«Грошай для падтрыманьня курсу рубля ва ўладаў няма»

Як паўплывае на беларускі рубель дэвальвацыя расейскай і казахстанскай валюты? Ці сапраўды беларускія ўлады ня маюць ніякіх эканамічных рычагоў для падтрыманьня курсу рубля? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Барыс Жаліба і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Цыганкоў: Беларускія партнэры па Эўразійскім эканамічным саюзе ў гэтыя дні сутыкнуліся з рэзкім падзеньнем курсу сваіх нацыянальных валютаў. Наколькі гэтыя працэсы ўплываюць на Беларусь?

Жаліба: Расейскую і казахстанскую эканомікі можна назваць сыравіннымі, у нас эканоміка іншая. Таму на курс іхніх валютаў найбольш цяпер уплываюць вонкавыя чыньнікі — амаль рэкорднае падзеньне цэнаў на нафту, а таксама ўзьдзеяньне заходніх санкцыяў на Расею, якое абмяжоўвае магчымасьць расейскіх банкаў атрымаць крэдыты на Захадзе.

Наступае такі момант, які можна назваць «парад дэвальвацыяў», нават і ўкраінская грыўна тут не выключэньне. Трэба пільна сачыць за курсам расейскага рубля, бо мінулы раз у сьнежні, падзеньня расейскага рубля закончылася і дэвальвацыяй у нас.

Цыганкоў: У Беларусі дэвальвацыі раней бывалі і ў той мамант, калі расейскі рубель стаяў, то бок, без залежнасьці ад валюты ўсходняга суседа. Ці можна цяпер аўтаматычна пераносіць расейскія рэаліі на беларускую валюту?

Іосуб: Безумоўна, можна. Дарэчы, калі казаць пра нафтавы характар эканомік гэтых краінаў, то парадокс у тым, што Беларусь, не здабываючы нафты, мае вялізную залежнасьць ад нафтавага рынку. Па-першае, Беларусь актыўна экспартуе прадукты нафтаперапрацоўкі. А эканоміка гэтай галіны такая, што чым вышэйшыя цэны на нафту, тым большая маржа ў нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, і наадварот. Па-другое, беларускі бюджэт моцна разьлічваў на мыты ад экспарту нафтапрадуктаў, якія з гэтага году цалкам ідуць ў бюджэт — і з-за падзеньня цэнаў на нафту мы недалічыліся гэтых мытаў. Па-трэцяе, Расея — асноўны рынак збыту для беларускай прадукцыі, таму падзеньне цэнаў на нафту, падзеньне расейскага рубля і эканомікі ў цэлым адразу б’е па беларускім экспарце.

Цыганкоў: Але, можа, у падзеньні цэнаў на нафту для Беларусі ёсьць і плюсы? Па-першае, цана на газ паменшылася. Па-другое, паліва ў Беларусі вось ужо даволі доўгі час не даражэе, у тым ліку з-за гэтага інфляцыя ня вельмі высокая.

Іосуб: Цэны на газ былі вядомыя яшчэ ў канцы мінулага году — кантракт быў заключаны тады. І для спажыўцоў газу (і для насельніцтва, і для прадпрыемстваў) газ ня стаў менш каштаваць, проста павялічыліся даходы тых, хто гэты газ пастаўляе. Зьніжэньне сусьветных цэнаў на нафту не прыводзіць да таго, што ў Беларусі нафта робіцца таньней, бо Беларусь купляе яе па фіксаваных кантрактах. Калі год-два таму для нас цана на нафту была ў два-тры разы таньней за сусьветную, то цяпер мы закупляем яе па сусьветнай цане. Так што, страты ад падзеньня цэнаў на нафту, якія я раней пералічыў, значна пераважаюць нейкія плюсы.

Калі ж вяртацца да тэмы залежнасьці беларускага рубля ад расейскага, то ва ўмовах амаль плаваючага курсу гэтая залежнасьць амаль аўтаматычная. І калі да сьнежня мы маглі сабе дазволіць моцнае падзеньня расейскага рубля да беларускага, то ў новым рэжыме курсаўтварэньня, як толькі даляр расьце да расейскага рубля, ён адразу расьце да беларускага.

Цыганкоў: За апошнія паўгода беларусы прызвычаіліся да ў цэлым стабільнага курсу нацыянальнай валюты, 14-15 тысяч. Але апошнія тыдні курс вырас даволі хутка да 16,5 тысяч. Ці варта гэта ўспрымаць як нейкі эпізод, ці ўжо ёсьць падставы для пэўных панічных настрояў?

Жаліба: Як кажа статыстыка, рост рублёвых укладаў зьмяніўся зьніжэньнем, а валютныя ўклады растуць. То бок, у насельніцтва ёсьць тэндэнцыя пераводу рублёвых укладаў у валютныя, усё больш людзей жадаюць набыць валюту. Такі ціск на валютны рынак можа паскорыць дэвальвацыю рубля. Працэс узмацняецца тым, што Нацбанк настойліва рэкамэндуе камэрцыйным банкам зьніжаць працэнты па рублёвых дэпазытах, каб зьнізіць крэдытныя працэнты для прамысловасьці. Таму, сапраўды, ёсьць небясьпека, што гэты працэс стане некіраваным, і гэта можа спустошыць беларускую банкаўскую сыстэму.

Цыганкоў: Але няўжо ва ўладаў няма ніякіх рычагоў, каб уплываць на курс, які фарміруецца на біржы? Чаму зараз курс даволі актыўна зьніжаецца? Ці ўлады наўмысна гэта дапускаюць ці проста нічога ня могуць зрабіць?

Іосуб: Я вазьмуся сьцьвярджаць, што рычагоў кіраваньня курсам у нашых фінансавых уладаў няма. Рычаг такі можа быць толькі адзін — замежныя валюты, золатавалютныя рэзэрвы. Іх можна прадаваць, тым самым стрымліваючы падзеньня рубля. Зараз ЗВР складаюць каля 4.5 мільярдаў даляраў. Але да канца году нам трэба вярнуць даўгі каля 2 мільярдаў, атрыманьне новых крэдытаў пакуль пад пытаньнем — таму грошай для падтрыманьня курсу рубля ва ўладаў няма. Нядаўна нават расейскія ўлады прызналіся, што ў іх няма рэсурсаў для штучнага падтрыманьня свайго рубля. Хаця іхнія ЗВР складаюць каля 360 мільярдаў даляраў.

Цыганкоў: Але ўлады могуць падняць працэнтную стаўку. Калі б улады хацелі спыніць падзеньне курсу, яны маглі б падняць стаўку рэфінансаваньня. Менавіта так Расея спыніла падзеньне свайго рубля ў канцы мінулага году.

Іосуб: Так, гэта якраз ці не адзіны дапушчальны і прымальны інструмэнт. І тут я пагаджуся, што адміністратыўнае зьніжэньня ставак па дэпазытах да 25 працэнтаў было занадта хуткім, і цяпер мы адчуваем плён гэтага. Ва ўмовах, калі заробкі амаль не растуць, калі лішнія крэдыты ў эканоміку не ўкідваюцца — насельніцтва асабліва ня можа купляць валюту. Асноўны ўціск на курс у такой сытуацыі — гэта рублёвыя дэпазыты, якія людзі здымаюць і пераводзяць у валюту.