Марцін Сайдзік, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, паведаміў, што гэтая прапанова Парашэнкі сапраўды абмяркоўвалася ў Менску.
«Але я павінен сказаць, што да гэтага часу сакратарыят і нямецкае старшынства АБСЭ не далі свае прапановы па гэтым пытаньні, таму прашу мяне зразумець, што я не магу гэта камэнтаваць», — адзначыў ён.
Наступнае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы адбудзецца 20 красавіка.