Выбарчая кампанія ў рэгіёнах — гэта легальны спосаб інфармаваньня грамадзянаў

Ці будуць удзельнічаць у выбарах рэгіянальныя актывісты дэмакратычнай апазыцыі?
Магілёўскія актывісты Партыі БНФ пакідаюць за сабой права кансалідавана здымацца з выбараў

У Магілёве мясцовыя актывісты партыі БНФ вырашылі паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Сярод тых, хто наважыўся балятавацца ў Палату прадстаўнікоў, — кіраўнік гарадзкой партыйнай арганізацыі Сяргей Брыцікаў. Паводле актывіста, падчас выбарчай кампаніі важна скарыстаць магчымасьці інфармаваньня насельніцтва пра сытуацыю ў краіне:

«Застаюцца ўсё ж нашы ўмовы, якія ўлада ня выканала ды можа й ня выканаць. Гэта — вызваліць палітвязьняў і павінны быць нашы прадстаўнікі ў тэрытарыяльных камісіях. Калі яны ня будуць выкананыя, то тактыка, абраная фронтам, у тым, што мы на пачатку папярэдняга галасаваньня будзем кансалідавана здымацца з выбараў».

Актывіст АГП будзе вылучацца ў акруговую выбарчую камісію

Магілёўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Парфёнаў зьбіраецца вылучацца ў акруговую выбарчую камісію. Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ён быў адзіным прадстаўніком апазыцыі, якога зацьвердзілі ў абласную выбарчую камісію.

«Пастаянна нам адмаўляюць праз тое, што ў нас няма досьведу працы ў камісіі. Я па працы ў мінулай камісіі не прызнаў выбары, але пры гэтым ні ў кога зь сяброў камісіі ня можа быць да мяне прэтэнзіяў, што я не выконваў даручэньняў камісіі. Калі мяне гэтым разам ня ўключаць, то тут будзе зусім ужо надуманая праблема».

Дзейны дэпутат ад БХД трымаецца пазыцыі байкоту

Дэпутат Асіповіцкага раённага савету, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксей Цюлькоў трымаецца пазыцыі байкоту выбараў:

«Тое, што мы ўдзельнічаем у выбарах і спрабуем толькі падыгрываць уладзе, — гэта толку не прыносіць. Неабходна, каб былі зьмены выбарчага заканадаўства, вызваленьне палітвязьняў і доступ да СМІ. Усё гэта павінна рабіцца ў комплексе. Неабходная кансалідацыя грамадзтва. Каб людзі разумелі, што выбараў няма і нам неабходна адмежавацца ад гэтай улады».

Уладзіміру Навасяду абяцаюць падтрымку ў Магілёве

Актывісты незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу будуць працаваць толькі на аднаго свайго вылучэнца ў Менску. Паводле намесьніка старшыні партыі магілёўца Аляксандра Сілкова, у Палату прадстаўнікоў вылучаецца лідэр партыі Ўладзімер Навасяд: «Мы разумеем, што выбары гэтыя будуць, як заўжды, фальсыфікаваныя, але трэба скарыстаць магчымасьць, каб паразмаўляць з насельніцтвам. Трэба прызнаць, што ў Магілёве няма вялікіх людзкіх рэсурсаў, каб правесьці пасьпяховую выбарчую кампанію вылучэнцаў ад нашай партыі».

Трэба выкарыстаць «лукашэнкаў фарс» у сваіх мэтах

Сярод актывістаў апазыцыі на Гарадзеншчыне адзінага погляду на ўдзел у выбарчай кампаніі дагэтуль ня склалася, але большасьць лічыць, што выбарчую кампанію варта скарыстаць дзеля сваіх інтарэсаў.

Актывіст партыі АГП з Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч лічыць, што падчас выбарчай кампаніі ні ў якім разе нельга сядзець склаўшы рукі. Ён таксама кажа, што заранёў ведае: выбараў ніякіх ня будзе і галасоў ніхто лічыць таксама ня будзе.

Таму ён прапануе выкарыстаць гэты час ня толькі дзеля таго, каб агітаваць людзей за тое, каб яны ня бралі ўдзел у выбарах. Ён прапануе, каб падчас кампаніі, зарэгістраваўшыся кандыдатамі, апазыцыйныя дзеячы легальна ў сваіх рэгіёнах уздымалі самыя праблемныя пытаньні.

Лёзунгі кампаніі на Астравеччыне: «За выбары без Лукашэнкі!» й «Не — АЭС у Беларусі!»

У Астравецкім раёне, да прыкладу, Уласевіч прапануе раскручваць кампанію супраць будаўніцтва АЭС.

Уласевіч: «Я лічу, што лёзунг „За выбары без Лукашэнкі!“ павінен гучаць, але нароўні зь ім павінен быць і іншы лёзунг: „Не — АЭС у Беларусі!“, бо АЭС — гэта страшныя экалягічныя наступствы і палітычныя, мы ўвогуле можам страціць Беларусь».


Іван Шэга: «Мы абралі тактыку ўдзелу, але з датэрміновым зьняцьцём кандыдатаў»

Кіраўнік слонімскай раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга прытрымліваецца распрацаванай ягонай партыяй стратэгіі ўдзелу ў выбарах і таксама лічыць, што палітычны выбарчы працэс нельга ігнараваць, нават заранёў ведаючы ягоныя вынікі. Але гэты час варта выкарыстаць дзеля таго, каб данесьці свае ідэі да выбарцаў.

Шэга: «Калі ў нечым ня ўдзельнічаць, то цябе папросту няма. Удзел трэба браць, але варта зразумець — у чым? А наконт таго, што ў нас выбараў няма, гэта ўсім добра вядома, мы гэта даўно праходзілі. І таму абралі тактыку са зьняцьцём кандыдатаў. Трэба выкарыстаць гэты час у сваіх мэтах, і мы ў Слоніме будзем браць удзел у выбарах».

Іван Бедка: «Толькі байкот гэтага фарсу!»

А вось актывіст партыі БХД са Слоніма Іван Бедка катэгарычна настроены толькі на байкот выбараў.

Бедка: «Як бы мы ні стараліся, усё роўна выбары будуць сфальсыфікаваныя і ўлады заявяць, што за апазыцыю ніхто не прагаласаваў. Падчас выбараў трэба займацца агітацыяй за іх байкот і ня браць удзелу ў гэтым фарсе».

Сяргей Трафімчык: «Зарэгістраваць кандыдатаў і легальна ўдзельнічаць у інфармаваньні людзей»

Сябра БНФ зь Бярозаўкі Сяргей Трафімчык, аднак, зьвяртае ўвагу на ўчорашні выступ Лукашэнкі, які ўжо заявіў, «што ўсякіх правакатараў будуць ледзь не расстрэльваць». Таму ён за тое, каб зарэгістраваць кандыдатаў і давераных асобаў і легальна хадзіць па людзях і даводзіць ім свае ідэі.

Трафімчык: «Мы павінны скарыстаць гэтую магчымасьць і хадзіць тлумачыць людзям, што браць удзел у гэтых выбарах нават небясьпечна, гэта небясьпечна для будучыні краіны і нашых дзяцей, бо, ідучы на выбары, мы падтрымліваем дыктатуру».

«Трэба ўлічваць магчымасьці, якія гэтыя выбары даюць»

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін зазначае, што ў арганізацыі некаторыя за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, не зважаючы на агульную пазыцыю партыі іх байкатаваць:

«Яны хочуць праводзіць паўнавартасную кампанію, ісьці да канца. Такая палеміка ў нас у арганізацыі ёсьць. Будзем вырашаць тэхнічна гэтыя пытаньні. Усё залежыць ад тых кандыдатаў, якія пойдуць. Усё ж такі мы будзем улічваць пазыцыю партыі ў першую чаргу. Але асабістую пазыцыю кандыдатаў, якія пойдуць на гэтыя выбары, таксама трэба ўлічваць. І тыя магчымасьці, якія выбары даюць».

Сяргей Мальчык: «Галоўнае — не выконваць ролю, якую навязвае апазыцыі ўлада»

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык зазначае, што перад ім пытаньне байкоту не стаіць. Пры гэтым ён мае ўласную прапанову што да выбараў:

«Па-першае, у выбарчай кампаніі ў любым выпадку трэба ўдзельнічаць. На маю думку, адзіная сумесная пазыцыя, якая б магла аб’яднаць апазыцыю і магла б мець сэнс, гэта — альтэрнатыўныя выбары».

Галоўнае — не выконваць ролю, якую навязвае апазыцыі ўлада, лічыць спадар Мальчык: «Як толькі не ўключаюць прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя камісіі, адразу ўтвараецца альтэрнатыўны цэнтральны выбаркам, абласныя штабы і робяцца выбары па партыйных сьпісах. У дзень выбараў ідзе галасаваньне менавіта па гэтых сьпісах. І ствараецца, калі заўгодна, ценявы парлямэнт. Сама альтэрнатыўная кампанія — гэта ігнараваньне тых псэўдавыбараў, якія навязваюць улады. Гэта свая дарога, свой шлях. Такі парлямэнт можа ствараць далей экспэртныя групы, і ўтвараецца нарэшце легітымны орган, які можа прапанаваць і кандыдатуру на будучыя прэзыдэнцкія выбары, адзінага прадстаўніка ад апазыцыі. Але самае галоўнае, што гэта дае далейшую працу: гэтая палітычная кампанія мае працяг».

Сяргей Мальчык перакананы, што паўплываць на фармальную сыстэму правядзеньня выбараў у краіне магчыма, толькі наладзіўшы галасаваньне самім:

«Абсалютна паралельны палітычны працэс, які будзе ўплываць, у тым ліку, я ў гэтым перакананы, і на пазыцыю ўладаў. Ім давядзецца лічыцца з гэтым. Часу ўжо няшмат, але, мне здаецца, гэта адзіны шлях, які мае пэрспэктыву».

Віктар Гарбачоў: «Раней былі спадзяваньні й канкурэнцыя, цяпер — расчараваньне, апатыя й недавер».

Лідэр руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў па-ранейшаму знаходзіцца ў Літве. Пабыўшы ў 2010 годзе давернай асобай кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, Гарбачоў у сьнежні 2011 году вырашыў не выпрабоўваць лёс і зьехаў зь Беларусі.

У Барысаве Віктар Гарбачоў быў на баку дэмакратычных сіл, некалькі разоў браў удзел у парлямэнцкіх і мясцовых выбарах, арганізоўваў прадпрымальніцкія пратэсты.

Віктар Гарбачоў : «Калі ў 2008-м годзе дэмакратычная апазыцыя ішла на парлямэнцкія выбары, актывісты ў акругах „біліся“ між сабою, каб пайсьці на выбары і стаць кандыдатам. У нас у Барысаве таксама конкурс быў. Дэмакратычныя сілы выбіралі найбольш годных.

Таксама ў 2004-м конкурс быў. Па 3–4 актывісты прэтэндавалі быць вылучанымі ў адной акрузе.

Сёньня ўжо аніякага конкурсу. Палітычныя партыі ды грамадзкія арганізацыі ня могуць набраць людзей на ўсе акругі. Нармальныя людзі адышлі ўбок...»

Карэспандэнт: «Але ж пошук прэтэндэнтаў сярод апазыцыі вядзецца, іншая справа, што дэмакратам зараз вельмі цяжка дамовіцца. Чаму?»

«Яшчэ год таму на сустрэчах у Вільні я заяўляў: „Сябры, магу з кім заўгодна паспрачацца, што вы не дамовіцеся між сабою наконт выбараў і вы пойдзеце рознымі калёнамі пад рознымі лёзунгамі“.

Мне тады пярэчылі: „Ды не! Мы абавязкова дамовімся!“

А зараз пачынаецца старая гісторыя. Ізноў апазыцыя наступае на тыя ж граблі...»

Карэспандэнт: «Калі фармуляваць коратка й дакладна, то паводле якога сцэнару разгортваецца палітычная кампанія ў Беларусі?»

«Народ не жадае ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да выбараў, а „вярхі“ загадваюць: „Наперад!“ На маю думку, калі б у гэты час апазыцыя выкарыстала пэўныя добрыя заклікі й акцыі дзеля таго, каб на выбары не ісьці, то большасьць людзей да гэтага б прыслухаліся і на выбары не пайшлі. У прынцыпе людзі сытуацыю разумеюць...»

Карэспандэнт: «А ўлада якія магчымасьці выкарыстоўвае менавіта ў рэгіёнах?»

«Зноў пачынаецца старая гісторыя, калі па рэгіёнах сноўдаюць прадстаўнікі спэцслужбаў. Літаральна ўчора мне з чатырох рэгіёнаў Беларусі актывісты паведамілі, што супрацоўнікі КДБ „пранюхваюць“, што адбываецца ў рэгіёнах, ці рыхтуюцца актывісты й як.

Ужо ёсьць прыклады, калі асобных актывістаў угаворваюць, абяцаюць ім, „што пройдуць у дэпутаты“. Маўляў, сьпісы ўжо падрыхтаваныя і 4–5 кандыдатаў ад апазыцыі абавязкова ўвойдуць у парлямэнт....»