Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Прафэсар Бандажэўскі перадаў сваю брашуру «Свабодзе», каб зь ёй маглі пазнаёміцца вязьні, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі, і іх сваякі. У брашуры выкладзеныя парады, як падтрымліваць уласныя сілы з дапамогай энэргетычных практыкаваньняў і псыхатэхнік, як харчавацца арыштантам, улічваючы асаблівасьці арганізму, даецца навуковае абгрунтаваньне гэтых мэтодык.
На просьбу сваякоў беларускіх вязьняў Бандажэўскі дапісаў разьдзелы пра тое, як сам змагаўся з набытымі ў няволі цяжкімі хваробамі, пра самалячэньне, пра народную турэмную мэдыцыну і фізычную загартоўку за кратамі, пра ролю, якую ў падтрымцы энэргетычнага мэтабалізму (менавіта па ім б’е ў першую чаргу беларуская вязьніца) адыгрываюць прыход да веры, штодзённая актыўная разумовая дзейнасьць і маральная дапамога вязьню звонку, уключна з спатканьнямі ды ліставаньнямі. Як навуковец-радыёляг, аўтар таксама спыняецца на ўплыве чарнобыльскага фактару на здароўі зьняволеных.
Юры Бандажэўскі
«Сыстэма выжываньня чалавека» пісалася мной за кратамі. Гісторыя майго зьняволеньня (1999-2005) — гэта ўсяго толькі адзін прыклад выжываньня ў экстрэмальных умовах беларускай вязьніцы. Падобна многім тысячам беларусаў, я мусіў прайсьці выпрабаваньне няволяй. Як і шмат каго яшчэ, мяне падчас працяглага знаходжаньня за кратамі напаткалі розныя сур’ёзныя хваробы.
Назіраючы за паводзінамі ўласнага, дый ня толькі, арганізму, я бачыў, які калясальны стрэс перажываюць вязьні. Гэты стрэс адчуваеш ад самога пачатку, яшчэ падчас сьледзтва, калі твая віна нават ніяк не даказаная. З усімі намі на гэтым этапе «працуюць» спэцыялісты ў галіне так званага «правапарадку», а дакладней — разбурэньня здароўя... Ім любым чынам трэба даказаць віну арыштантаў. Мы ж, падсьледныя, — у стане незвычайнай напругі, якая закранае ўсе сыстэмы арганізму і прымушае траціць велізарную колькасьць энэргіі.
У гэтых умовах чалавек адразу пачынае адчуваць энэргетычны голад, нават калі і спажывае ежу. Найбольш адчувальныя да недахопу энэргіі клеткі галаўнога мозгу, сэрца, пячонкі, нырак, эндакрыннай сыстэмы.
Калі казаць зусім банальна, на тле хранічнага стрэсу парушаецца энэргетычны мэтабалізм чалавека, а зь ім і функцыі большасьці жыцьцёва важных органаў. Прачынаюцца ўсе тыя захворваньні, якія ў чалавеку сьпяць і ў іншай сытуацыі маглі б спаць яшчэ доўга. Як навуковец-радыёляг, які апошнія 25 гадоў (уключна з шасьцю гадамі зьняволеньня) займаецца вывучэньнем наступстваў аварыі Чарнобыльскай АЭС для жыцьцядзейнасьці людзей і жывёлін, з усёй адказнасьцю кажу: гэты чарнобыльскі фактар ня можа не ўплываць на дынаміку і разьвіцьцё захворваньняў сярод беларускіх зьняволеных.
Радыеактыўны элемэнт — цэзій (Cs-137), які жыхары Беларусі, паводле існуючых навуковых зьвестак, увесь час на працягу паўстагодзьдзя (да і пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС)* атрымліваюць у асноўным з харчовымі прадуктамі, што вырабляюцца на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, а таксама зь піцьцём, з паветрам, — вельмі агрэсіўны разбуральнік чалавечай энэргіі. Гэты элемэнт падрывае энэргетыку дыфэрэнцыяваных клетак сардэчна-сасудзістай, нэрвовай, эндакрыннай ды іншых сыстэм. Аднак цяпер афіцыйна чарнобыльскі ўплыў нідзе і ніяк ня ўлічваецца. Нават на волі, ня кажучы ўжо пра турму.
Міжнародная дабрачынная арганізацыя «Лекары бязь межаў», якая праводзіла маніторынг у турмах краін былога СССР, назвала праблемы страўнікава-кішачнага тракту найбольш распаўсюджаным захворваньнем у зьняволеных постсавецкага рэгіёну. Працяглае нэрвовае перанапружаньне, псыхалягічна цяжкае чаканьне суду, адваката, прысуду ў спалучэньні зь ня надта прымальнай ежай цягнуць за сабой наступствы ў выглядзе гастрытаў і язваў. Прычым калі на волі ў чалавека нейкіх сымптомаў гэтых хвароб не было, то ва ўмовах сырых муроў падобная паталёгія ўзьнікае ў першую чаргу. Найчасьцей усё пачынаецца з празаічных праблемаў са стулам. Доўгі час гэта можа заставацца адзіным сымптомам нейкай цяжэйшай паталёгіі.
Другое месца сярод найбольш распаўсюджаных «турэмных захворваньняў» займаюць хваробы суставаў і апорна-рухальнага апарату. Зьняволеныя, ня маючы ў дастатковай ступені фізычных нагрузак, робяцца ў турэмных сьценах аслабленымі. Недахоп кальцыю і жалеза, а таксама іншых мікраэлемэнтаў і вітамінаў у ежы паступова вядзе да жалезістай анэміі і гіпакальцыеміі. Як вынік, косьці шкілету аказваюцца аслабленымі, узьнікаюць другасныя захворваньні касьцей і суставаў — артрыт, астэахандроз, астэапароз, рэўматычныя захворваньні суставаў і касьцявых тканак.
Трэцяе месца ў сьпісе займаюць захворваньні дыхальнай сыстэмы, бронхаў, лёгкіх, трахеі і гартані. З прычыны няспынных скразьнякоў аслабленаму арганізму зьняволенага ўсё цяжэй даваць рады цяжкім жыцьцёвым умовам камэры, і ён робіцца паддатны самым розным прастудам. Захворваньні гэтыя могуць цягнуцца доўга і пераходзіць у запушчаныя формы, калі іх недастаткова лячыць і не мяняць умовы побыту хворага. Вельмі ўскладняе сытуацыю тое, што большасьць зьняволеных — актыўныя ці пасіўныя курцы.
Высокае месца ў сьпісе найбольш распаўсюджаных «турэмных захворваньняў» займаюць дэрматалягічныя хваробы. Так, пасьля падзеяў 19–20 сьнежня 2010 году шмат хто трапіў у сьледчыя ізалятары жорстка зьбітым, з гнойнымі ранамі і інфэкцыйнымі паразамі скуры і мяккіх тканак. Пры адсутнасьці неабходных мазяў і нячастых перавязках множныя ачагі паразаў хворага нярэдка прыводзілі да таго, што хвароба пераходзіла ў схаваную форму і нечакана падкрадалася да зьняволенага ўжо ў турме.
Што да інфэкцыйных хваробаў, то бясспрэчны лідэр сярод іх у месцах пазбаўленьня волі — сухоты адкрытай і закрытай формы. Стала расьце колькасьць ВІЧ-інфікаваных зьняволеных. Асаблівую заклапочанасьць выклікае патэнцыйная небясьпека масавага распаўсюджваньня сухотаў сярод ВІЧ-інфікаваных зьняволеных, бо ў турмах паказчыкі захворваньня на сухоты, у тым ліку на іх лекава-ўстойлівыя формы, у шмат разоў вышэйшыя, чым на волі.
У няволі я сутыкнуўся з самымі рознымі праявамі гэтых хваробаў.
Ведаючы, што я лекар, людзі зьвярталіся да мяне, і я дапамагаў, наколькі гэта было магчыма. Праўда, я мог аказваць толькі кансультацыйную дапамогу. Людзі чакалі ад мяне парады, што лепш рабіць, як сябе паводзіць і г.д.
Не абмінулі хваробы і мяне таксама...
Працяг будзе.

У няволі трэба прымусіць хваробы маўчаць

*( Згодна з навуковай літаратурай, выдадзенай да аварыі на ЧАЭС у 1986 савецкім выдавецтвам Атомиздат, радыяцыйная экспансія на тэрыторыі Беларусі пачалася з 1960-х гадоў. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць кніга «Глобальные выпадения цезия-137 и человек» / А. Н. Марей, Р. М. Бархударов, Н. Я. Новикова. — выдадзеная выдавецтам у 1974 у Маскве. Пасьля красавіка 1986 манаграфія зьнікла як зь беларускіх, так і з расейскіх бібліятэк. Знайсьці яе, аднак, удалося ў маленькай гомельскай бібліятэцы. У адсканаваным выглядзе кніга сёньня зьмешчаная на сайце Chernobyl-today.org)
Your browser doesn’t support HTML5
Хваробы і перадхваробы