«Заробак намэнклятурнага начальніка — 40 мільёнаў за месяц...»

Валянцін Жданко

У Беларусі спыніўся эканамічны рост. Распрадаваць вырабленую прадукцыю прамысловым прадпрыемствам не ўдаецца — нягледзячы на суворыя папярэджаньні і пагрозы, якія ўвесь час гучаць на адрас ураду з боку Лукашэнкі. У выніку сярэдні рэальны заробак у краіне ўжо некалькі месяцаў запар не павялічваецца.

Зрэшты, не ўва ўсіх беларусаў усё так кепска. Выявіць тых, чый жыцьцёвы ўзровень не пацярпеў ад эканамічных праблемаў апошняга часу, дапамагла, як ні дзіўна, нядаўняя выбарчая кампанія.

Пачну размову на гэтую тэму зь ліста нашага даўняга слухача і аўтара Аляксея Былінскага з Рэчыцы:
«З 1 сакавіка зноў падвышаны многія цэны і тарыфы на камунальныя паслугі. У прыватнасьці, электраэнэргія падаражэла ўжо сёмы раз за апошнія 12 месяцаў.

Магчыма, для кагосьці гэта і прымальна. Але для каго? І куды ідуць гэтыя падвышаныя тарыфы? Тут у мяне ёсьць пэўныя здагадкі. Я пацікавіўся фінансавай дэклярацыяй за 2013 год дырэктара прадпрыемства „Гомельэнерга“ Пётуха — кіраўніка той арганізацыі, якая займаецца забесьпячэньнем электраэнэргіяй. Дык вось, гэты дырэктар летась атрымліваў прыкладна 35–40 мільёнаў рублёў за месяц. Іншымі словамі, за месяц яму дзяржава плаціла столькі ж, колькі нянечцы ў шпіталі — за два гады. Натуральна, каб плаціць такія заробкі, трэба адпаведна лупіць скуру са спажыўцоў электраэнэргіі.

Асабіста мне з такімі кандыдатамі ў дэпутаты ад улады — не па дарозе».

Намэнклятурныя начальнікі звычайна трымаюць у сакрэце свае даходы. Але тыя зь іх, хто захацеў падацца ў дэпутаты, вымушаны былі часткова рассакрэціцца — падаць дэклярацыі. У выніку выявіліся досыць цікавыя факты — кшталту тых, пра якія паведаміў у сваім лісьце Аляксей Былінскі. Напрыклад, стала вядома, колькі зарабляе намесьнік дырэктара па ідэалёгіі прадпрыемства «Мілавіца» Бабок — прыблізна 41 мільён рублёў за месяц. Ці дырэктар спартыўнага комплексу «Алімпійскі» Казлоў — 53 мільёны. Такім чынам, выявілася, што ў «сацыяльна арыентаванай» Беларусі даходы намэнклятурнага чынавенства (у тым ліку таго, якое фінансуецца зь дзяржбюджэту) у дзясяткі разоў перавышаюць даходы шараговых працаўнікоў.
✉ ✉ ✉

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў на падставе свайго багатага жыцьцёвага досьведу выпрацаваў шэраг філязофскіх аксіёмаў, якія, як ён піша, «хоць доказаў і не патрабуюць, але імі не пашкодзіла б кіравацца ў жыцьці самым розным людзям, ад прэзыдэнтаў да насельнікаў падвалаў і каналізацыйных калектараў». Аксіёма жыцьця ад Кастуся Сырэля нумар адзін гучыць наступным чынам: «Адлегласьць паміж тронам і плахай куды меншая, чым могуць уявіць сабе тыя, хто на троне». Ілюструючы яе, спадар Кастусь піша:
«Людовік XVI быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня на гільятыне „дэмакратычным“ шляхам — Канвэнт прагаласаваў «за» 310 галасамі з 383. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Людовік XVI прыняў дэмакратычную канстытуцыю 1791 году. Кароль быў вядомы ў народзе ня толькі сваёй сумленнасьцю, прастатой і нянавісьцю да раскошы, але й тым, што любіў сьлясарнічаць. Народ меў на яго вялікія спадзяваньні. Нішто спачатку не прадказвала бяды.

Не прайшло і году пасьля бясслаўнай сьмерці апошняга Людовіка з дынастыі Бурбонаў, як ва ўзросьце 38 год скончыла жыцьцё на гільятыне і яго жонка, Марыя-Антуанэта Аўстрыйская. Яе, аўстрыйку па нараджэньні, абвінавацілі ў сувязях з варожымі Францыі дзяржавамі, у тым ліку з Аўстрыяй (!?). Што тут дзівіцца — наш час таксама багаты на прыклады перасьледу па нацыянальнай прыкмеце.

...Расейскага імпэратара Паўла Першага забіла яго ўласная ахова — гвардзейцы. Яшчэ напярэдадні яму і да галавы не магло прыйсьці, што такое можа здарыцца.

…У 1914 годзе, на пачатку Першай сусьветнай вайны, рэйтынг цара Мікалая ІІ падскочыў да нябёсаў. Хіба мог ён тады падумаць, што ўсяго праз два гады яго вымусяць адрачыся ад прастолу, а праз чатыры — расстраляюць разам з жонкай, дзецьмі, а таксама ні ў чым не вінаватымі кухарам і лекарам у дадатак...

...У 1953 годзе сьмерць Сталіна аплаквала ўся краіна. Ёсіф Бродзкі казаў, што не было ў сьвеце ката, якога б аплаквала столькі людзей. Але ўсяго праз тры гады пасьля сьмерці тырана сталінізм быў асуджаны, а шматлікія помнікі Сталіну зруйнаваныя.

...25 лютага 2010 году адбылася інаўгурацыя абранага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. А 24 лютага 2014 году супраць Януковіча, які ганебна ўцёк з краіны, была распачатая крымінальная справа.

...У сакавіку 2014 году пасьля анэксіі Крыму Расеяй рэйтынг прэзыдэнта Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна падскочыў да нябёсаў... Але гісторыя на гэтым не спынілася — працяг будзе.
Кастусь Сырэль,
філёзаф-саматужнік зь мястэчка Ўшачы.

Адметна, што Лукашэнка пад уражаньнем ад лёсу Януковіча ў сваім нядаўнім тэлеінтэрвію сказаў, што ён бы ў такой сытуацыі нікуды не ўцякаў — адстрэльваўся б да апошняга, нават калі б застаўся адзін і суджана было пры гэтым загінуць.
Лукашэнка запэўніў, што Беларусь «у любой сытуацыі будзе разам з Расеяй». Цікава, што азначае «ў любой»? А калі Расея ўсьлед за Ўкраінай захоча адхапіць кавалак ад Беларусі?


Што праўда, адстрэльвацца пакуль няма ад каго. Лукашэнка пад ціскам Масквы дае згоду на разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі дадатковых расейскіх войскаў — фармальна дзеля абароны ад НАТО. Хоць наўрад ці хто ў Беларусі бачыць пагрозу для незалежнасьці з боку заходніх суседзяў. А вось суседзі ўсходнія сваімі дзеяньнямі выразна паказалі, што азначаюць для іх і дэкляраванае братэрства, і гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасьці, якія яны давалі суседнім постсавецкім краінам. Тым ня менш Лукашэнка падчас сваёй нядаўняй сустрэчы з маскоўскім візыцёрам Рагозіным яшчэ раз запэўніў, што Беларусь «у любой сытуацыі будзе разам з Расеяй». Цікава, што азначае «ў любой»? А калі Расея ўсьлед за Ўкраінай захоча адхапіць кавалак ад Беларусі?
✉ ✉ ✉

Пра драматычныя падзеі ва Ўкраіне і вакол яе разважае ў сваім допісе і наш слухач Міхаіл Крыцкі з Магілёва:
«Ну вось і захапіла Расея Крым, выгнала адтуль украінскіх вайскоўцаў. Гэта сапраўдная інтэрвэнцыя — што ж яшчэ? Там іх не спынілі, дык яны і далей пойдуць. Расейскае грамадзтва атручана шавінізмам ды імпэрскасьцю. Дзіўная гэта зьява. Здавалася б, столькі тэрыторыі ў расейцаў — абжывай, працуй, вырошчвай хлеб, гадуй скаціну. Дык жа не! Паедзьце ў суседнія зь Беларусьсю вобласьці — Смаленскую ці Бранскую. Поўны заняпад. Тысячы, мільёны гектараў колішняй ворнай зямлі ляжаць аблогам, зарастаюць кустоўем ды лесам. А ў вёсках п’юць-гуляюць, ніхто араць не зьбіраецца. Затое скажы ім слова пра Крым, пра Ўкраіну — тут жа за грудкі схопяць. Маўляў, правільна робіць Пуцін, трэба адваёўваць, аднаўляць вялікую Расею...

У Беларусі Лукашэнка робіць усё, абы толькі не пакрыўдзіць Расею. Русыфікаваў нас ужо дарэшты: нічога свайго не засталося, усё задушана. Ці ж так можна?

Калі Захад цяпер ня спыніць Пуціна, ён пойдзе далей — на Малдову, на Грузію, на Прыбалтыку... Сцэнар адпрацаваны. Правакатары толькі крыкнуць: „Нашых б’юць!“ — а расейскія войскі тут як тут. І да чаго гэта ў выніку можа прывесьці? Ад нашай Беларусі тады пэўна нічога не застанецца».

Сапраўды, усё сьведчыць пра тое, што фантомныя болі колішняй імпэрыі кіруюць крамлёўскімі палітыкамі нашмат больш, чым разважны сэнс і прагматычны разьлік. Так ужо было ў ня надта далёкай гісторыі 20-га стагодзьдзя. Сталінскі Савецкі Саюз, за няпоўныя дваццаць год ледзь акрыяўшы ад грамадзянскай вайны і разрухі — тут жа пачаў аднаўляць імпэрыю. Згадайце 39, 40, 41 гады. Як толькі зьявіліся спрыяльныя ўмовы, Масква распачала рэваншысцкія захопніцкія ўварваньні — у Польшчу, Малдову, Прыбалтыку, Фінляндыю. І цяпер адбываецца нешта падобнае. Мінулі два дзесяцігодзьдзі з часу краху СССР, расейцы за кошт гандлю энэрганосьбітамі толькі-толькі пачалі забываць пра «каўбасныя» электрычкі і талёны на масла — і Масква зноў пачынае аднаўляць страчаную імпэрскую веліч. А зрабіць гэта яна лічыць магчымым за кошт захопаў і прыніжэньня колішніх імпэрскіх ускраін.
✉ ✉ ✉

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста Юры Насевіч з Баранавічаў зьвяртае ўвагу на тое, як імкліва страчвае прэстыж у сёньняшняй Беларусі вышэйшая адукацыя:
«Назіраю, як шмат цяпер моладзі вучыцца ў ВНУ ды тэхнікумах. Не параўнаць з тым, што было калісьці ў СССР. А колькі новых унівэрсытэтаў паадчынялі — нават у раённых цэнтрах. Бацькі любой цаной цягнуць дзяцей у ВНУ — гатовыя нават аддаць апошнія грошы, абы ўладкаваць. Такое ўражаньне, што хутка ў нас усе будуць з дыплёмамі. А калі ёсьць дыплём — дык павінна быць працоўнае месца ў кабінэце, ля кампутара. Хто ж у такім разе будзе круціць гайкі ды працаваць на зямлі ў калгасах?

Зь іншага боку — куды ўладкуесься з тым дыплёмам? Праблема тут досыць вялікая. Інжынэрна-тэхнічныя работнікі, нават дасягнуўшы пэнсійнага веку, сыходзяць неахвотна, чапляюцца за свае крэслы да апошняй магчымасьці. І іх можна зразумець: на пэнсію ў нас пражыць цяжка. Хоць тут павінна быць як у той показцы: „Настала пара — сыходзь са двара“. Трэба саступаць месца маладым.

Дык вось у сувязі з гэтым я і думаю: ці не штампуе наша дзяржава лішніх студэнтаў? Патрэбны працоўныя рукі на будоўлях, ля станкоў, а ня ў офісах і чыноўніцкіх кабінэтах».

Справа ў тым, спадар Юры, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі паступова перастае быць бясплатнай і ўсё больш становіцца бізнэсам, сродкам для зарабляньня грошай. Напрыклад, летась у беларускіх ВНУ навучалася каля 445 000 студэнтаў. Зь іх амаль 290 000 (65%) — на платнай аснове. Пры гэтым кошт навучаньня няспынна і пасьлядоўна павялічваецца: за апошнія тры гады — больш як утрая. Усё большая колькасьць бацькоў вымушана забіраць дакумэнты сваіх дзяцей з унівэрсытэтаў альбо залазіць у крэдытныя даўгі. Дзяржава гэтай праблемай ня надта заклапочана: грошы на нікому не патрэбных спэцыялістаў марнуюцца не зь бюджэту, а з бацькоўскіх кішэняў. Ну, а ўладальнікі навюткіх незапатрабаваных дыплёмаў вельмі часта потым вымушаны брацца за працу, якая зусім не вымагае вышэйшай адукацыі.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by