Беларусаў нельга лічыць ахвярамі расейскай прапаганды, — Алег Манаеў

Алег Манаеў

Падтрымка большасьцю беларусаў расейскай пазыцыі адносна анэксіі Крыму і канфлікту ў Данбасе — гэта перш за ўсё вынік цесных гістарычных і культурных сувязяў беларусаў і расейцаў, а ня вынік прапаганды расейскага тэлебачаньня.

Пра гэта Радыё Свабода заявіў доктар сацыялягічных навук, прафэсар Алег Манаеў, камэнтуючы вынікі апошняга дасьледаваньня зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Паводле Манаева, дасьледаваньні сацыёлягаў сьведчаць, што многія беларусы, якія, напрыклад, лічаць анэксію Крыму «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці», наагул не глядзяць расейскае тэлебачаньне. Таму нельга казаць, што стаўленьне беларусаў да канфлікту ва Ўкраіне — гэта вынік перш за ўсё прапаганды, хоць гэты фактар таксама мае сур’ёзнае значэньне.

«Прапаганда — гэта вельмі важны фактар. Так было і так будзе заўсёды. Але з гэтага не вынікае, што калі б чароўным чынам расейская і беларуская прапаганда зьнікла, то стаўленьне да ўкраінскіх падзеяў праз тыдзень зьмянілася б. Усё гэта абумоўлена гістарычнымі і культурнымі сувязямі з Расеяй. Безумоўна, ёсьць частка грамадзтва празаходняя, мы з вамі да яе належым, мы з вамі ў ёй жывём. Але астатняя частка Беларусі — іншая, яе прадстаўляе Аляксандар Лукашэнка, і іх больш, чым нас з вамі. Так было 20 гадоў таму, так ёсьць сёньня, і я падазраю, што калі заўтра Лукашэнку зьменіць Мілінкевіч або Някляеў, то як мінімум 5–7 гадоў так будзе працягвацца», — лічыць Манаеў.

Да таго ж украінскія падзеі вельмі спалохалі беларусаў, і ў адносінах да Эўразьвязу наступіла адчувальнае «пахаладаньне», кажа ён.

«Мякка кажучы, беларусы ўстрывожыліся, а многія проста спалохаліся падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Таму для іх сыстэма прыярытэтаў, якая была ў мінулым годзе, да Майдану, і ў якой на першым месцы былі матэрыяльныя, фінансава-эканамічныя інтарэсы (таму глядзелі ў бок Эўропы, таму зьніжаўся рэйтынг Лукашэнкі і г.д.), зьмянілася. На першае месца выйшаў прыярытэт бясьпекі і стабільнасьці. А што гарантуе ў вачах масавага беларуса бясьпеку? Моцная дзяржава, якую сёньня ў Беларусі ўвасабляе сабой Лукашэнка», — кажа сацыёляг.

Але пры гэтым нельга казаць, што ў выніку падзеяў ва Ўкраіне беларускае грамадзтва зрабіла нейкі «паварот на Ўсход». Па словах Манаева, пачынаючы зь вясны стаўленьне да Расеі сярод беларусаў стала больш насьцярожаным, праявілася тэндэнцыя да дыстанцыяваньня ад «усходняга суседа». І гэта нягледзячы на тое, што большасьць беларусаў падтрымліваюць расейскі варыянт інтэрпрэтацыі падзеяў ва Ўкраіне.

На базавым узроўні застаецца тое, што „мы з Расеяй браты і сёстры“, але „мая хата з краю“

«Але, між тым, тыя падзеі, якія адбыліся ва Ўкраіне пасьля чэрвеньскага апытаньня (а як вы памятаеце, самыя гарачыя баі ў Данецкай і Луганскай абласьцях адбываліся ў ліпені-жніўні, былі вялікія страты), беларусаў насцярожылі. Тут, вядома, на базавым узроўні застаецца тое, што „мы з Расеяй браты і сёстры“, але „мая хата з краю“ — беларусы лічаць, што туды лезьці ня трэба. Таму і рэйтынг Лукашэнкі ўзрос — у сувязі зь яго лявіраваньнем, міратворчымі ініцыятывамі, перамовамі ў Менску. Усё гэта беларусам да душы. Таму што браты братамі, а лезьці туды ня трэба — разьбірайцеся самі», — тлумачыць Манаеў.

Менавіта таму за аб’яднаньне з Расеяй сёньня гатовыя прагаласаваць на гіпатэтычным рэфэрэндуме толькі 23% беларусаў — менш, чым нават на пачатку году.

Манаеў лічыць, што сёньняшні трэнд у стаўленьні беларусаў да ўкраінскага канфлікту ў бліжэйшай будучыні (паўгода-год) захаваецца, бо рэзкай зьмены сытуацыі ва Ўкраіне чакаць не выпадае.

Манаеў таксама адзначае, што адрозьненьне ў поглядах на ўкраінскія падзеі адносна розных узроставых груп беларусаў — зусім ня значнае.

«Зразумела, у цэлым можна казаць, што, умоўна кажучы, бабулі і дзядулі больш падтрымліваюць уладу, больш асуджаюць украінскія падзеі і больш падтрымліваюць Расею, а моладзь, іх унукі, больш на баку Эўропы. Але гэта не істотная розьніца. Не істотная ў тым сэнсе, што калі ўявіць сабе, што ўсе людзі, старэйшыя за 60 гадоў, пераселяцца на Месяц, а ў Беларусі застанецца толькі моладзь да 30 гадоў, то казаць, што ў краіне ўсё стала б інакш, нельга. Гэта няпраўда. Розьніца не такая вялікая, каб лічыць, што новае пакаленьне прынясе з сабой зусім іншыя каштоўнасьці і погляды, у тым ліку на разуменьне ўкраінска-расейскага канфлікту», — падкрэсьлівае Манаеў.