Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 тысячы чалавек выказалася супраць «дэкрэту аб дармаедах»


Пратэсты супраць дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» праходзяць у форме зваротаў і збору подпісаў.

Дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт пра дармаедаў») моцна абурае грамадзян і можа выклікаць актыўныя пратэсты.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў жыхар Гомеля Віталь Юрчанка, ініцыятар збору подпісаў за адмену «дэкрэту пра дармаедаў».

Подпісы ў байнэце зьбіраюць праз плятформу change.org. За 10 дзён ужо сабрана амаль 23 тысячы подпісаў. У пэтыцыі адзначаецца, што дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» парушае Канстытуцыю Беларусі, а таксама міжнародныя канвэнцыі супраць прымусовай працы.

Віталь Юрчанка
Віталь Юрчанка

Віталь Юрчанка яшчэ нядаўна быў прадпрымальнікам, але мусіў ліквідаваць свой бізнэс, і цяпер ён адзін з тых, каго дзяржава лічыць «дармаедам».

«Як і многія беларусы, я застаўся бяз працы. На сёньняшні дзень магчымасьць трапіць на працу адсутнічае, паўсюль ідуць моцныя скарачэньні», — кажа ён.

Ідэя пачаць зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту зьявілася ў Віталя, калі ён упершыню даведаўся аб прэзыдэнцкім дэкрэце ў інтэрнэце: ён падумаў, што лепш хоць штосьці зрабіць, чым проста абменьвацца абуранымі камэнтарамі на форумах.

Юрчанка ня ўпэўнены, што дачакаецца нейкай рэакцыі з боку дзяржавы, але спадзяецца, што прэзыдэнт пачуе беларусаў.

Сам Аляксандар Лукашэнка раней тлумачыў неабходнасьць гэтага дэкрэту, сярод іншага, патрабаваньнямі працоўных: маўляў, тыя пытаюцца, чаму яны працуюць дзень і ноч, а хтосьці побач зь імі нічога ня робіць?

Але Віталь Юрчанка асабіста ніколі не сутыкаўся з такім настроямі:

«Я ня ведаю, з кім мае зносіны прэзыдэнт, я ня ведаю, адкуль у яго такая інфармацыя. Што тычыцца маіх знаёмых — усё ў корані наадварот. Па Беларусі, кажуць, зарплата па 5–6 мільёнаў у сярэднім, а вось мая жонка зарабляе 3 мільёны. Нават калі мы займаліся бізнэсам, мы зараблялі прыкладна 500 даляраў».

Юрчанка кажа, што людзі па-рознаму рэагуюць на новы дэкрэт:

«Усе па-рознаму разважаюць. Хтосьці зьбіраецца зьехаць на сталае месца жыхарства зь Беларусі, хтосьці зьбіраецца зьехаць працаваць у Расею і не вяртацца, пакуль тут жыцьцё не наладзіцца. Але мне гэта не зразумела. Гэта ж усё ж такі наша краіна: давайце зьбярэмся разам і паспрабуем нешта зьмяніць! Які сэнс уцякаць? Ад праблем мы ўсё роўна не зьбяжым», — кажа ён.

Юрчанка лічыць, што людзі моцна абураныя прэзыдэнцкім дэкрэтам, гэта можа падштурхнуць іх нават да актыўных пратэстаў.

Навошта ўсё гэта робіцца, гамяльчук не разумее.

Усё гэта выглядае як правакацыя, каб настроіць грамадзян супраць сваёй жа краіны: падымайцеся, бярыце дубіны і ідзіце абурацца!

«Пазл у мяне ўсё роўна не складаецца. Хтосьці прынёс гэты дэкрэт прэзыдэнту на стол, хтосьці пераканаў... Усё гэта выглядае як правакацыя, каб настроіць грамадзян супраць сваёй жа краіны: падымайцеся, бярыце дубіны і ідзіце абурацца! Мне чамусьці здаецца, што гэта нейкая правакацыя, бо здаровага сэнсу, лёгікі я тут наагул ня бачу. Мы ж маем права працаваць або не працаваць. А тут нейкі 37-ы год: ідзіце працаваць, а ня хочаце — мы вас прымусім. Таму я думаю, што людзі ў любым выпадку будуць спрабаваць абурацца. І мне здаецца, што гэта правільна, бо мы павінны адстойваць свае інтарэсы», — кажа ён.

Але Юрчанка спадзяецца, што да выхаду на мітынгі пратэсту ўсё ж ня дойдзе:

«Я спадзяюся, мы ўсё ж такі зьбярэм нейкую колькасьць подпісаў, гэта дакумэнт трапіць прэзыдэнту на стол, ён яго вывучыць і адменіць гэты дэкрэт. І ўсё стане на свае месцы. Я спадзяюся, мы ня будзем думаць, як быць далей і куды ісьці. Пра выступы я і блізка разважаць не хачу, таму што гэта недарэчна — развальваць той спакой, які ёсьць сёньня ў Беларусі».

Збор подпісаў у інтэрнэце — гэта ўжо ня першая грамадзкая ініцыятыва, зьвязаная з «дэкрэтам пра дармаедаў».

Раней Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся да беларускіх заканадаўцаў з заклікам адмяніць дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». З пункту гледжаньня праваабаронцаў, дэкрэт парушае Канстытуцыю і міжнародныя дамовы краіны. Сярод парушэньняў — ня толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца аб састарэлых бацьках, сур’ёзныя абмежаваньні на абарону пэрсанальных дадзеных і прыватнага жыцьця і перавышэньне паўнамоцтваў з боку прэзыдэнта.

У сваю чаргу, прыхільнікі грамадзянскай ініцыятывы «Сацыяльны офіс» накіравалі на адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Берасьця ліст з заклікам ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд наконт «дэкрэту пра дармаедаў». З пункту гледжаньня актывістаў, дэкрэт супярэчыць артыкулу 41 (частка 4) Канстытуцыі Беларусі, якая дэкляруе, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы, якая вызначаецца выракам суду або ў адпаведнасьці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы».

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» 2 красавіка. Дакумэнт тычыцца тых, хто не працуе з 1 студзеня гэтага году.

Паводле дэкрэту грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, якія стала пражываюць у Беларусі, і асобы без грамадзянства, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, абавязаныя выплаціць збор у 20 базавых велічынь (адна базавая — 180 тысяч рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG