У інтэрвію тэлеканалу «Эўран’юз» Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць накіраваць ва Ўкраіну беларускіх вайскоўцаў:
«Калі трэба — а гэта для мяне вельмі небясьпечная і страшная рэч, — калі ёсьць недавер Расеі да Захаду і Захаду да Расеі, Амэрыкі да Расеі і Расеі да Амэрыкі, і ёсьць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў бы выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб разьвесьці канфліктуючыя бакі», — сказаў Лукашэнка.
Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага Суду прафэсар Валеры Фадзееў наконт гэтай заявы Лукашэнкі выказаў такое меркаваньне:
«Па-першае, гэта супярэчыць Канстытуцыі і беларускаму заканадаўству. Мы ж нэўтральная дзяржава. І наагул, накіраваньне вайскоўцаў за межы дзяржавы рэгулюецца сур’ёзнымі рашэньнямі вышэйшых дзяржаўных органаў, а не заявамі ды інтэрвію.
Па-другое, на ўвядзеньне войскаў іншай дзяржавы патрэбна згода Ўкраіны альбо просьба ўкраінскага боку. Я ня думаю, што Ўкраіна зьвернецца з такой просьбай.
Я ня ведаю, на якой падставе кіраўнік краіны робіць такія заявы. Узяў і паслаў? А калі ўкраінскія войскі там сустрэнуць нашых агнём?
Па-трэцяе, калі гэта міратворчыя войскі, то яны могуць быць накіраваныя паводле рашэньня Рады бясьпекі ААН. Гэта рэгулюецца нормамі міжнароднага права.
Таму я ня ведаю, на якой падставе кіраўнік краіны робіць такія заявы. Узяў і паслаў? А калі ўкраінскія войскі там сустрэнуць нашых агнём? Гэта вельмі сур’ёзная справа, так можна і ў вайну ўцягнуцца».
Палітоляг Алесь Лагвінец таксама лічыць, што выказваньне кіраўніка краіны супярэчыць перш за ўсё Асноўнаму закону:
«Я думаю, што гэта проста дэклярацыя. Увогуле гэта антыканстытуцыйная заява, якая супярэчыць заканадаўству Беларусі. Гэта проста надзьмуваньне шчок „міратворцы“. І ніхто такую заяву Лукашэнкі ўсур’ёз успрымаць ня будзе.
Дый наагул бальшыня беларусаў выступае супраць таго, каб грамадзяне краіны несьлі вайсковую службу за межамі сваёй краіны. Гэта мы ведаем на падставе збору подпісаў за „Народны рэфэрэндум“».