Шматдзетную маці Сьвятлану Давыдаву, абвінавачваную ў дзяржаўнай здрадзе, вызвалілі з-пад варты. Каля 19 гадзін 3 лютага яна выйшла з брамы маскоўскага СІЗА «Лефортава».
Як паведаміў Радыё Свабода адвакат Сяргей Бадамшын, мера стрыманьня яго падабароннай замененая на падпіску аб нявыезьдзе:
— Мы зь іншым адвакатам — Іванам Паўлавым — падалі хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня. Сёньня сьледчы задаволіў наша хадайніцтва. Абраная мера стрыманьня — падпіска аб нявыезьдзе.
— Як вы лічыце, ці адгуляў сваю ролю зварот да прэзыдэнта Расіі ў абарону Сьвятланы Давыдавай, які ў інтэрнэце падпісалі больш за 40 тысяч чалавек і які быў перададзены ў прыёмную прэзыдэнта?
— Безумоўна. Кожны чалавек, які дапамог, нясе тую долю цяпла і дабрыні, якую цяпер яна, маці, зможа перадаць сваім дзецям.
— Вы думаеце, што рашэньне было прынятае «на самым версе»?
— Не магу сказаць цалкам, але выдатна разумею, што цэнтар прыняцьця рашэньняў па гэтай справе зрушыўся некалькі вышэй. Я думаю, здаровы глузд перамог тое пекла, якое адбывалася з гэтым чалавекам, з майго падабароннай Сьвятланай Давыдава. Я лічу, што рашэньне аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту было прынятае незаконна і неабгрунтавана. Усе астатнія дзеяньні мы зараз будзем абмяркоўваць з падабароннай і з маім калегам Іванам Паўлавым. Будзем прымаць ўсе захады для таго, каб справядлівасьць перамагла.
Ёсьць склад злачынства, прадугледжанага артыкулам аб дзяржаўнай здрадзе, у дзеяньнях Сьвятланы Давыдавай? — Я лічу, што абсалютна няма. Зусім несправядліва прад’яўленае абвінавачваньне, — лічыць адвакат Сяргей Бадамшын.
Больш за сорак тысяч чалавек падпісалі зварот на адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з заклікам вызваліць з-пад варты Сьвятлану Давыдаву. У аўторак пэтыцыя паступіла ў прыёмную прэзыдэнцкай адміністрацыі.
У Маскве партыя «Яблоко» правяла адзіночны пікет за свабоду Сьвятланы Давыдавай. Акцыя прайшла каля галоўнага будынку ФСБ Расеі на Лубянцы.
Раней ва ўправе ФСБ у Вязьме (Смаленская вобласьць), дзе жыве Давыдава, былі дапытаныя яе муж, сястра, маці і бацька.
Сьвятлану Давыдаву затрымалі 21 студзеня з-за яе званка ў амбасаду Ўкраіны ў красавіку 2014 года, падчас якога, паводле вэрсіі сьледзтва, яна выказала здагадку, што служачых вайсковай частцы, разьмешчанай непадалёк ад яе дома ў Вязьме, маглі накіраваць у Данбас.