«Гэта ўявіце, я свайго сына выпраўлю невядома куды», — берасьцейцы пра міратворчую ідэю Лукашэнкі

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць накіраваць ва Ўкраіну беларускіх вайскоўцаў у якасьці міратворцаў. Як вы ставіцеся да такой ідэі? Адказваюць берасьцейцы.

Your browser doesn’t support HTML5

Як вы ставіцеся да ідэі Лукашэнкі паслаць ва Ўкраіну беларускіх міратворцаў? Адказваюць берасьцейцы


Спадарыня сярэдняга веку: «Можна падумаць, нашы салдаты там зробяць мір... Што Лукашэнка ўмешваецца ў гэтыя адносіны Расеі ды Ўкраіны? Ён жа іх ніколі не памірыць. У гэтых свае людзі, у гэтых — свае, адкуль ён ведае, чым яны дыхаюць там? Ня трэба нашых салдат накіроўваць! Там людзі ўстаюць, каб вярнулі іх салдат, а тут — нашых зараз беларускіх накіраваць... Ды, крый Божа, вайна будзе і ў нас, нам гэтага ня трэба».

Хлопец: «Да гэтай ідэі стаўлюся напружана. Бо, па-першае, я ня ўпэўнены, што нашыя войскі здольныя кагосьці ўціхамірыць ва Ўкраіне. А па-другое, гэта проста словы, за якімі нічога ня будзе. Ды і надзея на беларускія войскі можа не апраўдацца, яны могуць згуляць у нейкі момант на расейскім баку».

Маладая спадарыня: «Катэгарычна супраць! Дзе гарантыя, што нашых салдат там не застрэляць? Што гэта такое?! Самаахвяраваньне, ці што? Гэта ўявіце, я свайго сына гэтаксама выпраўлю невядома куды... А раптам яго заўтра застрэляць? У нас вось ёсьць армія, няхай служыць. Таму — не».

Пэнсіянэр: «Гэта папулісцкая, непрадуманая гаворка. Гэта ніяк ня трэба ўспрымаць. Ён сам не вырашае тут. Ды і Ўкраіна не пагодзіцца».

Карэспандэнт: «А ці маглі б нашыя войскі вырашыць там гэтую праблему?»

Пэнсіянэр: «Нашы войскі? Гэта сьмех! Калі самалёты падаюць, то тут ужо больш няма чаго далей і гаварыць».

Маладая спадарыня: «Нашыя хлопцы будуць паміраць за Ўкраіну? Няма чаго нашых хлопцаў выпраўляць туды ваяваць. Я лічу так: беларусы павінныя служыць у Беларусі».

Спадар сярэдняга веку: «Калі Ўкраіна будзе згодная, каб прыйшлі беларускія міратворцы, тады я ня супраць. А так, уводзіць падпольна, сілай — я гэтага не прымаю. Неяк трэба ўрэгуляваць гэты канфлікт, колькі ўжо можна страляць адзін у аднаго? Мне падаецца, я, нават, і ня супраць».