Рашэньне пакінуць краіну прынятае па рэкамэндацыі спэцслужбаў, паведамляе газэта «Коммерсант».
У пятніцу 13 сакавіка на вячэры ў сувязі з выхадам першага нумара часопіса пад яе кіраўніцтвам Сабчак распавяла, што на некаторы час вымушаная зьехаць з краіны.
Пасьля забойства Барыса Нямцова ў СМІ зьявіліся зьвесткі пра існаваньне ў Расеі так званых расстрэльных сьпісаў, у якіх разам зь іншымі вядомымі палітыкамі і журналістамі фігуруе прозьвішча Сабчак. Пазьней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў назваў гэтую інфармацыю «абсурдам».
Сама Сабчак у дзень пахаваньня Нямцова заявіла пра пагрозы на свой адрас. Яна паведаміла, што на выхадзе з Сахараўскага цэнтру, дзе праходзіла цырымонія разьвітаньня зь Нямцовым, да яе і да галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава падышоў чалавек і сказаў: «Майце на ўвазе — вы наступная, Ксенія», — напісала Сабчак у сваім Twitter.
Падобныя пагрозы паступілі і журналісту Сяргею Пархоменку. Ён зьвярнуўся ў паліцыю. Была заведзеная крымінальная справа.
Барыс Нямцоў быў забіты позна ўвечары 27 лютага ў цэнтры Масквы. 8 сакавіка паводле падазрэньня ў дачыненьні да забойства палітыка былі арыштаваныя пяць чалавек. Раней паведамлялася, што Заур Дадаеў, які, паводле вэрсіі сьледзтва, страляў у Нямцова, прызнаўся ў злачынстве. Аднак пазьней ён заявіў праваабаронцам, што зрабіў гэта пад ціскам і катаваньнямі, у тым ліку токам. Усе падазраваныя ў датычнасьці да забойства Нямцова сваю віну адмаўляюць.