Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест таго, каб змагацца зь беспрацоўем, вышукваюць «дармаедаў»


Прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 аб дармаедах выклікаў шырокі розгалас у грамадзтве. Абмяркоўваюць яго і жыхары малых гарадоў ды мястэчак на Гарадзеншчыне, многія зь якіх ня маюць працы і падпадаюць пад штрафы. Адны абураныя дэкрэтам, бо немагчыма знайсьці працу, іншыя моцна напалохаліся, а ў Слоніме ўзяліся зьбіраць подпісы за тое, каб дэкрэт адмянілі.

Нават паводле афіцыйнай інфармацыі, на рынку працы Гарадзенскай вобласьці адбываюцца значныя зьмены: беспрацоўных становіцца болей, а колькасьць вакансіяў зьмяншаецца. За мінулы год колькасьць працоўных месцаў, якія прапаноўваліся ў службах занятасьці, зьнізілася амаль на чвэрць, а колькасьць беспрацоўных вырасла на 17%. І такая тэндэнцыя цяпер у вобласьці ўзмацняецца.

Зноў жа, паводле афіцыйных дадзеных, напрыканцы студзеня сёлета колькасьць беспрацоўных у прамысловасьці склала 3,8 тысячы чалавек, а ўжо ў сакавіку яна сягнула 4220 беспрацоўных — і гэта ў той час, калі цэнтры занятасьці прапаноўваюць усяго 3014 вакансіяў. У Горадні, да прыкладу, на адно працоўнае месца прэтэндуюць 3 чалавекі, а ў Слоніме — 3,5.

І вось у такой сытуацыі прэзыдэнт прымае дэкрэт аб дармаедах. Актывісты дэмакратычных арганізацыяў на просьбу многіх жыхароў Слоніма, абураных дэкрэтам, пачалі збор подпісаў за тое, каб дзейнасьць дэкрэту № 3 спынілі. Расказвае слонімскі актывіст Іван Бедка:

Іван Бедка
Іван Бедка

«Слонім — горад невялікі, працоўных месцаў няшмат. Прадпрыемствы зачыняюцца, скарачаюцца працоўныя месцы, і ўладкавацца на працу няма дзе. А яны тым часам прымаюць дэкрэт аб дармаедах. Дык вы спачатку стварыце працоўныя месцы, дайце людзям зарабіць добрыя зарплаты, а потым прыцягвайце да адказнасьці тых, хто ня хоча працаваць».

Бедка распавядае на канкрэтных прыкладах, што людзям пачалі адмаўляць у рэгістрацыі беспрацоўнымі, у прыватнасьці, тым, хто вярнуўся з заробкаў у Расеі — маўляў, вы нідзе даўно ў нас не працавалі, і таму на ўлік ня ставім. Паводле Бедкі, шмат хто абураецца.

У невялікім гарадку Бярозаўка Лідзкага раёну, паводле майго суразмоўцы спадара Сяргея, асноўнае прадпрыемства — шклозавод. Але і там апошнія гады цяжка з працаўладкаваньнем, і заробкі таксама невысокія. Паводле Сяргея, многія людзі перакананыя, што дэкрэт скіраваны насамрэч не на сапраўдных дармаедаў, якія сядзяць побач з крамамі і якіх наўрад ці ўдасца выправіць, а на тых, хто па віне дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застаўся бяз працы:

«Нармальны чалавек, якому рэальна цяжка знайсьці працу, якому за 50 гадоў, — у нас, да прыкладу, на заводзе ўсё робяць, каб толькі яго выгнаць з працы. І куды ім падацца? Людзі езьдзяць у Ліду, Горадню, Менск, на Расею. З Расеі вяртаюцца, бо там няма заробку. Зь Менску таксама вяртаюцца, бо там гэты рынак перанасычаны. У людзей ужо ня проста разгубленасьць — яны адчуваюць сябе ў тупіку».

Падобная сытуацыя і ў невялікіх Мастах, дзе людзям таксама даволі складана знайсьці працоўнае месца. Мясцовы жыхар спадар Станіслаў кажа, што асабліва турбуюцца беспрацоўныя, хто ўжо ў перадпэнсійным веку:

Жанчын пасьля 40 гадоў паўсюль адмаўляюцца браць на працу

«Ну вось, да прыкладу, знаёмы муляр. Яму нельга працаваць на вышыні, бо падымаецца ціск. І афіцыйна ён нікуды ня можа ўладкавацца, бо не дае рады прайсьці мэдагляд. Ну і кажа — маўляў, хай запісваюць мяне дармаедам, але потым я пайду асабіста да старшыні райвыканкаму, каб ён уладкаваў мяне на працу. Па-другое, жанчын пасьля 40 гадоў паўсюль адмаўляюцца браць на працу. Насамрэч у такім рэгіёне, як наш, гэтая праблема закране многіх, і пакуль людзі ня бачаць выйсьця».

У невялічкім раённым цэнтры Вялікая Бераставіца, паводле майго суразмоўцы спадара Алега, таксама шмат людзей, якія афіцыйна нідзе не ўладкаваныя. Традыцыйна тут імкнуліся жыць з таго, што наладжвалі свой невялічкі бізнэс на паездках у Польшчу. Але цяпер на мяжы пуста, езьдзіць стала папросту нявыгадна, і людзі таксама ў пошуку працы. Указ № 3 шмат каго абурае і тут:

«Куды чалавеку пайсьці працаваць? Паўсюль скарачэньні, бюджэт урэзваецца. Карацей, яны прыдумалі так, каб зрабіць краіну нейкім лягерам: ідзі працуй за грашы і дзе хочаш здабывай сабе сродкі — гэта твая справа. Такое абыякавае стаўленьне да чалавека. А дзе абяцаная эканоміка і заробкі? Я нават не хачу слухаць пра крызіс у Расеі, бо якая мне розьніца? Вы дарваліся да ўлады, а дзе ваша карысная праца для Беларусі?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG