У Менску, у офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39) пройдзе прэзэнтацыя кнігі Юрыя Дракахруста «Сем худых гадоў», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Пачатак у 18.00.
У канфэрэнц-залі гатэлю «Эўропа» (7 паверх) адбудзецца сустрэча на тэму «Вялікабрытанія і Эўрапейскі зьвяз: сучаснасьць і будучыня» з паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі ў Рэспубліцы Беларусь Брусам Бакнэлам. Пачатак у 19.00.
Прэзэнтацыя выданьня «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя» ў 4 тамах — фундамэнтальнага дасьледаваньня літаратурнага працэсу Беларусі — адбудзецца ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя. Я. Коласа Акадэміі Навук. Пачатак у 15.00.
У прасторы «ЦЭХ» (пр-т Незалежнасці, 58, к. 6) праходзяць выстава і тэматычныя мерапрыемствы «Фэмінісцкая (art) крытыка». 3 снежня ў 19.00 там адбудзецца лекцыя Вольгі Шпарагі «Супольнасьць ў сытуацыі асынхроннай сучаснасьці: гендэрнае вымярэньне».
У 12.00 у Гомельскай абласной бібліятэцы ім. Леніна (пл. Перамогі, 2а) пройдзе прэзэнтацыя новай кнігі Ёнаса Люшэра «Вясна барбараў» у беларускім перакладзе.
У бізнэс-клюбе IMAGURU (Менск, вул. Фабрыцыуса, 4) — лекцыя Віктара Малішэўскага «Невыносная лёгкасьць ныцьця». Пачатак у 18:30.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ
3 сьнежня — Міжнародны дзень інвалідаў. День быў абвешчаны ААН у 1992 годзе з мэтай прыцягненьня ўвагі да праблемаў інвалідаў, абароны іх годнасьці, правоў і дабрабыту.
3 сьнежня — Міжнародны дзень баскскай мовы. Заснаваны ў 1949 годзе, у гэты дзень баскі і замежныя прыхільнікі удзельнічаюць у тысячах імпрэзаў — круглых сталах, выставах, кірмашах, канцэртах, мэта якіх — папулярызацыя і пашырэньне ўжытку баскскай мовы.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1586 — у Англію з Амэрыкі ўпершыню завезена бульба.
1621 — Галілеа Галілей вынайшаў тэлескоп.
1918 — Рада і Ўрад БНР пакінулі Менск.
1967 — паўднёваафрыканскі хірург Крыстыян Барнард ажыцьцявіў першую пасьпяховую перасадку сэрца.
У гэты дзень нарадзіліся:
1857 — ангельскі пісьменьнік польскага паходжаньня Джозэф Конрад.
1907 — беларускі паэт Рыгор Крушына.
1911 — італьянскі кампазытар Ніна Рота, аўтар музыкі да шматлікіх фільмаў Фэдэрыка Фэліні.
1926 — беларускі паэт Янка Юхнавец.
...і я ваўком плятуся па чужыне,
ад болю ран ня чую сваіх ног.
І толькі помніцца што цёмную парою
свае Радзімы кінуў я парог.
...але із гаю зорнага мой шлях,
мой ночны шлях асьвеціць
зараз месяц.
Напэўна ён на помач нам, тулягам,
сабе самога ліхтаром падвесіў.
...напэўна нам даверана, тулягам,
пабачыць на зямлі як зьнікне цемры сьцень,
і прывітаць той залацісты ранак,
што засьвятліць над краем
Новы дзень.
Янка Юхнавец
1936 — беларускі савецкі праваабаронца, дысыдэнт і палітычны вязень Міхась Кукабака.
1948 — ангельскі рок-вакаліст Озі Осбарн.
У гэты дзень памерлі:
1894 — ангельскі пісьменьнік Робэрт Стывэнсан.
1919 — францускі мастак П’ер-Аўгуст Рэнуар.