Чорны плашч перапёлкі

Іван Чыгрынаў

Іван Чыгрынаў у Балгарыі. 1964 г. З фондаў БДАМЛМ

Гукаперайманьні — самая загадкавая і самая ўмоўная часьціна мовы; над тым, чаму сабака на адным канцы сьвету брэша «гаў-гаў», а на другім — «ван-ван», можна думаць усё жыцьцё і ўрэшце звар’яцець, забыўшыся, што ў сапраўднасьці той сабачка меў на ўвазе нешта зусім іншае.

Піць-піль-віць. Так плача ў Івана Чыгрынава перапёлка над сваім разбураным гняздом, абвяшчаючы надыход вайны, і ўвесь ягоны знакаміты раманны цыкль ёсьць, па сутнасьці, спробай людзей разгадаць тое пасланьне. Асабліва гэта адчуваецца ў першым рамане, які зрабіў аўтару імя: «Плачы перапёлкі», такіх сабе вайскова-арніталягічных штудыях, дзе зь нечалавечай падрабязнасьцю фіксуецца ледзьве ня кожны крок герояў. Аддамо належнае аўтару: у тым трывожным, пакутлівым «піць-піль-віць» сапраўды выразна чуецца блізкая вайна, адступленьне, акружэньне, можна разабраць у ім і варушэньне засьмяглых вуснаў параненага, і сьвіст куляў, і сьсечаныя імі галінкі, і рэха апошніх баявых камандаў, якія ўжо ні на што ня могуць паўплываць. Але ж перапёлка ні пра што такое і ня думала...

Той цыкль Чыгрынаў пачаў пісаць яшчэ ў самыя што ні ёсьць савецкія часы, а скончыў у часы незалежнасьці. Таму першыя яго раманы ідэйна вытрыманыя, а апошнія патыхаюць ужо там-сям нейкай прыемнай нацдэмаўшчынай. Натхнёны Мележам, ён паспрабаваў стварыць свой варыянт «балотных людзей», толькі балота тут асаблівае: яго героі — «жыхары мяжы»; высьвятляецца, што яны жывуць у месцы, якое спрадвеку было паграніччам, рысаю на мапах, паласой адчужэньня. Праўда, гэты факт да пачатку вайны пасьпеў імі забыцца — і прыход немцаў, як ні дзіўна, абуджае ў людзях памяць пра тое, што тут, аказваецца, была мяжа паміж Беларусьсю і Расеяй. «Неяк ажно дзіўна разьмешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок паклаў яе так», разважае адзін з герояў Чыгрынава, вясковы філёзаф Прыбыткоў. «Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося». І ў гэтай наіўнай спробе сфармуляваць нацыянальную ідэю ёсьць нейкая зайздрасьць да птушак, не прывязаных да зямлі, нейкая падсьвядомая арыентацыя на крылатых, пэўнае прыўзьніманьне на дыбачках лёсу, каб зірнуць на свае гнёзды з вышыні птушынага палёту.

Іван Чыгрынаў з баўгарскім літаратуразнаўцам і перакладчыкам Георгіем Вылчавым. 1964 г. З фондаў БДАМЛМ

Некалі Набокаў, ці то парадыйна, ці то ўсур’ёз напісаў пра раман «Quercus», «Дуб», якім варта было б заняцца якому-небудзь мадэрністу. У гэтай гіпатэтычнай таўшчэзнай кнізе ўсё мусіла адбывацца вакол тысячагадовага дуба: апісваліся б усе людзі, якія спыняліся ў ягонай засені, усе падзеі, якія калі-кольвечы разгортваліся каля яго, усе істоты, якія жылі на ім, усе зьмены ляндшафту — гісторыя нерухомага дрэва, якое піша сабой гісторыю сьвету. Здаецца, нешта падобнае атрымалася напісаць у Чыгрынава — толькі тут замест дуба лясная птушка, якую не відаць у густой, чорнай у прыцемках вайны лістоце, але якую ўсе чуюць і знакі якой усе намагаюцца расшыфраваць. Ягоныя героі «па падворку ходзяць і ходзяць», але нікуды не сыходзяць, шторазу вяртаючыся ў тое самае месца, адкуль чуецца «піць-піль-віць» і толькі ў апошнім рамане цыклю аўтар нарэшце выдае ім выязныя візы: каму да Менску, каму нах Вэстэн.

Справа налева: Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Валянціна Пташнікава, Барыс Сачанка. 1964 г. З фондаў БДАМЛМ

Чыгрынаў — настолькі эпічны, што далей няма куды. Часам з эпікай перабор, часам яна робіцца ў яго самамэтай. Хаця ад пісьменьніка, галоўны герой якога мае імя Дзяніс Яўменавіч Зазыба, можна было чакаць пэўнай грувасткасьці. Нават назвы большасьці яго раманаў цяжкія, як дошкі пад сьвяточную трыбуну. Часам пампэзныя: «Апраўданьне крыві», «Вяртаньне да віны», часам проста патасныя: «Ня ўсе мы згінем». Але нават апошнім, сьпехам і схематычна (у параўнаньні з дасканала зробленым «Плачам») дапісаным раманам тон задае тая самая перапёлка. У пяць сваіх раманаў Чыгрынаў, зь пераменным посьпехам, уціснуў-такі ўсю тую вайну, якой яна была для беларусаў: дзеяньне пачынаецца ад акружэньня савецкіх войскаў і першых месяцаў акупацыі і сканчаецца — празь дзевяцьсот з гакам старонак — на партызанскім парадзе ў Менску на Савецкай вуліцы, дзе Дзяніс Зазыба сьмяецца з баявога казла і бачыць здалёк Чарняхоўскага і Панамарэнку.

Рэдакцыя часопіса “Полымя”. Справа налева: Іван Чыгрынаў, Рыгор Шкраба, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Генадзь Кляўко. Менск, 1970-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Дзяніс Зазыба — чалавек правільны, ён пацярпеў ад «савецкай уласьці», але правільным быць не перастаў, праз што зрабіўся яшчэ правільнейшым. Але камуніст Чубар, у якога на пяцьдзясят старонак адбываецца раман зь вінтоўкай, правільнейшы і за Зазыбу. Чыгрынаў наогул засяліў створаны ім сьвет пераважна правільнымі людзьмі, нягоднікаў тут мала, астатнія — проста немцы, якім паложана быць лютымі і часам падаць у калодзежы беларускага народнага супраціву, у тым ліку ў літаральным сэнсе (як гэта і адбываецца з адным нямецкім кавалерыстам).

Ягоным немцам, дарэчы, дазволена больш, чым беларусьфільмаўскім зь іхным «Шнэля, шнэля», і таму яны спакойна вядуць сабе разгорнутыя дыялёгі, пераважна пра ежу і баб. Аўтар ім не замінае. Але Чыгрынаў піша партызанскую кнігу — і як літаратурны партызан, пагарджае чужаземнай лацініцай. Таму акупанты ў яго размаўляюць зь верамейкаўскім акцэнтам:

Генуг. Вір фэршойхен нур ды хазэн.

Айн тыр нідэрцукнален, Курт, дас вэрэ вар фюр унс гэвезен. Іх хабэ шон швайнэфляйш я цум коцэн зат.

Пісьменьнікі на адпачынку ў Піцундзе. Другі справа – Іван Чыгрынаў. 1978 г. З фондаў БДАМЛМ

...Зазыба з Чубарам праходзяць праз увесь цыкль раманаў — «нясьпешна, нібыта ня трацячы намаганьняў на рухі». Напэўна, каб не «атруціцца трупным дыханьнем вайны». Адчуваецца, што апрача гэтай задачы, аўтар напачатку не патрабаваў ад сваіх герояў нічога — але напрыканцы ў Зазыбы прачынаецца яшчэ і нейкая нацыянальная самасьвядомасьць... Мільгае на старонках Натальля Арсеньнева, сын Зазыбы Масей друкуецца ў калябарацыянісцкім друку і вымушаны ўцякаць зь немцамі на Захад, і аўтар іх ужо не асуджае. Наадварот, спрабуе зразумець. Раман пра партызанскую барацьбу «за савецкую ўласьць» перарастае ў раман пра барацьбу нацыі за выжываньне. Бывае. Цікава толькі, чым дыктавалася такая мэтамарфоза. Часам? Кан’юнктурай? Прасьвятленьнем?

Іван Чыгрынаў. 1980-я гг. Фота Анатоля Каляды. З фондаў БДАМЛМ

«Выходзіць, вы ў нямецкі кухаль маеце намер наліць свайго, беларускага піва?.. А ці ня стане яно падобнае на смак на мюнхенскае?...

Спадзяюся, што не. Таму што наша, беларускае, піва ў чужым кухлі заўсёды пракісала. Проста мы ніколі ня ўмелі яго варыць... Заўсёды яно атрымлівалася з прысмакам. Ці то з польскім...

Ці то рускім?

Я адмаўляць гэтага ня стану».

Неяк у Чыгрынава ў рэшце рэшт усе з усімі прыміраюцца, ды і як інакш: вайна ж скончылася. Верамейкі зноў перасталі быць мяжой.

У чыгрынаўскіх раманах ужыта ня так шмат розных прыёмаў, Чыгрынаў наогул — пісьменьнік дужа аднастайны і стылістычна беднаваты. Але цікава, як ён прымушае працаваць на сваю задуму сухія справаздачы. Яшчэ ў «Плачы перапёлкі», на самых першых старонках, зьяўляюцца розныя «нелітаратурныя» устаўкі. «Астаткі 55-й дывізіі, якая ўваходзіла тады ў 13-армію, што абаранялася на Сожы паміж Прапойскам і Крычавам, без баёў пераправіліся церазь Бесядзь, невялікую раку на паўднёвым усходзе Беларусі, і адступілі на Стругаўскую Буду». Выкшталцоны сказ, здольны раз і назаўсёды адбіць жаданьне чытаць далей такую прозу.

Але вось калі ўявіць сабе, што ніякіх мапаў пад рукой няма, што гэта проста перапёлка, якая ўжо адчувае страту гнязда, робіць рэкагнасцыроўку на мясцовасьці — тады ўсё выглядае інакш. Нешта падобнае абавязкова мусіла зьявіцца ў беларускім «Дубе». Прафэсійна займаўшыся гісторыяй акупацыі, папрацаваўшы ў архівах, Чыгрынаў часам дае ў сваіх раманах цэлымі вялізнымі кавалкамі вытрымкі з дакумэнтаў, згадвае ці ня ўсю акупацыйную прэсу, вольна арыентуецца ў загадах і інструкцыях. Карацей, у ход ідзе ўсё, каб дасягнуць запаветнай раманнай Індыі ўсіх яе віцэ-каралёў — праўдзівасьці.

Ці, па-перапёлчынаму, піць-піль-віць.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Слупы — і часам кактусы (Пімен Панчанка)
Вырванае з рэбраў (Ларыса Геніюш)
Знакі і сымбалі (Міхась Стральцоў)
Сны Адама (Янка Юхнавец)