Слупы — і часам кактусы

Цяжка сказаць, ці жыве Пімен Панчанка дагэтуль у нашых сэрцах — пра гэта лепш спытацца ў літаратурных кардыёлягаў і іншых сярдзітых сарданапалаў, аматараў раздавіць прылюдна на траіх пляшачку непэнтэса. А вось у навушніках Панчанка дзе-нідзе сапраўды жыве і няблага пры гэтым пачуваецца. Адбылося гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы Лявону Вольскаму, які ня так даўно напісаў на словы Панчанкі песьню пад назвай «Мала сказаць: ненавіджу». «Біцца за праўду і выжыць, нібы салдат у баю!» — гучыць, як загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Мала сказаць: ненавіджу савецкага паэта Панчанку, мала сказаць: прызнаю яго цудоўным вершатворцам, які быў шчыры нават у памылках. Ісьціна — нават не пасярэдзіне, яна недзе збоку, як сэрца. Там і паслухаем.

Пімен Панчанка. З фондаў БДАМЛМ

Вершы Панчанкі часта пакідаюць адчуваньне нелягічнасьці, а раз-пораз нават абсурднасьці. Таму іх прыемна чытаць пасьля строгай, як два плюс два і раз-два левай, фэльдфэбэльскай ваеннай паэзіі і суворай лірыкі. Гэтая нелягічнасьць — несьвядомая спроба паэта вырвацца за межы расьпісанай для яго партыйнай партытуры, гэты абсурд — вынік таго, што Панчанка, здаецца, ніколі ня мог выказацца да канца, заўсёды спыняўся ў сваіх тэкстах на паўдарозе, на паўслове, вымушаны быў паводзіцца і пісаць найперш абачліва, з аглядкай на цэнзуру, унутраную і зьнешнюю. Кожны ягоны тэкст — недапісаны, а значыць, і недачытаны. Адсюль — дзіўноты і пэўная крывізна яго на першы погляд роўнай і яснай паэзіі, дзе ўжо празь пяць хвілін адчуваеш сябе так, нібы трапіў у чарнавік.

***

Некаторыя вершы Панчанкі выклікаюць проста-ткі захапленьне выяўленымі ў іх фантасмагорыямі. Асабліва гэта тычыцца паэзіі Панчанкі пасьляваеннай пары. Бясспрэчным шэдэўрам тут выглядае ягоны верш «Дзяўчаты мыюць танк». Верш-загадка, верш-сюррэалістычная мроя.

«Дзяўчаты мыюць танк
Ля Дома афіцэраў...»

Яны мыюць, мыюць і пры гэтым:

«...Сьмяюцца без прычыны...»

Максім Танк і Пімен Панчанка. 1946 г. З фондаў БДАМЛМ

Калі ня памятаеце гэты верш, дык знайдзіце і перачытайце. Хаця б для таго, каб пераканацца, што ў вайны, можа, і не жаночае аблічча, але і мір — толькі ілюзія, дзяўчына на танку. Гэта вельмі дзіўны верш. Нягледзячы на сваю ўяўную простасьць, ён дасягае ў канцы эфэкту падману зроку. Здаецца, нічога незычайнага не апісваецца: ну, мыюць, ну, сьмяюцца... Але дзіва: толькі што яны сядзелі там, асядлаўшы доўгую рулю, са сваімі анучамі і вёдрамі — і вось ужо пуста, і няма ніякага танка, толькі сонца і пляц, і гучыць невядома адкуль русалчын нябачны сьмех. У свой час гэты немудрагелісты верш настолькі ўразіў мяне і знаёмых мне чытачоў Панчанкі, што і цяпер, шпацыруючы сонечнай летняй раніцай па цэнтры Менску і назіраючы, як жанчыны ва ўніформе скрабуць эўравокны нейкага офісу, міжволі мармычаш сабе пад нос: «Дзяўчаты мыюць банк ля Дома афіцэраў...» Гэты верш спарадзіў калісьці шмат пародый: «Дзяўчаты мыюць панка ля Дома афіцэраў...» (побач якраз была Панікоўка) — а іншыя ня надта прыстойныя.

Пімен Панчанка выступае на Дэкадзе беларускай літаратуры ў Маскве. Студзень-люты 1949 г. З фондаў БДАМЛМ

Чаму шмат якія вершы Панчанкі ствараюць такі нечаканы эфэкт? Бо ў раскрыцьці навязанай яму ня надта цікавай тэмы паэт знайшоў сапраўды арыгінальны вобраз — але паасьцярожнічаў пайсьці за ім, аддацца яму, як дзяўчына танку, да канца, даастачы, пасьпяшаўся паставіць кропку, каб лішняга барані божа не напісаць. У выніку — нармальны, ідэйна вытрыманы верш зь цікавай задумай ператварыўся ў гарадзкую фантасмагорыю. Прыкладаў такіх мэтамарфозаў у творчасьці Панчанкі можна знайсьці нямала. «Парк абгладаны здаецца галодным» — піша ён у іншым вершы, у чарговы раз пеючы песьню абсурду: ствараючы сюррэалістычны вобраз парку, які сам сябе зьеў. У такім любімым літаратурнымі камісіёншчыкамі вершы «Коні» ўсё адбываецца наадварот — але эфэкт той самы. Пачатак гэтага верша эпічны: бытавая скарагаворка. «Дзівіліся мы і дзівіліся фрыцы...» Маўляў, «а быў у мяне яшчэ і такі случай». І потым нечакана: пра нейкіх амаль апакаліптычных коней сымбалісцкіх колераў. Карціна аказваецца большай за падрыхтаваную ёй раму — і пачатак верша пасьля прачытаньня ўспрымаецца як недарэчнасьць. А аўтар ставіць кропку — знак недаўменьня.

***

Прадстаўнікі Беларусі на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Зьлева направа: Міхась Лынькоў, Максім Танк, Іван Грамовіч, Пімен Панчанка. Масква, 1954 г. З фондаў БДАМЛМ

Зрэшты, пра вайну Панчанка мог пісаць усё, што заўгодна — ён прайшоў яе да канца, прычым у дзьвюх іпастасях: і змагаючыся супраць захопнікаў, і сам паспрабаваўшы сябе ў ролі акупанта. У Іране, куды Саветы ўвялі свае дывізіі (задоўга да Афганістану — у нас ня любяць пра гэта згадваць), Панчанка апынуўся ў клясычнай ролі «паэта на чужыне» і напісаў адну з самых лепшых сваіх кніг, «Іранскі дзёньнік». Такі сабе Артур Гордан Пімен, «закінуты ветрам прыгод за трыдзевяць зямель». Яму рэжа вочы, яго зачароўвае неверагодная навакольная экзотыка. Як і ягоным папярэднікам (якім-небудзь ангельцам у якой-небудзь Індыі), Панчанку спачатку здаецца, што ён трапіў у казку. Яго натхняе падманлівая ўсходняя паслужлівасьць «тубыльцаў»: «Нібыта я савецкі нейкі шах...» Шах адразу ж сядае пісаць. «Нават мясцовыя танныя грошы з малюнкамі гор, вадаспадаў, ільвоў,» — зьдзіўляецца ён і, як і кожны акупант, займаецца самаўнушэньнем: «Я не заваёўнік, а жаданы друг...» Зрэшты, як і кожнаму акупанту, усходняя стракатасьць яму хутка надакучвае. Расчараваньне не прымушае сябе чакаць: «Іран! Ты ўвесь сьлязьмі заліты, агорнут у рызьзё, ня ў шоўк». Казка скончылася, пара дадому. Адразу па прыезьдзе ў Менск пішацца верш пра звонкае «дзе» і густое «чаго» — непрыхаваная фізiялягічная радасьць стомленага ад рознай пэрсыдзкай тарабаршчыны вуха.

***

Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 г. З фондаў БДАМЛМ

Адзін з хрэстаматыйных вершаў Панчанкі, «Родная мова», які амаль паўстагодзьдзя расхвальваецца як узор патрыятычнай лірыкі, заўсёды бянтэжыў мяне схаванай у ім сэнсавай пасткай. «Кажуць, мова мая аджывае век свой ціхі, ёй зьнікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая» — пад гэтым гатовы падпісацца. Трэба-хлеба, лістапад-сьнегапад. Але што там далей?

«Толькі месяцаў назвы пакіньце», умольвае паэт. І што, гэта ўсё? Астатняе можна забіраць? Зь верша вынікае, што так — насуперак аўтарскай задуме.

Гэта страшны, трагічны (тым і каштоўны) тэкст, пазбаўлены ўсялякага прыпісанага яму грамадзянскага патасу. Ён міжволі чытаецца як прыніжаная просьба, ніжайшае прашэніе ўжо амаль зьнішчанага народу да каляніяльнай адміністрацыі: дазволіць хаця б у межах гета карыстацца ўласным календаром; і адначасна як прыватная трагедыя, да якой нікому няма справы. Кажуць, цэнзура выкрасьліла канцоўку гэтага верша, пра тое, што «на вуліцы цёмна»... Мы паўсюль ліхтароў панаставілі, а яму, бач ты, цёмна... «Пакіньце мне мову, пакіньце жыцьцё мне» — кажа ў фінале верша аўтар, за якім зачыняецца брама, і голасу народу тут ужо не чуваць, гэта голас адзінокага ў пустэльні, які ці то плача, ці то пяе, не разьбярэш, ды ў Беларусі гэта значыць тое самае.

Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў. 1969 г. З фондаў БДАМЛМ

Панчанка — увогуле адзін з тых, хто ніколі не стамляўся нагадваць нямым пра мову, і тут яго заслугі бясспрэчныя. Назаўжды застанецца загадкай: як беларускія савецкія літаратары, верна служачы той уладзе, якая мову мэтанакіравана вынішчала, прысьвячалі гэтай мове процьму вершаў і тым самым неяк трымалі яе на плаву. Што тут было: страх страціць галоўны сродак вытворчасьці, безь якога зьнікнуць пасады, наклады і ганарары (заняць у іншай літаратуры месцы, якія яны займалі ў беларускай, было б вох як няпроста) — ці шчыры боль? Напэўна, у выпадку Панчанкі ўсё ж другое. Нават калі мова раптам пайшла на папраўку — Панчанка адгукнуўся вершам «А мову ледзь не затапталі» пра хамаў, якія «сьцьвярджаюць: руская культурней і прагрэсіўней, нашу прэч!» Панчанка сышоў, хамы, на жаль, засталіся. Іншыя хамы смажаную бульбу называюць чыпсамі (пазабіваў бы) — і ім дастаецца ад паэта на арэхі. Мяшаць першых і другіх — абсурдна, але, як кажуць, «іскусство поэзіі требует слов»... Мова — галоўны герой шмат якіх Панчанкавых вершаў, сапраўдны прадмет культу, паэт не стамляецца адшукваць для яе ўсё новыя і новыя эпітэты, часам забываючыся на меру. Чытаць пра ільняна-жытнёвую баравую мову страшнавата — чаго добрага прарасьцеш, пусьціш сок, зазелянееш. А потым цябе затопчуць. Такі лёс расьлінаў.

Іван Грамовіч, Пімен Панчанка, Павал Кавалёў, Кастусь Кірэенка сярод удзельнікаў V зьезду пісьменьнікаў СССР. Масква, Георгіеўскі зал Крамля, 2 ліпеня 1971 г. Фрагмэнт здымка. З фондаў БДАМЛМ

Сам паэт, праўда, у гэтым асаблівай бяды ня бачыў. У расьлінным сьвеце ён знаходзіў нейкую найвышэйшую справядлівасьць — і ў замаскаваным пад вэрлібр вершы «Раўнапраўе дрэў» патлумачыў, што значна больш ганебна «разьбіцца на раўнадушнай машыне», а дрэвы — яны мудрэйшыя за нас, вечных гоншчыкаў. Якім падабаюцца толькі слупы на пустых бальшаках — ды часам кактусы.

***

«Тут кепскія вершы пісаць не дазволена» — іранічна піша ён пра Менск (вось дзе запавет, да якога ня грэх прыслухацца). Наогул, быў не пазбаўлены пачуцьця гумару, адчуваў іронію — шкада, рэдка пускаў яе ў свае тэксты. Адчуваў веліч сваёй місіі. «Што ў Пімене табе маім,» — любіў прымаўляць франтавы таварыш Панчанкі Міхаіл Сьвятлоў, «Вось піменна», — адгукаўся Панчанка. Такую б дасьціпнасьць ды ў вершы... Шмат у якіх «някепскіх» вершах Панчанкі натыкаешся на файныя радкі, якія выдаюць у аўтары сапраўднага паэта. «Адбіта сэмафорава рука, вакзал пусты, як чэрап мерцьвяка», «Першы раз на маім мінамёце мірна сьвецяцца тры дажджынкі», «Каштанаў факельнае шэсьце ёй закружыла галаву» — стварыўшы такую прыгажосьць, аўтар як чалавек ваенны палохаецца і сам дэканструюе яе рознымі выдадзенымі яму пад росьпіс ідэямі. «Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!» — гэты знакаміты верш напісаны (і недапісаны) па-майстэрску, у ім, адмаўляючыся ад суб’екту (які і зьяўляючыся граматычнай катэгорыяй патрабуе сабе асабістых узнагародаў), аўтар здолеў сказаць усё і пра ўсіх. Да таго ж ён вельмі музычны, гэты тэкст — і гэта тая музыка, якую ня слухаюць у навушніках. Але абсурд, як хвароба, мае ўласьцівасьць прагрэсаваць. Як Велімір Хлебнікаў, які запісваў усіх ахвочых у старшыні зямное кулі, у пэўны момант Панчанка абвяшчае найвялікшымі асобамі Беларусі Каліноўскага, Купалу і Машэрава. Вось гэта — гэта шчыра або з разьлікам? Ня тое і не другое, гэта — іншы від абсурду, сумны і нецікавы. Куды падзеліся вясёлыя ундыны на танку?..

***

Пімен Панчанка. З фондаў БДАМЛМ

Пазьней у ягоных вершах зьявіцца адмысловае філязофскае прыплюскваньне. Іншымі словамі, паэт пачне чытаць нам маралі. Ня ведаю, наколькі гэта можа быць цікавым: маралі, замяшаныя на непазьбежным абсурдзе. «Той дзень прапаў і страчаны навекі, калі ты не зрабіў таго, што змог...» — гучыць пагрозьліва-дыдактычна, так і бачыш прывід палкі, якая высоўваецца з-за гэтых рыпучых радкоў. Яны чымсьці падобныя да закліку прыбіраць за сабой у сталоўцы пустыя падносы. Я ня веру ў філязофскую лірыку — лірай ня думаюць, на ёй граюць...

Затое няшмат знойдзецца ў беларускай паэзіі асобаў, якія змаглі так асэнсаваць пройдзены шлях і так пакаяцца, як Панчанка. Тыя ўласьцівыя Вялікаму савецкаму дому «невялікія грахі камунальнай гаспадаркі», пра якія ён бесклапотна пісаў у пяцідзясятыя, празь дзесяцігоддзі дарастаюць-такі да сапраўдных чалавечых маштабаў:

«Грахі мае, бясконцыя грахі».

«Я рос бяздумным, як усе», — прызнаецца ён пад канец жыцьця. — «Я цэрквы закрываў, я абразы паліў». Гэта «Паэма сораму і гневу» — тая, свой варыянт якой мусіў бы напісаць кожны савецкі пісьменьнік. Дый што там савецкі: наогул, кожны пісьменьнік, які ставіў кропкі ня там, дзе марыў. «Я хацеў нашчадкі, вас праклясьці...» — зьвярнуўся неяк Панчанка да свайго будучага чытача. Далібог, лепш бы пракляў — у імя завершанасьці.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Канец сэрыялу (Іван Шамякін)