Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор ураджаю


Прапанова Аляксандра Лукашэнкі наконт выкарыстаньня беларускіх міратворцаў на ўсходзе Ўкраіны — працяг палітыкі, якую Менск вёў фактычна пасьля расейскай анэксіі Крыму.

Цяперашняя ініцыятыва нават па сваёй лёгіцы і структуры вельмі падобная на прапанову скарыстаць Менск у якасьці пляцоўкі паміж варагуючымі бакамі, прапанову, якая была рэалізаваная.

Чаму ўсе пагадзіліся на Менск? Ды таму, што Масква і сэпаратысты (нават няважна, ці трэба іх разглядаць асобна) не пагадзіліся б ні на які эўрапейскі горад ці ўкраінскі горад пад кантролем Кіева, Кіеў і Эўропа не пагадзіліся б на расейскі горад ці горад у Данбасе пад кантролем сэпаратыстаў. Застаўся Менск, які і прыняў спачатку прэзыдэнтаў Украіны і Расеі разам з прадстаўнікамі ЭЗ, а потым і перамоўныя каманды.

Праўда, ёсьць пытаньне, каму і навошта патрэбныя зараз у Данбасе міжнародныя міратворцы. "Ніякіх міратворчых войскаў ва Ўкраіну ўводзіць ня трэба, мы здольныя самі навесьці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі«— гэтак пракамэнтаваў прапанову беларускага кіраўніка дырэктар інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

Годныя словы, але прыгадваецца, што ня так даўно такія ж высокія і нават вышэйшыя прадстаўнікі ўкраінскай улады казалі, што з тэрарыстамі ня можа быць ніякіх пагадненьняў і дамоўленасьцяў. Пад менскім пагадненьнем, якое зараз вызначае ваенна-палітычную сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, стаяць подпісы Леаніда Кучмы, як прадстаўніка ўкраінскай улады, і прадстаўнікоў арганізацый, якія тая самая ўкраінская ўлада трактуе як тэрарыстычныя. Так што пазаўчора — «ніякіх перамоваў», а ўчора, як бачым, нейкія. Але і міратворствам можа быць тое самае. Сёньня ня трэба, а заўтра можа і спатрэбіцца.

Бо якая зараз сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны? Калі аб’ектыўна выціснуць сухую рэшту з супярэчлівых заяваў, то становішча можна апісаць адным словам — пастрэльваюць. Усё прызнаюць, што ранейшых паўнамаштабных баявых апэрацый з катламі і прарывамі, з сотнямі забітых за дзень, зараз няма. Але пастрэльваюць — разьведка боем.

Спыненьне агню не зусім поўнае і вельмі хісткае. І гэта, дарэчы, ня нейкая асаблівасьць цяперашняга канфлікту. Наагул часам складваецца ўражаньне, што для разуменьня таго, што там адбываецца, лепш чытаць не навіны і сучасныя камэнтары, а гісторыю падобных канфліктаў. А хіба не пастрэльвалі (і не пастрэльваюць) падчас ізраільска-палестынскіх спыненьняў агню, якіх за гады існаваньня Ізраіля былі сотні, калі ня тысячы, хіба не пастрэльвалі падчас перамір’яў у дзьвюх чачэнскіх войнах? Віетнам, Альжыр, Аўганістан — яно заўсёды так бывала. Салдаты са зброяй стаяць твар у твар, узаемнай нянавісьці — праз край, людзі ня робаты. Да таго ж неўрэгуляванасьць галоўных палітычных пытаньняў спараджае спакусу парушыць перамір’е, каб атрымаць заклад на будучыню.

Па ідэі інфраструктуру спыненьня агню павінны забясьпечваць назіральнікі АБСЭ. Але праблема ў тым, што бяззбройныя назіральнікі мала што могуць. І таму ідэя, каб паміж аўтаматамі, гатовымі страляць, устаў аўтамат міратворца, не выглядае такой ужо і абсурднай. Міратворцы не прынясуць мір, яны не разьвяжуць палітычны вузел. Але пастрэльваньне прадухіліць могуць, хаця б часткова.

ня выключана, што ідэя міратворства ва Ўкраіне праз пэўны час увасобіцца ў жыцьцё, магчыма, з удзелам і беларускіх салдат

Калі палічыць, што гэтая ідэя не пазбаўленая сэнсу, то чые міратворцы маглі б быць мінімальна прымальнымі для бакоў, каго б не разглядалі, як яшчэ аднаго ворага? Расейскія? Ну для Кіева і для Захада гэта будзе проста фармалізацыяй расейскага ўмяшаньня, расейскай акупацыі. Краінаў НАТО? Дык сэпаратысты і Масква і зараз суб’ектыўна вядуць барацьбу з «натаўскай акупацыяй рускага сьвету». А калі натаўскі салдат устане ў Данбасе ўжывую, гэта не ўмацуе, а разбурыць усе перамір’і. А каму іманэнтны вораг беларускі салдат? А як бы і нікому. Тая жа схема, як з Менскам, як пляцоўкай для перамоваў. Лукашэнка працягвае зьбіраць ураджай ад сваёй пазыцыі пэўнага нэўтралітэту і лавіраваньня.

Не, калі б Украіна мела магчымасьць «навесьці парадак на сваёй зямлі» не ўмоўна, «калі будуць выведзеныя замежныя войскі», а безумоўна, то і пытаньня б не паўставала. Нават і у менскіх пагадненьнях патрэбы б не было. Разграмілі б сэпаратыстаў і іх расейскіх памагатых, вызвалілі ад іх сваю зямлю — і непатрэбныя былі б ніякія перамовы і ніякае міратворства. Але ж не атрымліваецца. Ну а калі не атрымліваецца, то могуць разглядацца самыя розныя варыянты.

Наўрад ці Лукашэнка надта разьлічвае, што яго прапанова наконт беларускіх міратворцаў будзе прынятая. Хаця б таму, што на Захадзе існуе распаўсюджанае меркаваньне, што калі залежнасьць Беларусі ад Расеі — зьява складаная і шматплянавая, то беларускае войска — гэта фактычна ваенная акруга ўзброеных сілаў Расеі. Меркаваньне можа і не зусім праўдзівае, але рызыка занадта вялікія.

Аднак, як казаў кітайскі клясык ваеннай думкі Сун Цзы, «выйграць сто бітваў — гэта не вяршыня ваеннага мастацтва, вяршыня — перамагчы ворага бяз бітвы». Лукашэнка гэтай мудрасьці і спрабуе сьледаваць. Ён набірае ачкі і ў выпадку, калі прапанова прымаецца, і ў выпадку, калі не.

Ачкоў такіх у цяперашнім канфлікце ён ужо набраў даволі шмат — ад зьмякчэньня стасункаў з Захадам да экспартных даходаў ад «беларускіх мідый». Але міратворчыя прапановы не абавязкова тлумачацца адно разьлікам на кароткатэрміновыя выгады. Бо ў доўгатэрміновым пэрыядзе Расея на маршы — гэта небясьпечны сусед. Ня тое, што ў генштабе РФ ляжаць распрацаваныя пляны ўварваньня ў Беларусь, гатовыя ў хуткім часе ўвасобіцца ў жыцьцё. Можа і не ляжаць. Але ваенны імпэт (ці псыхоз) — рэч такая, ніхто ня ведае, хто стане яго аб’ектам заўтра. Таму ачкі ачкамі, бонусы — бонусамі, але Лукашэнка і праўда зацікаўлены ў тым, каб канфлікт у Данбасе быў калі ня вырашаны, то прынамсі замарожаны. Тут, дарэчы, ягоныя памкненьні супадаюць і з накірункам беларускай грамадзкай думкі.

Ну а міратворчая прапанова... Хто ведае? Пастрэльваньне ж і сапраўды мае месца, ня факт, што праблему можна вырашыць адно дыпляматычным шляхам ці ўмацаваньнем групы назіральнікаў АБСЭ. Так што ня выключана, што ідэя міратворства ва Ўкраіне праз пэўны час увасобіцца ў жыцьцё, магчыма, з удзелам і беларускіх салдат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG