«Калі ў мяне пытаюць: „Якія кнігі, тэксты вы лічыце найбольш цікавымі ў сучаснай літаратуры, журналістыцы?“ — я звычайна адказваю: „Тыя, якія дачытваю да канца“. І пасьля ўжо, калі надта дамагаюцца імёнаў, называю імёны, cярод якіх амаль заўсёды, калі пытаньне датычыць журналістыкі, імя Юрыя Дракахруста.
Чаму?.. Не толькі таму, што тэксты ягоныя — тэксты чалавека з глыбокім мысьленьнем. Папросту разумныя. У іх яшчэ ёсьць тое, што было ў ягоным бацьку, таленавітым паэце і надзвычай тактоўным, інтэлігентным чалавеку Аляксандры Дракахрусьце. Аўтары верша, які я помню яшчэ з юнацтва.
Не советовался ни с кем
И построил дом на песке.
В этом доме с тобой вдвоём
Вечность, кажется, мы живём.
Сколько молний из хмурых глаз
Попадало в него подчас!
Но стоит, ты смотри — стоит!
Видно, дан ему долгий срок.
А шептали: „Зыбун... Песок...“
Вось што ў гэтым лірычным (а верш, зразумела, пра каханьне) вершы?.. А тое, што ў большасьці нашых разумнікаў сёньня зусім не ў модзе. Пазытыў. Жыцьцесьцьвярджальнасьць. Гэта было ў характары, у натуры паэта Аляксандра Дракахруста — і генэтычна перадалося сыну.
Вось вы ўсе даводзіце, пісаў бацька, што сямейны дом на пяску абавязкова рухне, а я вам даказваю, што не абавязкова. Калі скарыстоўваеш, так бы мовіць, адпаведныя для такога будаўніцтва тэхналёгіі: калі кахаеш тых, зь кім і для каго будуеш дом.
Вось вы ўсе даводзіце, піша сын, што дзяржаўны дом на пяску ўзьвесьці немагчыма, а я вам даказваю, што ўсё ж магчыма. Калі скарыстоўваеш адпаведныя для такога будаўніцтва тэхналёгіі: калі...
Ну, тут ужо больш складаныя ўмовы, чым проста любіць тых, з кім будуеш дзяржаўны дом, але... Але нездарма ў адным з камэнтароў да тэксту з назвай „Байкот і нацыянальная сьвядомасьць“ нехта Віктар з Гомеля напісаў: „Юры занадта добрай думкі аб людзях“.
І я так лічу. І віншую Юрыя Дракахруста з выдатнай кнігай».
Паэт і экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў пра кнігу Юрыя Дракахруста «Сем худых гадоў».