Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 000 чалавек падпісаліся за вызваленьне шматдзетнай маці Давыдавай


Пэтыцыю на імя прэзыдэнта Расеі з заклікам вызваліць з-пад варты шматдзетную маці Сьвятлану Давыдаву, абвінавачваную ў дзяржаўнай здрадзе пасьля званка ў амбасаду Ўкраіны, падпісалі больш за трыццаць тысяч чалавек.

Аўтары і падпісанты звароту ўпэўненыя, што Давыдава, у якой няма замежнага пашпарта, не мае «ні намеру, ні магчымасьці схавацца ад сьледзтва». Жанчына выхоўвае семярых дзяцей, яе малодшай дачцэ ўсяго два месяцы.

Жыхарку горада Вязьма ў Смаленскай вобласьці, Сьвятлану Давыдаву затрымалі 21 студзеня з-за яе званка ў амбасаду Ўкраіны ў красавіку 2014 года. Паводле вэрсіі сьледзтва, Давыдава папярэдзіла супрацоўнікаў амбасады, што служачых вайсковай часткі, якая разьмешчаная непадалёк ад яе дома, маглі адправіць у Данбас. Да такой высновы яна прыйшла, выпадкова пачуўшы ў маршрутцы тэлефонную размову вайскоўца.

Аўтары звароту падкрэсьліваюць, што не маюць права абмяркоўваць юрыдычныя аспэкты справы, але заклікаюць прэзыдэнта Пуціна праявіць гуманнасьць і міласэрнасьць да жанчыны, якую дома чакаюць сямёра дзяцей.

Сярод тых, хто падпісаў пэтыцыю, журналісты Леанід Парфёнаў, Кацярына Гардзеева, Дзьмітрый Муратаў, Арына Барадзіна, актрыса Чулпан Хаматова і іншыя.

Упаўнаважаны пры прэзыдэнце Расеі па правах дзіцяці Павел Астахаў мае намер паручыцца ў судзе за абвінавачваную ў дзяржаўнай здрадзе Сьвятлану Давыдаву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG