Міністэрства спорту Расеі рэкамэндавала кіраўнікам спартовых фэдэрацыяў перагледзець пляны правядзеньня трэніровачных збораў на тэрыторыі Турэччыны.
Адпаведнае распараджэньне падпісана намесьнікам міністра Паўлам Калабковым.
«У сувязі з заявай кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова ад 24 лістапада 2015 году, а таксама афіцыйнай пазыцыяй Фэдэральнага агенцтва турызму аб наяўнасьці пагрозы тэрарызму ў Турэцкай Рэспубліцы і абставінах, якія сур’ёзна ўскладняюць захады на абарону расейскіх грамадзян, Мінспорту Расеі рэкамэндуе перагледзець пляны арганізацыі трэніровачных мерапрыемстваў на тэрыторыі Турэччыны і перанесьці раней заплянаваныя», — гаворыцца ў распараджэньні ведамства.
Раней Фэдэральнае агенцтва турызму забараніла расейскім грамадзянам адпачываць на курортах Турэччыны — да пачатку сьнежня ўсе турысты павінны быць вывезеныя на радзіму. Такіх, паводле афіцыйных дадзеных, больш за 10 тысяч.
Апроч таго, «Рассельгаснагляд» абмежаваў пастаўкі на расейскі рынак цэлага шэрагу прадуктаў харчаваньня і прадукцыі лёгкай прамысловасьці з-за іх «нізкай якасьці».
Контразахады ўжытыя на знак пратэсту супраць зьбітага ваенна-паветранымі сіламі Турэччыны расейскага самалёта-зьнішчальніка, які ўдзельнічаў у контратэрарыстычнай апэрацыі ў суседняй Сырыі. Турэцкія ваенныя запэўніваюць, што неаднаразова папярэджвалі экіпаж пра недапушчальнасьць парушэньня сваёй дзяржаўнай мяжы, аднак іх заклікі былі праігнараваныя.