«Расея без вайны жыць ня можа: Чачня, Грузія, цяпер вось Крым»

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111» Эфір 02 красавіка 2014 году

У нашай пошце за апошнія тыдні галоўнай працягвае заставацца ўкраінская тэма. Нават распавядаючы пра свае мясцовыя назіраньні і клопаты, слухачы міжволі скіроўваюць размову на тое, што ў гэтыя дні адбываецца на поўдні ад Прыпяці, у суседзяў-украінцаў, якія перажываюць драматычны пералом у сваёй нацыянальнай гісторыі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш даўні слухач і аўтар Мікола Скок з Баранавічаў вырашыў распавесьці пра свае мясцовыя праблемы, але не абышоў і ўкраінскі крызіс. Спадар Мікола піша:

«Сьмела сьцьвярджаю, што чыноўнікі, седзячы ля дзяржаўнага карыта, зусім не вылучаюцца дбайнасьцю і клопатам пра людзей. Прынамсі, пра чыноўнікаў баранавіцкіх ведаю гэта дакладна. Неяк спатрэбілася даведка, каб здаць на кірмаш парсюка. Пакуль атрымаў на гэта дазвол гарвыканкаму, дык боты знасіў, ходзячы па кабінэтах.
наркалягічны дыспансэр (людзі жартам называлі яго „сувораўскім вучылішчам“)
Ці вось яшчэ. У цэнтры гораду быў лапік зямлі — маленькі рынак. Можна было хутка і нядорага купіць розныя тавары. Некаму здалося, што гэта псуе выгляд. У выніку: ужо дзесяць год на гэтым месцы — пустка.

Яшчэ прыклад. Працаваў у горадзе наркалягічны дыспансэр (людзі жартам называлі яго „сувораўскім вучылішчам“). Зачынілі, хоць алькаголікаў у нас — процьма. А абшарпаны двухпавярховік з таго часу стаіць парожні, як помнік абыякавасьці.

Па горадзе адна за другой носяцца машыны начальства, снуе міліцыя, строем крочаць вайскоўцы...Заўважце: ніхто зь іх нічога не прадукуе. Гэта проста — вялікая армія дармаедаў. Іншы раз ад грукату вайсковых самалётаў дрыжаць шыбы, немагчыма заснуць. З кім зьбіраемся ваяваць? Здаецца, апроч Расеі, ніхто на чужыя тэрыторыі ў наш час не замахваецца.

Зойдзеш у аўтобус — там крычма крычаць на кожным прыпынку: „Если вы не оплатили проезд, то попадете в единую базу данных правонарушений, что повлечет для вас необратимые последствия“... Калі пасажыр не пасьпеў прабіць талён, дык кантралёры кідаюцца на яго, як аўчаркі...

Няма дабрыні, спагады, усьмешкі, затое ўсё перапоўнена агрэсіяй, азлобленасьцю, хцівасьцю. А гэта вядзе да дэградацыі і хваробаў. А нам далдоняць пра здаровы лад жыцьця. Падман і лухта».


Далей у сваім лісьце на Свабоду Мікола Скок з Баранавічаў зьвяртае ўвагу на якасьць беларускага харчаваньня. Ён піша:

«Харчы нашы перапоўнены хімікатамі. Гэта датычыць нават вады. Неяк убачыў у краме знаёмую зь дзяцінства назву — „ліманад“. Дай, думаю, успомню смак маленства. Аказалася, ад таго колішняга ліманаду застаўся толькі колер этыкеткі. Мутнае пойла ўяўляла сабой сумесь розных фарбавальнікаў, араматызатараў ды кансэрвантаў...Няўжо ня брыдка нашым камэрсантам ды вытворцам вырабляць такое?

Сёньня падман кіруе ўсім — уладай, бізнэсам, сродкамі масавай інфармацыі. Таму і на сьвеце трывожна. Высокія ўладары ідуць на ўсё, каб зацьвердзіць сваю веліч і багацьце. Яскравы прыклад — акупацыя імпэрскай Расеяй пакорлівай Украіны. У свой час я служыў у Кіеве. Люблю ўкраінцаў, салідарны зь імі. Здаецца, Расея без вайны ня можа жыць. Былі Чачня, Грузія. Цяпер вось Крым...

А наша Беларусь пры Лукашэнку падпала пад поўны ўплыў Пуціна зь ягонымі агрэсіўна-захопніцкімі плянамі.

Я пайшоў у царкву і паставіў сьвечку за вольную Украіну...»
.

Так, ад таго, ці ўдасца ў сёньняшніх умовах выстаяць Украіне, у вельмі вялікай ступені залежыць і будучыня незалежнай Беларусі. Аказалася, мелі рацыю тыя ўсходнеэўрапейскія краіны, якія адразу пасьля краху СССР і Варшаўскага блёку пастараліся максымальна аддаліцца ад Масквы, адгарадзіцца ад яе межамі, візамі і сяброўствам у НАТО. Тыя, хто не пасьпеў ці не захацеў гэтага зрабіць, сёньня ў няпэўнасьці — чаго чакаць ад Расеі: ці то ўводу танкаў, ці прапановы добраахвотна далучыцца да таго «Русского мира», пра аднаўленьне якога абвясьціў Пуцін.

На гэту ж тэму — ліст ад Тацяны Колышавай зь Менску. Разважаючы пра шавіністычны ўздым, якім апанавана ў гэтыя дні расейскае грамадзтва, слухачка піша:

«Няўжо расейскі народ страціў інтуіцыю, якая кожнаму чалавеку на працягу ўсяго жыцьця падказвае: дзе дабро, а дзе зло; дзе праўда, а дзе — хлусьня? Не магу паверыць, што такія вядомыя і калісьці паважаныя мной асобы (расейская эліта) падтрымліваюць пуцінскую агрэсію супраць Украіны. Які туман ім засьціць вочы?

...Калі воддаль гучыць набат, не адразу разумееш, што гэта — ня сьвята, што бяда набліжаецца і да твайго парогу. Будзе надта позна, калі штурмавікоў у вайсковай форме без апазнавальных знакаў мы ўбачым і на парозе ўласнага дому. Няўжо будзем сустракаць іх з кветкамі?
А можа, пачнем клясьціся ў братэрскай любові, пераконваць, што ўсе мы — таксама расейцы, вось толькі вымаўленьне ў нас крыху ня тое... Пачнем прасіць, каб старэйшы брат літасьціва дазволіў нам жыць на нашай зямельцы? А ўжо мы за гэта зробім усё, што ён захоча, — абы толькі ён адчуваў сябе тут прывольна. Ён баіцца бандэраўцаў (цьфу, бээнэфаўцаў)? Дык мы самі іх задушым, разам з марай пра незалежнасьць і свабоду. Навошта старэйшаму брату траціць патроны: у нас ёсьць свой АМАП і свае снайпэры...

А калі старэйшаму брату спатрэбіцца, наш правадыр здасьць краіну разам з намі пад добраахвотную акупацыю — каб толькі на нейкі час заставацца губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю.

І калі вы, шаноўнае спадарства, лічыце такі расклад нерэальным, то глыбока памыляецеся»
.

Беларуская незалежнасьць, сапраўды, мала чым абароненая ад магчымай агрэсіі з усходу. На працягу мінулых дваццаці гадоў замест таго, каб ствараць, будаваць, згуртоўваць народ вакол нацыянальных каштоўнасьцяў (і найперш мовы), Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна давяршаў русыфікацыю. І як цяпер змабілізоўваць гэта зрусыфікаванае грамадзтва? Да абароны чаго заклікаць, калі Масква паабяцае: адмоўцеся ад незалежнасьці, а мы вам за гэта — падвышаныя заробкі і пэнсіі? Усё роўна ж нічога нацыянальна адметнага ў вас фактычна не засталося. Вы, як казаў Пуцін, частка «Русского мира», «Исторической России».

Праўда, самому Лукашэнку такі сцэнар наўрад ці прыйдзецца даспадобы. Пасада губэрнатара ці кіраўніка Беларускай фэдэральнай акругі, якога Масква ў любы момант можа адставіць, — гэта зусім не раўнацэнная замена. Ня тая пашана, ня тыя грошы, ня тыя магчымасьці. Ды і якім будзе месца ў нацыянальнай гісторыі? Быў першым прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы — а давёў краіну да анэксіі і страты незалежнасьці... Не, тут Лукашэнка будзе супраціўляцца да апошняй магчымасьці.

Мы вернемся да агляду лістоў на Свабоду пасьля кароткай абвесткі.

Летась мы шмат распавядалі пра віцебскага доктара і нашага даўняга аўтара Ігара Паснова — гісторыю таго, як яго, чалавека з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, выкрывальніка шматлікіх злоўжываньняў мясцовай улады, гвалтам зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Днямі мы атрымалі ад спадара Ігара новы ліст з развагамі пра маштабы карупцыі ў галіне аховы здароўя. Слухач піша:

«Ведаю, што ва ўсіх нашых шпіталях існуе сыстэма прымусовай эканоміі
Губэрнатары сваіх не здаюць
заробкаў і неабгрунтаванага ўзбагачэньня галоўных урачоў. Напрыклад, камісія высьветліла, што толькі ў Цэнтры псыхіятрыі, дзе я працаваў, адміністрацыя па сутнасьці адабрала ў пэрсаналу паўтара мільярда рублёў за кошт таго, што не далічвала заробкі. І так — паўсюль. Гэта — вялізныя грошы. Губэрнатары сваіх не здаюць. Сумняюся, што праверкі працягнуцца.. І па-ранейшаму ня будзе весьціся рэканструкцыя шпіталёў, будзе разбурацца ўжо пабудаванае, расьцягвацца незавершанае... Дасьведчаныя людзі мне патлумачылі: у многім вінаватая сыстэма так званых «адкатаў»: кіраўнікі будаўнічых фірмаў у змове з галоўурачамі дзярбаняць дзяржбюджэт. А я-то думаў: чаму пры бюджэце ў 400 мільярдаў рублёў дагэтуль не завяршылі рэканструкцыю інфэкцыйнай бальніцы.

Цяпер мне зразумела, чаму некаторыя галоўныя ўрачы могуць дазволіць сабе замежныя пуцёўкі, кватэру для сына ў Менску, навучаньне дачкі ў прэстыжнай ВНУ за мяжой... Карупцыя праела ўсю «вэртыкаль» — і гэтага, лічу, ня можа ня ведаць прэзыдэнт. Пра гэта я адкрыта кажу ўжо на працягу некалькіх гадоў. А яны замест таго, каб дэталёва ўсё праверыць, зачынілі мяне ў «дурку». Але ж гэтым праблему ня вырашыш. Усе ўсё бачаць. Усіх не зачыніш і цэлую краіну не ператворыш у адзін вялікі дурдом.

Ці могуць у нас паўтарыцца падзеі, падобныя да ўкраінскіх? Чыноўнікі высокага ўзроўню сьцьвярджаюць, што — не. Маўляў, у нас карупцыя мінімальная, зь ёй усе змагаюцца. А дзеці высокіх чыноўнікаў нібыта ня ўдзельнічаюць у бізнэсе. Але ж гэта — няпраўда. Маштабная карупцыя — гэта адметнасьць любой таталітарнай дзяржавы, якая жыве не паводле закону, а згодна з «паняцьцямі»


Сапраўды, шырокія ўладныя паўнамоцтвы чыноўнікаў, адсутнасьць грамадзкага кантролю за іх дзейнасьцю моцна спрыяюць карупцыі. Аднак тут варта мець на ўвазе і тое, што аўтарытарныя рэжымы валодаюць разгалінаваным карным апаратам, і пры пэўных умовах здольныя жорстка кантраляваць гэтыя працэсы. Згадайма, напрыклад, якія хуткія і бязьлітасныя прысуды выносяць абвінавачаным у карупцыі, напрыклад, у Іране ды Кітаі. Нямала сьмяротных прысудаў хабарнікам выконвалася і ў былым Савецкім Саюзе.

Аляксандар Лукашэнка быў яўна ўражаны ўкраінскім Майданам, і пасьля яго некалькі разоў выказваўся наконт карупцыі як адной з галоўных прычынаў, якая вывела ўкраінцаў на плошчу. Гэту выснову цяжка аспрэчваць. Адметна, што на працягу апошніх месяцаў у Беларусі прыкметна вырасла колькасьць выяўленых высокапастаўленых хабарнікаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by