Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Нямцова. Ацэнкі вэрсіяў


Пахавальнае шэсьце памяці Барыса Бямцова
Пахавальнае шэсьце памяці Барыса Бямцова

Амэрыканскі экспэрт Робэрт Легволд перакананы: «Улічваючы расейскі кантэкст, можна сказаць: дзесьці плавае нашмат большая рыба».

Робэрт Легволд, прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэта (Robert Legvold, Columbia University) у інтэрвію карэспандэнту «Голаса Амэрыкі» ацаніў хаду расьсьледаваньня па справе аб забойстве Барыса Нямцова.

Пытаньне: Што вядома пра матывы забойства Нямцова?

Робэрт Легволд: Калі расейскае сьледзтва ўзяло верны сьлед — падкрэсьлю, што я не магу паручыцца, што гэта дакладны сьлед — ён можа весьці ў адным з двух кірункаў.

Першы магчымы напрамак заснаваны на найбольш прымітыўнай інтэрпрэтацыі падзеяў. Чачэнскі лідэр Кадыраў прызнаў, што ведаў некаторых з арыштаваных па справе аб забойстве, адзін зь якіх служыў пад яго кіраўніцтвам. Кадыраў заявіў, што адзін з арыштКрэаваных стаў ісламскім радыкалам і быў глыбока абражаны рэакцыяй на падзеі ў Парыжы, якая разгарнулася вакол часопіса «Шарлі Эбдо». Нямцоў крытычна адазваўся пра тых, хто атакаваў рэдакцыю часопіса, і быў вельмі нэгатыўна настроены ў дачыненьні да гвалту, які практыкуюць ісламісты. Мне здаецца, што гэтая вэрсія занадта надуманая, аднак магчымае тлумачэньне, згодна зь якім гэтыя людзі дзейнічалі на ўзор і падабенства тых, хто дзейнічаў у Парыжы.

Іншы — больш злавесны — напрамак можа прывесьці сьледзтва да самога Кадырава. Прычынай яго дзеяньняў можа быць яго салідарызацыя з Пуціным па ўкраінскім пытаньні, Майдане і гэтак далей. Кадыраў, відавочна, меў дачыненьне да ўдзелу маладых чачэнцаў у дэманстрацыях супраць крытыкаў вайны ва Ўкраіне, супраць прыхільнікаў Украіны і Майдана — у іх ліку гэтых крытыкаў быў і Нямцоў. Гэта значыць, можна меркаваць, што Кадыраў мог быць замяшаны ў забойстве Нямцова. Заўсёды існавалі сур’ёзныя падазрэньні, што ён меў дачыненьне да забойства Ганны Паліткоўскай, хоць ніякіх доказаў гэтаму выяўлена не было.

Калі выказаць здагадку, што ўсе гэтыя гіпотэзы маюць дачыненьне да рэальнасьці, то Кадыраў ідэальна прыстасаваны для таго, каб рабіць падобныя рэчы, прычым нават без прамой каманды з Крамля. Яму не абавязкова трэба на нешта намякаць, ён мог палічыць, што абавязаны зрабіць гэта.

...расьсьледаваньне падобных забойстваў ніколі не прыводзіла да выяўленьня замоўніка.

Што і як было на самай справе — я ня ведаю, аднак расьсьледаваньне падобных забойстваў ніколі не прыводзіла да выяўленьня замоўніка. Сьледзтва магло арыштаваць некалькі чалавек, якія націскалі на куркі, аднак ніхто дакладна ня ведаў — хто стаяў за імі. Падобная рызыка ёсьць і ў расьсьледаваньні справы Нямцова.

Нават калі гэта зрабіў Кадыраў — сам або паводле ўказаньня каго-небудзь з цэнтра, што магчыма — то малаверагодна, што сьледзтвам будзе ўсталяваная адпаведная сувязь. І я ня думаю, што сьледзтва ў гэтым зацікаўленае, я ня думаю, што Пуцін ці падначаленыя яму дзяржаўныя структуры зацікаўленыя ў тым, каб сесьці на хвост Кадыраву.

Пытаньне: Вы згадалі пра гісторыю нераскрытых забойстваў...

Р.Л.: Цалкам дакладна. За забойства Ганны Паліткоўскай былі асуджаныя выхадцы з Паўночнага Каўказа — нешта падобнае адбываецца цяпер з расьсьледаваньнем забойства Нямцова. Я магу прыняць тлумачэньне, што некаторыя чачэнцы або мусульмане вырашылі напасьці на Нямцова з-за таго, што былі радыкалізаваныя падзеямі ў Эўропе. Падобнае адбывалася ў Францыі і паўсюль. Аднак я падазраю, што ўлічваючы расейскі кантэкст, можна сказаць, што дзесьці плавае нашмат большая рыба.

Пытаньне: Некаторыя лідэры расейскай апазыцыі абвінавацілі ўлады ў датычнасьці да забойства Нямцова. Што вы пра гэта думаеце?

Р.Л.: Гэта магчыма, хоць і здаецца мне вельмі неразумным актам, прынятым з роспачы. Калі зьявіліся першыя паведамленьні аб забойстве, людзі зьвярнулі ўвагу, што ўсё адбылося побач з Крамлём, яны пачалі падазраваць, што Крэмль мае дачыненьне да забойства. Тым больш, што забойства адбылося напярэдадні вялікай дэманстрацыі пратэсту. І тут я ў мяне паўстае пытаньне пра матыў.

Нямцоў быў блізкі да ўладаў Украіны. Гэта страшна раздражняе людзей у Крамлі, яны вельмі трапятліва ставяцца да любых антываенных пратэстаў і да ўсяго, што можа быць зьвязана з урадам Парашэнка-Яцанюка і палітычным працэсам ва Ўкраіне. Менавіта таму яны так атакуюць «пятую калёну» і «здраднікаў» Расеі.

І ўлічваючы тое, што людзі ў Крамлі праяўляюць нэўратычную рэакцыю па гэтым пытаньні, у іх мог быць матыў, дастатковы для забойства.

Барыс Нямцоў — улічваючы тое, што Аляксей Навальны тады знаходзіўся пад хатнім арыштам — быў лідэрам пратэсту. І ўлічваючы тое, што людзі ў Крамлі праяўляюць нэўратычную рэакцыю па гэтым пытаньні, у іх мог быць матыў, дастатковы для забойства. Аднак, я паўтару, што для іх было б неразумна забіць гэтак вядомага чалавека, як Нямцоў — былога намесьніка кіраўніка ўрада, пад кіраўніцтвам якога калісьці быў Пуцін. Аднак, нягледзячы ні на што, гэта мог быць досыць магутны пабуджальны матыў.

Я дадам, што падобныя гісторыі заўсёды мутныя. І я ня маю ўяўленьня, хто аддаў загад аб забойстве Нямцова — калі, вядома, гэты загад быў — і ці глядзелі людзі пры ўладзе ў іншы бок, даючы магчымасьць забойцу зрабіць сваю справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG