Крымінальная справа супраць шматдзетнай маці Сьвятланы Давыдавай, якая абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, спыненая за адсутнасьцю складу злачынства, паведаміў яе адвакат Іван Паўлаў.
Зь яе зьнятыя ўсе абвінавачваньні і дадзенае права на рэабілітацыю, напісаў Паўлаў у Facebook.
Сьвятлану Давыдаву затрымалі 21 студзеня з-за яе званка ў амбасаду Ўкраіны ў красавіку 2014 году, падчас якога — паводле вэрсіі сьледзтва — яна выказала здагадку, што служачых вайсковай часткі, разьмешчанай непадалёк ад яе дома ў Вязьме Смаленскай вобласьці, маглі накіраваць у Данбас.
Паўтара тыдні Давыдава, якая разам з мужам выхоўвае семярых дзяцей, малодшай зь якіх два месяцы, правяла ў СІЗА. Пад ціскам грамадзкасьці і праваабаронцаў арышт ёй замянілі на падпіску аб нявыезьдзе. Больш за сорак тысяч чалавек падпісалі зварот на адрас прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна з заклікам вызваліць з-пад варты Сьвятлану Давыдаву. У сярэдзіне лютага Масгарсуд прызнаў яе арышт незаконным.