Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго забілі». У Чачні ня вераць, што падазраваны ў забойстве Нямцова падарваўся на гранаце


Рамзан Кадыраў і Ўладзімір Пуцін (камбінаванае фота)
Рамзан Кадыраў і Ўладзімір Пуцін (камбінаванае фота)

Журналіст паўночна-каўкаскай службы Радыё Свабода Лёма Чабаеў лічыць, што падазраваныя ў забойстве расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова маглі выконваць заданьне прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава. Але гэта не было ўзгоднена з Пуціным.

Паводле афіцыйнай вэрсіі расейскіх сьледчых, выканаўцы забойства апазыцыянэра Барыса Нямцова знойдзеныя. Гэта асобы чачэнскай нацыянальнасьці, частка зь якіх жыла ў Інгушэціі, а частка ў Маскве. Адзін з абвінавачаных Заур Дадаеў прызнаўся ў зьдзяйсьненьні злачынства, аднак пазьней адмовіўся ад сваіх прызнаньняў і заявіў пра катаваньні. Пра жорсткае абыходжаньне кажуць і іншыя арыштаваныя.

З журналістам паўночна-каўкаскай службы Радыё Свабода Лёмам Чабаевым мы паразмаўлялі пра тое, ці вераць чачэнцы ў афіцыйную вэрсію сьледзтва, чаму ён лічыць, што Біслан Шамаеў насамрэч не падарваўся на гранаце і ці адбываецца штосьці ў Чачні бязь веданьня Рамзана Кадырава.

— Прайшло ўжо каля двух тыдняў пасьля забойства расейскага апазыцыянэра і палітыка Барыса Нямцова. Што зьмянілася за гэты час у Чачні, калі казаць пра меркаваньні чачэнцаў наконт фігурантаў справы аб забойстве Нямцова і афіцыйнай вэрсіі расейскага сьледзтва?

— Практычна ўсе падазраваныя — працаўнікі паліцыі, то бок кадыраўцы, зацятыя пуцінцы. Дадаеў і іншыя арыштаваныя былі звольненыя з працы ранейшай датай або перад тым, як іх адправілі на выкананьне заданьня. Нават калі гэта яны, то яны выконвалі заданьне ад Кадырава. Гэта без сумневаў, таму што рэспубліка сёньня настолькі пад каўпаком, што ўсе пікнуць нават баяцца. Што праўда, у аднаго фігуранта справы — Тамерлана Эскерханава ёсьць рэальнае алібі. За 5 хвілінаў да забойства Нямцова той знаходзіўся на службе — ахоўваў ВІП-пэрсону. То бок геаграфічна ён быў у 15-20 хвілінах хуткай язды машынай ад месца здарэньня. Цяпер пра тое, што Біслан Шаванаў узарваўся на гранаце. Расейскі бок сьцьвярджае, што ён падарваўся на гранаце. А ў Чачні кажуць: забіты. Кажуць, у чалавека кулявыя раненьні, а не асколачныя ад гранаты.

— Ці вераць у тое, што менавіта гэтыя людзей забілі Нямцова? Якое ў вас меркаваньне?

У мяне дваякае стаўленьне. З аднаго боку, Нямцоў быў ворагам не аднаго Кадырава. Ён быў такім жа ворагам і для Пуціна — пра яго казаў мацнейшыя рэчы, чым пра Кадырава. Я ня думаю, што гэта былі ўзгодненыя дзеяньні паміж Кадыравым і Пуціным. Проста майго «тату» абразілі, але я не пайду ў «таты» пытацца — я зь нейкіх сямейна-патрыятычных прынцыпаў пайду паб’ю таго, хто «тату» абразіў, а потым хай мяне пахваляць. Гэта можа быць так, калі гэты сьлед апынецца верным.

— Цяпер шмат кажуць, што чачэнцаў увесь час у чымсьці абвінавачваюць. Нібыта ў тэрактах, нападах, ва ўсіх іншых справах прасьцей за ўсё абвінаваціць чачэнца. Як у вас у рэспубліцы гэта ўспрымаюць?

— Адна вядомая чачэнская сьпявачка Хава Ахмадава сьпявае песьню: «Падзьмуў вецер у Японіі — вінаваты чачэнец. У Нігерыі ў шахце ўзарваўся шахцёр — вінаваты чачэнец. Ай, якія мы малайцы і як нас шмат аказваецца на сьвеце». Гэтак у нас успрымаюць арышты тых людзей у сувязі з забойствам Нямцова. Чачэнцы разводзяць рукамі: як адзін з найбліжэйшых нашых сяброў — адзіны ў сьвеце чалавек сабраў мільён подпісаў супраць вайны на нашай зямлі — і што, у чачэнцаў падымецца рука на яго? І нават калі гэтыя людзі ў чымсьці вінаватыя ці высьвятляцца, што яны вінаватыя, у Чачні не прынята іх называць чачэнцамі. Нас гэта абражае, калі іх называюць чачэнцамі. Гэта кадыраўцы — новая палітычная пракрамлёўская фармацыя.

— Чаму іх тады арыштавалі? Іх падставілі?

— Недамоўленасьць, няўзгодненасьць дзеяньняў паміж МУС, ГРУ, ФСБ. Нават ва Ўзброеных сілах Расеі розныя віды войскаў паміж сабой варагавалі. Вядомая маса выпадкаў, калі ў першую і другую вайну ў Чачні расейскія вайсковыя падразьдзяленьні ваявалі паміж сабой. Адна частка сілавых структур арганізоўвала, высылала іх, а іншая частка, зь якой, відаць, не дамовіліся, кінулася ў пошукі. Іх жа як лавілі — па ўсёй Маскве і далей па ўсёй Расеі. Частка заставалася ў Маскве, астатнія выправіліся назад у Чачню. Міністэрства ўнутраных справаў, ФСБ заявіла, што іх адсочвалі — калі яны вярталіся, іх тэлефонныя размовы і гэтак далей. Арыштоўвалі ў Грозным, Інгушэціі, бо там засталіся тэрыторыі, дзе большасьць насельніцтва — чачэнцы. Чаму іх «бралі» не мясцовыя праваахоўнікі? Магчыма, таму што розныя сілавыя структуры па-рознаму дзейнічаюць і выслужваюцца, бо адзінства там не было ніколі.

І яшчэ чыста псыхалягічна мне цікавая лёгіка таго чалавека, які нібыта падарваўся на гранаце. Ён, як і іншыя арыштанты, служыў у падразьдзяленьні «Север» — гэта адзін з батальёнаў ГРУ, які стварылі дзеля здушэньня ў Чачні ўсялякага іншадумства і які выконвае найважнейшыя заданьні Рамзана Кадырава. Батальёнам кіруе ягоны стрыечны брат Алімбек Дзелімханаў. У гэтым падразьдзяленьні служаць людзі, якія падчас Другой чачэнскай вайны змагаліся з іншадумствам — проста з дому вывозілі людзей у «фільтрацыйныя» лягеры, дзе іх мучылі, зьдзекаваліся зь іх. У Біслана Шаванава, як паведамляе «Мэмарыял», вывезьлі дваіх родных, а таксама стрыечных братоў. І вось празь нейкі час гэты ён ідзе служыць да тых, хто зьдзекаваўся зь ягоных сваякоў. Гэта ўвогуле цяжка сабе ўявіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG