Ахвярамі выбуху на пешаходнай вуліцы Істыкляль ў цэнтры Стамбулу сталі чатыры чалавекі. Раненьні атрымалі 39 чалавек
Сярод параненых, паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя і МУС Турцыі, 24 замежнікі: 11 ізраільцян, а таксама грамадзяне Ірану, Ірляндыі, ААЭ і Нямеччыны.
Улады Турцыі апазналі тэрарыста-сьмяротніка. Ім аказаўся падазраваны ў сувязях з групоўкай «Ісламская дзяржава» Мэхмэт Азцюрк, перадае агенцтва Anadolu.
Азцюрка, 1992 года нараджэньня, апазналі праз ДНК-тэст, параўнаўшы ўзоры зь месца тэракту з дадзенымі ДНК, узятымі ў ягоных сваякоў, перадае «Інтэрфакс». Брата Азцюрка затрымалі ў рамках расьсьледаваньня тэракту.
Паводле бацькі Мэхмэта, будучы сьмяротнік прасякнуўся ідэалёгіяй «Ісламскай дзяржавы», у 2013 годзе зьнікаў і доўгі час адсутнічаў, а апошні раз зьяўляўся тры месяцы таму.
Усяго паводле падазрэньня ў дачыненьні да тэракту затрыманыя пяць чалавек, паведаміў у нядзелю кіраўнік МУС Турцыі. Ён паведаміў, што ў шэрагу рэгіёнаў краіны меры бясьпекі ўзмоцнены, і заклікаў актывізаваць міжнароднае ўзаемадзеяньне, перадае Reuters.
Ахвярамі выбуху, учыненага тэрарыстам напярэдадні на пешаходнай вуліцы Істыкляль ў цэнтры Стамбулу, сталі чатыры чалавекі. Раненьні атрымалі 39 чалавек. Загінулі трое грамадзянаў Ізраілю, а таксама грамадзянін Ірану. У дваіх ізраільцян таксама было грамадзянства ЗША.