Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі наперадзе — толькі змрок», — Гельман


Марат Гельман
Марат Гельман

У інтэрвію Свабодзе расейскі культурны дзяяч Марат Гельман разважае пра бязрадасныя пэрспэктывы Расеі пасьля забойства Барыса Нямцова і ўварваньня ва Ўкраіну.

Марат Гельман — расейскі галерыст, публіцыст, арт-мэнэджэр. З 2002 па 2004 год быў намесьнікам дырэктара Першага канала, адзін з заснавальнікаў «Фонду эфэктыўнай палітыкі», сябра Грамадзкай палаты скліканьня 2010-2012 гадоў. Аўтар і куратар шматлікіх мастацкіх праектаў. З 2009 году ўзначальваў Пермскі музэй сучаснага мастацтва, адкуль быў звольнены ў 2013 годзе па цэнзурных меркаваньнях — пасьля правядзеньня пэрсанальнай выставы краснаярскага мастака Васіля Слонава «Welcome! Sochi 2014 ». У 2014 годзе пераехаў у Чарнагорыю.

Марат Гельман выказаў здагадку, што чуткі пра хваробу Пуціна распаўсюджвае яго атачэньне:

— Я памятаю 90-я гады, калі хваробы Ельцына, якія пэрыядычна паўтараліся, былі такой простай тэхналёгіяй: калі адбываецца нешта сумнае, няправільнае, трэба проста адцягнуць увагу. Гэта першая думка, якая мне прыйшла ў галаву; па вялікім рахунку, хвароба Пуціна не гуляе ніякай ролі ў тым, што адбываецца. То бок, у яго ж не хвароба мозгу, калі раптам узяў і нечакана чалавек стаў па-іншаму думаць. Мне здаецца, гэта проста спосаб паінтрыгаваць нашу публіку, адцягнуць яе ўвагу ад рэальных праблемаў, якія ў нас ужо ёсьць і якія нас чакаюць.

Гэта проста спосаб паінтрыгаваць нашу публіку, адцягнуць яе ўвагу ад рэальных праблемаў

— Ад якіх менавіта праблемаў хочуць зараз адцягнуць нашу ўвагу?

— Тут можа быць шмат розных вэрсіяў, і адна зь іх — зараз заканчваецца першы квартал, пасьля якога будзе адбывацца сэквэстар бюджэту. Эканамічная сытуацыя да канца сакавіка ішла па інэрцыі, але па-сапраўднаму вынікі ўсіх гэтых восеньскіх падзеньняў і крызісаў пачнуць выяўляцца з другога квартала, гэта значыць з пачатку красавіка. Акрамя таго, няпростая сытуацыя ўнутры самой улады. Ужо стала зразумела, што джын выпушчаны з бутэлькі, і калі ўлада дала гэтым хлопцам дабро парушаць законы, то яна ня можа ўзяць гэта назад і сказаць: не, умоўна кажучы, у Растове, Навасібірску ці Маскве вы закон ня будзеце парушаць, а будзеце парушаць толькі ў Данецку. Я кажу пра людзей, якія паспыталі вось гэтага беззаконьня, якія адчуваюць, быццам яны маюць рацыю, яны могуць парушаць закон, забіваць і гэтак далей. Я думаю, што адбываецца крызіс кіравальнасьці ўлады з пункту гледжаньня алігархаў. Я ўвогуле зьдзіўляюся, што яны так доўга былі ляяльныя, мне здаецца, што межы ляяльнасьці ўжо скончыліся. Наогул, нас чакаюць нейкія «вясёлыя» часы. Безадказныя паводзіны нашай улады ў апошні час пачынаюць прыносіць плён, і людзі, якія падтрымлівалі ўсе гэтыя безадказныя дзеяньні, іх увагу трэба адцягнуць, каб яны не зразумелі нічога і не расчараваліся.

— А калі на хвіліну ўявіць, што Пуцін сапраўды захварэў? Ці існуе сёньня нейкі такі калектыўны Пуцін, і як ён будзе дзейнічаць у гэтай сытуацыі?

— Пуцін фактычна даўно перастаў працаваць з экспэртнай супольнасьцю, ён нікога ня слухае, у яго ёсьць свае нейкія думкі. У людзей, якія маглі б быць калектыўным Пуціным, ёсьць тры варыянты дзеяньняў: гэта ўмоўная Чачня, умоўны Данбас і ўмоўны Краснадар. Яны могуць запусьціць анархію, як у Данецку. Могуць пастарацца паставіць усіх па струнцы, як гэта робіцца ў Чачні, дзе ўсе паслухмяныя і падпарадкоўваюцца. Ну і трэці шлях — Краснадар — спроба вярнуцца назад, да Дамастрою, нацыяналізму, узяць за ідэалёгію менавіта гэта. Калі ўлада пакажа, што гатовая пайсьці якім-небудзь з гэтых шляхоў — гэта сыгнал і заходнім партнэрам, і дэмакратычнай, лібэральнай публіцы, каб яны сказалі: лепш Пуцін, чым гэтыя — Кадыраў, Стралкоў або Ткачоў. І гэта будзе значыць, што Пуцін выйграў гэтую вось сытуацыю. Таму яму такое разьвіцьцё падзеяў выгаднае, каб у нейкі момант ён мог «ачуняць» і зноў навесьці парадак, а мы ўсе сказалі б, што лепш Пуцін, чым вось любая з гэтых пэрспэктыў.

— Мы з Вамі размаўляем праз амаль два тыдні пасьля забойства Барыса Нямцова. Мы са зьдзіўленьнем назіраем за тым, як ідзе расьсьледаваньне гэтага злачынства, шмат дзіўных вэрсіяў: міліцыянты-ісламісты, чачэнскі сьлед, адсутнасьць замоўцы... Як Вам здаецца, хто можа ў рэальнасьці стаяць за забойствам Нямцова?

Сэнс гэтага злачынства ў тым, што ўлада паказала — цяпер ёй не патрэбен закон.

— Я ня ведаю, хто быў замоўцам, але сэнс гэтага злачынства ў тым, што ўлада паказала — цяпер ёй не патрэбен закон. Яна можа нават не адмяняць Канстытуцыю. Ва ўлады цяпер ёсьць людзі, якія гатовыя парушаць закон, нават сесьці ў турму, проста таму, што яны робяць, як ім здаецца, правільную справу. Бо калі Эўропа сутыкнулася з шахідамі, яна першы час здавалася безабароннай, таму што ў мусульман зьявілася супэрзброя — людзі, гатовыя памерці. Мы зсе зыходзім з таго, што чалавек хоча жыць і хоча быць на волі, а тут прыйшоў чалавек і падарваў сябе, ён гатовы памерці дзеля нейкіх сваіх вышэйшых мэтаў, гэта фанатызм. І гэта была сур’ёзная праблема. Цяпер такая ж праблема ў грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі. У Пуціна ёсьць людзі, якія гатовыя сядзець за яго ў турме. Яны гатовыя на забойства, скажуць — Гельман вораг. Мы яго заб’ём, так, мы потым сядзем у турму, затое ворага зьнішчым. Мы на вайне. І ў нейкім сэнсе дзяржава выгадавала гэтых людзей сьвядома.

— А ці верыце Вы, што існуюць «расстрэльныя сьпісы» расейскіх апазыцыянэраў, пра якія зноў актыўна загаварылі пасьля забойства Нямцова?

Пытаньне ў тым, што раней не было дазволу на парушэньне закона.

— Такія сьпісы ёсьць, самы папулярны сьпіс, дзе Нямцоў — 18-ы, я — 23-і, ён існуе вельмі даўно. Пытаньне ў тым, што раней не было дазволу на парушэньне закона. Сьпісы наогул заўсёды існуюць у розных галовах. Але ўхваленьне на зьнішчэньне людзей з гэтых сьпісаў — гэта вось навацыя. Фактычна, што яны нам кажуць? А чым адрозьніваецца Масква ад Данецка? Нічым! Там ёсьць ворагі, тут ёсьць ворагі, там мы рызыкуем жыцьцямі і змагаемся з гэтымі ворагамі, і тут будзем змагацца. Ну, так, ворагі тут — гэта публічныя людзі, барацьба трошкі па-іншаму будуецца, але ў цэлым, Данецк прыехаў у Маскву.

— Вы таму прынялі рашэньне зьехаць з Расеі?

— Калі шчыра, я на працягу нейкага часу спрабаваў пасьля звальненьня [Марат Гельман ў 2013 годзе быў звольнены з пасады дырэктара Пермскага музэя сучаснага мастацтва — РС] рабіць новыя праекты ў Расеі, але ўсе мае магчымыя партнэры атрымлівалі ад адміністрацыі прэзыдэнта сыгнал, што супрацоўнічаць з Гельманам — значыць мець вялікія праблемы. Гэта значыць, мяне выкідвалі. Акрамя таго, усё ж такі тут, у Чарнагорыі, у мяне зьявіліся вельмі цікавыя, наватарскія, авангардныя праекты. Таму, цалкам магчыма, я зьехаў бы нават пры нармальнай сытуацыі. Людзі мастацтва часта езьдзяць у розныя месцы, рэалізуюць сябе ў розных гарадах і розных сытуацыях. Для мяне вельмі важнай зьяўляецца магчымасьць прафэсійнай рэалізацыі, мне ўжо ўсё-такі за 50, і ў мяне ня так шмат часу, каб сядзець і чакаць, калі празь 10 гадоў зноў палепшыцца сытуацыя. Але, безумоўна, калі б не было гэтай атмасфэры, то я, можа быць, не шукаў праекты па-за Расеяй.

— Калі я не памыляюся, з 2002 па 2004 гады Вы кіравалі Першым каналам, Вы адзін са стваральнікаў Фонду эфэктыўнай палітыкі, былі сябрам Грамадзкай палаты. Чаму Вы перасталі супрацоўнічаць з гэтай уладай?

Як толькі пачаўся апошні тэрмін Пуціна, адразу стала зразумела, што гэта ўжо іншы Пуцін, і што супрацоўнічаць зь імі ўжо ня проста бессэнсоўна, а яшчэ і шкодна для рэпутацыі.

— У мяне было два пэрыяды. Адзін здарыўся яшчэ да 2004 году, тады я пайшоў зь Першага канала, таму што пад выглядам бясьпекі пасьля тэракту адмянілі выбарнасьць губэрнатараў. У той жа час на тэлебачаньні перайшлі да новых мэтадаў: з апазыцыяй ня трэба спрачацца, трэба проста не пускаць яе ў эфір. Я для сябе вырашыў, што я не гатовы супрацоўнічаць з гэтай уладай, таму што яна ідзе ня ў тым напрамку. І сышоў з палітыкі. Потым палітыка прыйшла ў культуру, гэта быў 2008 год, калі я стаў сябрам Грамадзкай палаты, абараняў помнікі архітэктуры, быў у Камісіі па ахове культурнай спадчыны і распрацоўваў новую культурную палітыку. Тады быў Мядзьведзеў, былі нейкія ілюзіі. Як толькі пачаўся апошні тэрмін Пуціна, адразу стала зразумела, што гэта ўжо іншы Пуцін, і што супрацоўнічаць зь імі ўжо ня проста бессэнсоўна, а яшчэ і шкодна для рэпутацыі.

— Пасьля забойства Барыса Нямцова колькасьць жадаючых зьехаць з Расеі вырасьце? Ці людзі, наадварот, будуць заставацца на злосьць гэтаму рэжыму?

— Наогул, сваё жыцьцё пакласьці на злосьць — гэта дзіўная ідэя. Між іншым, калі казаць пра многіх масквічоў, для іх сыход Капкова, можа быць, ня меншы сыгнал, што трэба валіць, што тут нічога цікавага ня будзе.

— Што чакае Расею ў бліжэйшы год у сувязі з гэтай разьвязанай вайной ва Ўкраіне і пачаткам даволі сур’ёзных рэпрэсіяў у краіне?

Цяпер галоўнае — захаваць сябе, сваю рэпутацыю, проста перачакаць той жах, які будзе ў бліжэйшыя гады два яшчэ дакладна.

— Я дрэнны прагназіст, але ў мяне ёсьць адчуваньне, што ў краіны адабралі пэрспэктыву. Няма ніводага варыянту разьвіцьця падзеяў, які б мне падабаўся. Нават у складаны савецкі час пэрспэктыва была, а цяпер яе няма. Цяпер галоўнае — захаваць сябе, сваю рэпутацыю, проста перачакаць той жах, які будзе ў бліжэйшыя гады два яшчэ дакладна. Можа быць, потым і ня стане лепш, але, прынамсі, можна спадзявацца, што зьявяцца нейкія варыянты. А цяпер — толькі змрок.

З Маратам Гельманам гутарыла Любоў Чыжова. Цалкам інтэрвію на сайце расейскай службы нашага радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG