Міністар абароны ЗША Эштан Картэр заявіў, што адзін з галоўных камадзіраў, другі па рангу кіраўнік экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» Адбул Рахман Мустафа аль-Кадулі (мянушка Хаджы імам) быў забіты ў Іраку.
Паводле словаў кіраўніка Пэнтагону, ліквідаваны Адбул Рахман Мустафа аль-Кадулі, якога звалі «міністрам фінансаў» групоўкі, быў «вядомым тэрарыстам», які ўдзельнічаў у нападах на тэрыторыі Іраку і Сырыі. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў, у прыватнасьці, калі і дзе быў зьдзейсьнены ўдар, Картэр не прадставіў.
Міністар абароны ЗША таксама паведаміў пра тое, што на гэтым тыдні амэрыканскія вайскоўцы зьнішчылі Абу Сара, аднаго з галоўных правадыроў групоўкі «Ісламская дзяржава», які фінансаваў тэрарыстаў у Іраку.
Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава», якая ў многіх краінах прызнана тэрарыстычнай, з 2014 году кантралюе значныя тэрыторыі ў Іраку і Сырыі і называе іх сваім «халіфатам». Акрамя таго, групоўка спрабуе распаўсюдзіць дзейнасьць і на іншыя дзяржавы, у прыватнасьці, на Лібію, дзе кантралюе невялікую тэрыторыю на паўночным узьбярэжжы, або Аўганістан. Супраць «Ісламскай дзяржавы» вядзе барацьбу, акрамя ўзброеных сіл Іраку і Сырыі, таксама міжнародная кааліцыя з больш чым 60 краінаў пад кіраўніцтвам ЗША, ажыцьцяўляючы супраць ісламістаў паветраныя ўдары, у першую чаргу ў Іраку і Сырыі.