Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатняя гаспадыня пагражае бясьпецы краіны


ФСБ абвінаваціла хатнюю гаспадыню зь Вязьмы ў дзяржаўнай здрадзе за тэлефанаваньне ў амбасаду Ўкраіны.

Раніцай 21 студзеня 2015 году хатняя гаспадыня Сьвятлана Давыдава, жыхарка Вязьмы (Смаленская вобласьць), была арыштаваная супрацоўнікамі ФСБ. Ёй прад’яўленыя абвінавачваньні паводле артыкула 275 КК РФ «Дзяржаўная здрада». У красавіку мінулага году Давыдава патэлефанавала ў амбасаду Ўкраіны ў Маскве і паведаміла, што разьмешчаная насупраць яе дома воінская частка апусьцела, і гэта, на думку жанчыны, можа быць сьведчаньнем адпраўкі вайскоўцаў у зону расейска-ўкраінскага канфлікту.

Падрабязнасьці гэтай гісторыі Радыё Свабода распавёў муж арыштаванай Анатоль Горлаў:

— 21 студзеня 2015 году ў 08:15 участковы прыйшоў, нібыта суседзі на нас скардзяцца, што мы шумна сябе паводзім, хоць у нас цішыня, гэта раніца, яшчэ дзеці сьпяць. Адчынілі — і тут вось апэратыўная група ФСБ уварвалася ў наша жытло. Забралі кампутары, тэхніку, запісы. На той момант, калі затрымлівалі, яны нічога не казалі. Але вось 26 студзеня мне афіцыйна прыйшоў адказ: «У адпаведнасьці з патрабаваньнем часткі 1-й артыкула 96-га КПК РФ паведамляем, што 21 студзеня 2015 году ў 11 гадзінаў 35 хвілінаў па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 275 КК РФ, затрыманая ваша жонка Давыдава С. В. Пра месца яе ўтрыманьня вам паведамяць дадаткова. Сьледчы па асабліва важных справах Першага аддзелу Сьледчага ўпраўленьня ФСБ Расеі, палкоўнік юстыцыі Міхаіл Сьвіналуп.... »

— А вы ведаеце, дзе знаходзіцца Сьвятлана Ўладзіміраўна цяпер?

— Так, цяпер я ведаю: яна знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Ляфортава, гэта Ляфортаўскі вал, дом 5. Учора я перадаў ёй рэчы. Пакуль, увогуле, я пра спатканьне пытаюся, у тым ліку праз прызначанага адваката, кажуць, што будзе спатканьне, на наступным тыдні быццам бы.

— Суд па меры стрыманьня ўжо быў?

— Учора прыйшоў ад сьледчага ліст, што 22 студзеня Ляфортаўскім раённым судом горада Масквы абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту з утрыманьнем у СІЗА. Па словах сьледчага, на два месяцы пакуль.

— Са сьледчым вы сустрэліся?

— Я яго бачыў, але казаць пра падрабязнасьці ні ён ня стаў, ні я не пытаўся.

— Вам вядомая сутнасьць абвінавачваньня?

— Мне вядома, што яна патэлефанавала ў амбасаду Ўкраіны і ўвогуле выказала нейкую пазыцыю, якая нібыта сакрэтная была.

— А ў вашай жонкі быў допуск да нейкіх сакрэтных зьвестак?

— Не! Мая жонка мае вышэйшую эканамічную адукацыю, яна добра вучылася, скончыла на выдатна вучылішча, тэхнікум, Інстытут тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці, вучылася ў асьпірантуры, але ніякай вайсковай адукацыі ў яе не было, ніякіх допускаў. Яна «Ўрал» ад «ГАЗа» не адрозьніць, калі ўжо на тое пайшло.

Таму я ня ведаю, якія наагул яна магла зьвесткі (як гаворыцца, шматдзетная маці, у адпачынку па доглядзе за дзіцем) зь віду з вакна вывудзіць і паведаміць нешта сакрэтнае. Я не ўяўляю гэтага, шчыра.

— А што прызначаны адвакат вам кажа?

— Адвакат нічога ня кажа. Ён толькі абяцае аднесьці ёй, напрыклад, адзеньне, яшчэ нешта. Выключна наладжваньне побыту, будзем так казаць, як быццам ён там робіць нейкія намаганьні. Кажа, што артыкул вельмі сур’ёзны, што менш за 12 гадоў і больш за 25 гадоў ёй не дадуць".

— Ёсьць у вас адчуваньне, што адвакат працуе на сьледзтва?

— Ну, я ня ведаю. Думаю, што сьледзтва, дзяржава не прызначаць нявыгаднага сабе адваката.

— А свайго адваката ў вас пакуль няма?

— Пакуль я не зарыентаваўся. Разумееце, мы простыя грамадзяне Расеі, у правінцыі жывем. Мы ж ня нейкая шпіёнская групоўка, таму нам цяжка зарыентавацца ў адвакатах...

— А ў вас сапраўды вокны кватэры выходзяць на вайсковую часьць?

— З нашай кватэры бачная частка вайсковай часьці; участак, так, бачны. Але з такім жа посьпехам кожны грамадзянін можа набраць Google maps і паглядзець гэтую вайсковую часьць. Больш нават убачыць, чым тое, што мы бачым з вакна.

— Проста незразумела, як можна вызначыць здалёк, як нейкія часьці, напрыклад, адпраўляюцца ва Ўкраіну...

— Ды нічога яна не магла вызначыць! Я мяркую, што гэта быў выключна эмацыйны званок у амбасаду Ўкраіны. Яна ўбачыла спусьцелую частку, выказала нейкую здагадку, выказала свае пажаданьні, каб людзі ня гінулі. Украіна — гэта ж ня толькі ўкраінцы ў этнічным пляне, у пляне мовы, а гэта і расейцы, і ўсе. Мы ўсе — людзі! І тое, што адбываецца, гэта проста бязладзьдзе! Ні за чым яна не сачыла, ні на якую спэцслужбу не працавала і ніякіх допускаў да сакрэтаў, якія магла б прадаць, яна ніколі ня мела! Яна выпадкова пачула ў маршрутным таксі размову вайскоўца праз тэлефон зь іншым чалавекам. І запісала ў штодзёньнік. «Маецца запіс, датаваны 24.04.2014, выкананы рукапісным спосабам: «Вайскоўцы ГРУ ВС РФ у панядзелак прыбываюць у Маскву ў цывільным адзеньні, як бы ў прыватным парадку, за свой кошт. Зброю плянуюць атрымаць на месцы. Знаходзіцца зьбіраюцца да выбараў, а далей па абстаноўцы. Магчыма, гэтая інфармацыя дапаможа вам захаваць жыцьці ўкраінцам і цэласнасьць краіны», — у пратаколе ператрусу напісана.

— Гэта значыць, выходзіць, што ваша жонка, па ўсім відаць, так выказала сваю антываенную пазыцыю? Яна ня згодная з удзелам Расеі ў канфлікце на тэрыторыі Ўкраіны?

— Так, яна ня згодная! І ня проста на тэрыторыі Ўкраіны, а яна ня згодная наагул проста з вайной, і што гінуць фактычна мірныя людзі, і рускі народ ўцягнуты ў нейкую інтрыгу. Яна ня згодная! Але яна не маўчала, яна дзялілася зь сябрамі, яна спрачалася дзесьці на вуліцы!

— Можа, справа ў тым, што ваша жонка проста публічна выказвала сваю пазыцыю непрыманьня вайны і нехта гэтым аказаўся незадаволены?

— Можа і такое быць. Я вось чытаю пратакол ператрусу, і ёсьць там фрагмэнты зь яе дзёньніка, які канфіскавалі (тут напісана: «аркуш паперы белага колеру з запісамі, выкананымі машынапісным спосабам»): «Я — шматдзетная маці, пагаршаецца заканадаўства, правы чалавека на выказваньне думкі. Рана ці позна магу сутыкнуцца з адкрытым гвалтам супраць маёй сям’і. Тыя бандыты, якія цяпер ва Ўкраіне, вернуцца ў Расею і працягнуць цемрашальства». Я ня корпаўся ў дзёньніках жонкі, але гэты запіс яны знайшлі, канфіскавалі таксама: «Калі ва Ўкраіне змагаюцца за народ, то ў Расеі Пуцін змагаецца з народам».

— То бок пазыцыю яе вы ведалі. А вы супраць вайны?

— Вядома! Пазыцыя падобная, і жонку я ў гэтым пляне падтрымліваю. Я супраць вайны. Я лічу, што сёньняшняе кіраўніцтва Расеі проста ня вартае той краіны, якую яно ўзначальвае! Я нават не баюся гэта казаць. Ня вартае! Вось у чым справа. І гэтыя патугі, гэтыя дзеяньні ганьбяць Расею. Калі нехта здраджвае Расеі, дык гэта Пуцін здраджвае, — гэта я хачу сказаць. Я асабіста лічу, што ня вартыя слаўнай, вялікай краіны такія, як Крым, дзеяньні!

— А хто вы паводле прафэсіі, колькі ў вас дзяцей?

— Апошнім часам я займаўся розным, у прыватных ахоўных прадпрыемствах працаваў. У нас у сям’і сямёра дзяцей, малодшай дзяўчынцы два месяцы. Мая жонка ў адпачынку па догляду за дзіцем, у яе двухмесячнае дзіця, кармленьне грудзьмі.

Я гэтым супрацоўнікам казаў: «Маці забіраеце...» А яны кажуць: «Выбірай — альбо давай расьпіску, што ты адказваеш, у тым ліку і за кармленьне, альбо мы выклікаем апеку і ў цябе дзяцей забіраем». Натуральна, я на гэта не пайду. Але маці забралі ад двухмесячнага дзіцяці...

— Зараз што вы будзеце рабіць?

— Я буду імкнуцца знайсьці больш незалежнага адваката, буду даносіць да людзей праўду — да знаёмых, да людзей, што адбываецца. Галоснасьць — гэта мой інструмэнт, безь якога ня можа быць свабоды ў народа.

Прызначаны адвакат Сьвятланы Давыдавай Андрэй Сьцебенеў пацьвердзіў Радыё Свабода, што справа ўзбуджаная паводле 275-га артыкула КК і што, на яго думку, Сьвятлана пакутуе таму, што «патэлефанавала куды ня трэба і сказала тое, што ня трэба»:

— Яе абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, у тым, што яна выдала зьвесткі, якія зьяўляюцца дзяржтаямніцай. Паводле заключэньня Міністэрства абароны, папярэдняга, так у іх лічыцца. Будзе яшчэ экспэртыза праводзіцца, што гэта за зьвесткі, наколькі яны былі каштоўныя, і ад гэтага будзе залежаць яе далейшы лёс. Артыкул — ад 12 гадоў.

— Якая будзе лінія абароны? Сьвятлана — шматдзетная маці...

— Яна маці, якая корміць грудное дзіця, ёсьць і малалетнія дзеці, і гэта, вядома, будзе ўлічвацца. А па самой сытуацыі проста скажу, што патэлефанавала туды, куды ня трэба было тэлефанаваць, і сказала тое, што ня трэба было казаць. Нашы доблесныя органы прааналізавалі сказанае і прыйшлі да высновы — зноў жа гэта заключэньне Мінабароны — што дадзеныя зьвесткі складаюць дзяржтаямніцу і нясуць шкоду бясьпецы Расеі. І адразу паўстаў артыкул 275.

— У якіх умовах яна ўтрымліваецца ў Ляфортаве і які яе стан?

— Настрой у яе баявы, нармальны. Не прыгнечаная, малайцом трымаецца. Я, як змог, па-чалавечы ёй дапамог. Ніякага прэсінгу там няма, сьледчы — чалавек інтэлігентны, і спакойна ўсё праходзіць.

Радыё Свабода ўжо паведамляла, што ў маскоўскім сьледчым ізалятары ФСБ Расеі «Ляфортава» некалькі месяцаў утрымліваюцца грамадзяне Ўкраіны Юры Салашэнка і Валянцін Выгіеўскі, абвінавачаныя ў шпіянажы. Сябра Грамадзкай назіральнай камісіі, журналіст і праваабаронца Зоя Сьветава, якая надала галоснасьць іх арышту, мяркуе, што ў Расеі расьце новая хваля шпіёнаманіі, зьвязаная з падзеямі ва Ўкраіне, і сфабрыкаваная ФСБ справа супраць Сьвятланы Давыдавай — чарговае таму пацьвярджэньне:

— У мяне ствараецца такое ўражаньне, што зараз мы вяртаемся ў пару шпіёнаманіі, якая ў нас была на пачатку 2000-х гадоў, калі былі ўсе гэтыя шпіёнскія працэсы са шпіёнамі-навукоўцамі, псэўдашпіёнамі. Цяпер у нас іншы ўхіл — мы шукаем шпіёнаў ва Ўкраіне. У гэтай маёй вэрсіі я змагла пераканацца, калі цалкам выпадкова ў Ляфортаве сустрэла двух украінцаў, адзін зь іх — 73-гадовы былы дырэктар ваеннага заводу з Палтавы, заводу «Знамя», Юры Салашэнка, якога абвінавачваюць у шпіянажы. І другі — Валянцін Выгіеўскі, 32-гадовы дробны прадпрымальнік, і яго таксама абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Украіны. Яны не зьвязаныя, гэта дзьве зусім розныя справы. І мне яны здаюцца абсалютна вар’яцкімі. Ведаючы гісторыю ўсіх гэтых шпіёнскіх працэсаў, такіх, як справа Суцягіна, Данілава, справа Валянціна Маісеева, я цалкам магу ўявіць, што, паколькі цяпер наш вораг — Украіна, трэба абавязкова знаходзіць там нейкіх шпіёнаў, і вось іх знайшлі. Гісторыя Сьвятланы Давыдавай, тое, што распавядае яе муж, — гэта цалкам вар’яцкая гісторыя. Але, памятаеце, у Салжаніцына ў адной зь ягоных аповесьцяў была гісторыя, як чалавек у амэрыканскую амбасаду таксама патэлефанаваў, і таксама яго потым пасадзілі. То бок гэта ўвогуле такія гісторыі, якія вяртаюць нас яшчэ і ў часы халоднай вайны.

...Уся гэтая гісторыя нагадвае адзін зь сюжэтаў раману Аляксандра Салжаніцына «Ў крузе першым», але з важнай адзнакай. Інакенці Валодзін тэлефанаваў у амэрыканскую амбасаду, папярэджваў дыпляматаў пра выкраданьне для Сталіна сакрэтаў амэрыканскай атамнай бомбы, што пагражала сьвету. Цяпер, па ўсім відаць, стварыўшы справу «аб здрадзе Радзіме» ў сувязі з падслуханым званком хатняй гаспадыні Сьвятланы Давыдавай у амбасаду Ўкраіны, сьледчыя ФСБ нават не зразумелі, што менавіта яны практычна публічна раскрываюць так дбайна схаваную ад грамадзянаў Расеі рэжымам Уладзімера Пуціна і вядомую ўсяму сьвету «таямніцу»: вайскоўцы Расеі ваююць на тэрыторыі суседняй дзяржавы ў Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG