На сустрэчы з ўрадам Эрдаган заявіў, што Турэччына прымае ўсе неабходныя меры для таго, каб спыніць кантрабанду энэргарэсурсаў ўздоўж сваёй мяжы. «Усе, хто кажуць, што мы купляем нафту ў "Ісламскай дзяржавы", абавязаны гэта даказаць. У адваротным выпадку, яны — паклёпнікі», - сказаў Эрдаган.
Расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў раней заяўляў, што Турэччына, чые ВПС зьбілі 24 лістапада расейскі бамбавік, «прадэманстравала сваімі дзеяньнямі па сутнасьці абарону баевікоў Ісламскай дзяржавы». «Гэта нядзіўна з улікам зьвестак аб прамой фінансавай зацікаўленасьці некаторых службовых асобаў Турэччыны» — сказаў Мядзьведзеў.
Сёньня на пасяджэньні ўраду Мядзведзеў назваў зьнішчэньне расейскага Су-24 «актам агрэсіі» з боку Турэччыны супраць Расеі. Расейскі прэм’ер даручыў шэрагу ведамстваў, сярод якіх міністэрства транспарту, сельскай гаспадаркі, міністэрства культуры, мытная служба, падрыхтаваць пакет абмежавальных мер у дачыненьні да Анкары.
Некаторыя меры такога кшталту ўжо дзейнічаюць. Адзіная аўтатраса, якая злучае Грузію з Расеяй, амаль цалкам заблякаваная з-за таго, што расейскія памежнікі адмаўляюцца прапускаць вялікагрузныя фуры з Турэччыны.
У нэўтральнай зоне паміж грузінскім і расейскім прапускнымі пунктамі стаяць сотні грузавікоў з турэцкімі нумарамі. Расейскія памежнікі тлумачаць тое, што адбываецца, «дадатковымі мерамі па дагляду грузаў з Турэччыны». Аднак самі турэцкія кіроўцы абвяргаюць гэта, паводле іх ім проста загадваюць павярнуць назад без тлумачэньня прычын і праверкі дакумэнтаў.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, выступаючы ў чацьвер у Маскве на цырымоніі з удзелам замежных паслоў, заявіў, што Турэччына дагэтуль не прынесла прабачэньняў за зьбіты бамбавік і не прапанавала пакрыць шкоду. Пуцін падкрэсьліў, што Масква лічыць «абсалютна невытлумачальнымі здрадлівыя ўдары ў сьпіну» ад тых, у кім бачыла партнэраў у барацьбе з тэрарызмам.
Турэччына настойвае, што бамбавік быў зьбіты пасьля таго, як парушыў паветраную прастору краіны і не адрэагаваў на неаднаразовыя папярэджаньні. Эрдаган назваў дзеяньні турэцкіх вайскоўцаў «аўтаматычнай рэакцыяй» — у адпаведнасьці з наяўнымі ў іх інструкцыямі.