Лукашэнка пра дармаедаў і ўладальнікаў «Lexus»

  • БелаПАН

Аляксандр Лукашэнка абяцае пры неабходнасьці выправіць да канца году сытуацыю з дэкрэтам аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка.

«Да канца года мы будзем манітараваць сытуацыю, каб ніхто незаслужана не пацярпеў. Памыліліся — выправім, але трэба, каб ён папрацаваў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Паводле кіраўніка дзяржавы, цяпер старанна адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў СМІ, дзе «выказваецца некаторая занепакоенасьць» з нагоды дэкрэта № 3.

«Да канца года мы будзем маніторыць сытуацыю, каб, сапраўды, крый Божа, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, так званага дармаедзтва», — сказаў ён.

«Таму ня трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумэнт, гэта ня значыць, што я падпісаў яго напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім разе. Я проста хачу дзейнічаць як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што ці мне, ці камусьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў трэба ж працаваць. І папулізм тут ні пры чым. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прапаноўваючы гэты дэкрэт грамадзтву, ён зыходзіў з настрояў тых, хто працуе. «Я не кажу, што ён ідэальны. Вы прабачце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Памыліліся — выправім, але трэба даць магчымасьць, каб гэты дакумэнт папрацаваў. А затым дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэньня і выправім. Да канца года сытуацыю выправім».

Паводле яго, усім, хто хоча зарабіць, будзе дадзена такая магчымасьць. «Ня хочаш працаваць — заплаці сярэдні падатак», — сказаў Лукашэнка. Паводле інфармацыі кіраўніка дзяржавы, у Менску налічваецца 8,5 тыс. вакансій, а беспрацоўнымі лічацца 4,5 тыс. «Дык гэта мы яшчэ паўкроку зрабілі, а сапраўдны дармаед павінен думаць пра тое, што заўтра мы зробім другі крок, каб прымусіць яго працаваць», — падкрэсьліў ён.

Лукашэнка ўпэўнены: тыя, хто сёньня працуе і хоча працаваць, цалкам падтрымліваюць прыняты дэкрэт. «Таму што, напэўна, ня вельмі, калі ты працуеш з раніцы да вечара і глядзіш, каб сям’ю накарміць, апрануць і гэтак далей, а некаторыя, наогул не напружваючыся, на „Лексусах“, „БМВ“, „Мерсэдэсах“ разьяжджаюць, не выплачваючы нават капейкі падаткаў у дзяржаўную казну. У паліклініку, школу, дзіцячы сад, яшчэ кудысьці — яны першымі. Дык там таксама грошы, гэта ж пабудавана за грошы людзей. Таму ўсе павінны несьці адпаведную нагрузку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ня трэба баяцца, што пад дзеяньне дэкрэта «агулам трапяць і неабароненыя слаі грамадзтва». Тыя, хто трапіў у складаную сытуацыю, у прыватнасьці людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, інваліды, маюць пэўныя льготы і на іх распаўсюджваецца адпаведнае заканадаўства. «Тыя, хто працуе і дзетак гадуюць да сямі гадоў, — чаго перажываць? Ты ніякі не дармаед, гадуй сваіх дзяцей», — сказаў Лукашэнка.

Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленьне ў беларускім грамадзтве і вострую крытыку з боку незалежных экспэртаў. Яны ўказваюць, што «дэкрэт аб дармаедах — клясічны прыклад выкарыстаньня прымусовай працы». Пры гэтым выдаткі выкананьня дэкрэта будуць велізарнымі — выдаткі на працу чыноўнікаў, міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збору. Палажэньні дэкрэта таксама могуць прымяняцца ў дачыненьні да актыўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, і гэта яшчэ адзін элемэнт узьдзеяньня на тых, хто ня згодны з уладай.

Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што «няма ні прававога, ні сацыяльнага абгрунтаваньня прыняцьця дэкрэта». «Думаю, Лукашэнка таксама бачыць абурэньне, выкліканае яго прыняцьцем. Калі ён убачыць, што гэтае абурэньне закранае інтарэсы яго ўлады, ён можа выказаць і сваё абурэньне дзеяньнямі чыноўнікаў», — сказаў Раманчук 17 красавіка.

Нагадаем, дэкрэт быў падпісаны 2 красавіка «ў мэтах стымуляваньня працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасьці і забесьпячэньня выкананьня імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў».

Згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы, і асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржрасходаў ці ўдзельнічаюць у такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні ў годзе, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічынь (сёньня гэта 3 млн. 600 тыс. рублёў).

Паводле ацэнак экспэртаў, сёньня налічваецца прыблізна 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесьці да «сацыяльных утрыманцаў».