Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная Фэдэрацыя правоў чалавека патрабуе скасаваць «дэкрэт пра дармаедаў»


Алесь Бяляцкі зь мiнiстрам замежных спраў Тунiсу Тайэбам Бакушам i прэзыдэнтам FIDH Карымам Лахiджы.
Алесь Бяляцкі зь мiнiстрам замежных спраў Тунiсу Тайэбам Бакушам i прэзыдэнтам FIDH Карымам Лахiджы.

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», на думку праваабаронцаў, парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Пра гэта ідзе гаворка ў сумеснай заяве Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) і яе сяброўскай арганізацыі ў Беларусі — Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы лічаць, што дэкрэт наўпрост супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародным нормам права ў галіне правоў чалавека.

FIDH і «Вясна» адзначаюць, што ўлады Беларусі і раней актыўна практыкавалі прымусовую працу, што ня раз «зьяўлялася падставай для крытыкі з боку як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацыяў». Праваабаронцы, у прыватнасьці, узгадваюць дэкрэт ад 7 сьнежня 2012 году № 9 «Аб дадатковых мерах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці», які фактычна пазбаўляе работнікаў магчымасьці спыняць працоўныя адносіны з уласнай ініцыятывы.

«На жаль, урад Беларусі не прыслухаўся да рэкамэндацыяў Камітэту ААН. Дэкрэт № 3, які ўступіў у сілу, стварыў яшчэ большую рэпрэсіўную прававую базу для яшчэ шырэйшага выкарыстаньня практыкі прымусовай працы ў краіне», — падкрэсьліваецца ў заяве.

FIDH і «Вясна» патрабуюць адмяніць Дэкрэт № 3 і прывесьці беларускае заканадаўства ў сфэры працы ў строгую адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі правоў чалавека і рэкамэндацыямі Міжнароднай арганізацыі працы і Камітэту ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах такім чынам, «каб выключыць практыку выкарыстаньня прымусовай працы ва ўсіх яе формах і праявах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG