Знайшлі падазраванага ў сьмерці Ігара Пцічкіна ў менскім СІЗА

Ім стаў турэмны лекар.
Крымінальную справу аб сьмерці ў сьледчым ізалятары №1 гораду Менску асуджанага Ігара Пцічкіна будзе расьсьледаваць Сьледчы камітэт Беларусі.

«Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК прыняло да сваёй вытворчасьці крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўніка мэдыцынскай часткі СІЗА-1 упраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Менску і Менскай вобласьці, які падазраецца ў неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць асуджанага Ігара Пцічкіна, і працягвае расьсьледаваньне»,— паведаміла «Інтэрфаксу» афіцыйны прадстаўнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова.

Яна праінфармавала , што «ў сувязі з прызначэньнем паўторнай судова-мэдыцынскай экспэртызы, сьледзтвам праведзеная эксгумацыя цела памерлага зь месца пахаваньня».

Сястра нябожчыка Ірына Пцічкіна распавяла Свабодзе:

«Эксгумацыю зрабілі 4 сьнежня. Ужо зрабілі патрэбныя экспэртызы і перазахавалі Ігара на могілках ў Сеньніцы. Вынікі стануць вядомыя празь месяц. Мы адпачатку дамагаліся расьсьледаваньня забойства Ігара, і гэта рэальны крок менавіта ў такім накірунку. Экспэрты мусяць дакладна вызначыць дзень сьмерці Ігара і паходжаньне траўмаў, якія ў яго знайшлі. Паводле сьледчага, вынікі экспэртызы стануць вядомыя празь месяц і пра іх мусяць паведаміць нашай маці, якая прызнаная пацярпелай у справе, але зь яе ўзялі падпіску пра неразгалошаньне. Паводле маіх зьвестак, маці сьледчаму пакуль давярае», — расказала Ірына Пцічкіна.

Жыцьцё 20-гадовага Ігара Пцічкіна скончылася 4 жніўня ў ізалятары на Валадарскага, куды мянчук трапіў у канцы ліпеня для адбыцьця 3 месяцаў арышту за знаходжаньне ў нецьвярозым стане за рулём аўтамабіля. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ў ізалятары яго забілі, і не выключаюць, што гэта зрабілі супрацоўнікі з адмысловай каманды па задушэньні забурэньняў у вязьніцы.

Адміністрацыя ізалятару спачатку настойвала на вэрсіі, што Ігар Пцічкін памёр ад сэрца. Пасьля несанкцыянаванага пікету каля Валадаркі, у якім бралі ўдзел сваякі, сябры Ігара Пцічкіна і грамадзкія актывісты, у кастрычніку была распачатая крымінальная справа супраць лекара ізалятару паводле артыкулу аб неаказаньні патрэбнай мэдычнай дапамогі. Пра вынікі гэтага расьсьледаваньня грамадзкасьці амаль нічога невядома.