Канец сэрыялу

Іван Шамякін

Іван Шамякін. 1971 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

Калі існуе на сьвеце сярэднестатыстычны чытач, то гэты тэкст я мушу ахвяраваць менавіта яму. Яго служба і апасна, і трудна. На 51 адсотак жанчына, на 49 — мужчына, ён наіўны, як дзіця, жыць ня можа бяз казак нанач і лічыць, што лепш за іншых абазнаны ў трох рэчах: мэдыцыне, палітыцы і, вядома ж, літаратуры. Сярэднестатыстычны чытач. Ён вялікі і магутны, ён паўсюль і яго нідзе няма. Ён даўно начытаў сабе на сьціплы помнік у парку культуры і адпачынку. Ён заўжды мае жалезабэтоннае алібі. Гэта яго мы маем на ўвазе, калі ўжываем у дачыненьні да нейкага аўтара безасабова-безаблічнае: любяць, чытаюць, шануюць, памятаюць... Купляюць... Ён — гэта я, ён — гэта ты, ты — гэта я, мы — гэта ён, сярэднестатыстычны чытач губляецца ў натоўпе, як той Карэйка, надзеўшы супрацьгаз, і ніколі ні за што не адказвае.

Іван Шамякін і Максім Танк. 1970-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Мяркуючы па ўсім, Івана Шамякіна пры жыцьці сапраўды любілі, паважалі, куплялі — і чыталі. Рэдкае, як для беларускай літаратуры, спалучэньне. Аддзяляю апошняе слова працяжнікам, бо любіць пісьменьніка можна і не за творы, а паважаць можна і не чытаючы — так яно часта здараецца там, дзе блытаюць мастацтва і патрыятызм. Нават я, чалавек яшчэ малады, пасьпеў пажыць сярод аскепкаў гэтага культу. Цётачкі (чамусьці гэта былі пераважна цётачкі, а ня дзядзечкі), якіх ніяк нельга было западозрыць у сымпатыі да беларускай літаратуры, раптам выяўлялі дзіўную дасьведчанасьць адносна пэрыпэтый шамякінскіх твораў. Школьныя настаўніцы-беларусіцы, якіх я нямала сустракаў на жыцьцёвым шляху, прызнаваліся мне,

Іван Шамякін атрымлівае кветкі ад прыхільніц. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

выціраючы чорныя ад тушы і атраманту сьлёзы, што Шамякін — адзінае, што можна чытаць «не па рабоце». Былі часы... Як сапраўдны атлянт, Іван Шамякін трымаў на сваіх плячах барвовае бервяно партыйнай улады, саюз пісьменьнікаў і заадно беларускую савецкую прозу. Ён адгукаўся на выклікі часу, як радыёкропка. Шамякіна чытала мая бабуля зь яе пяцьцю клясамі адукацыі. Шамякіна чыталі міліцыянты. Шамякіна чыталі вясковыя фэльчары. Шамякіна чыталі ў Віент’яне, Пхэньяне, Мантане і Ерэване. Сьведчаньні некаторых сьведак шамякінскага трыюмфу захаваліся да нашых дзён. У сеціве можна знайсьці аповед нейкай гарадоцкай настаўніцы, якой пашчасьціла трапіць у пачатку васьмідзясятых на адну з шамякінскіх Lesungen. У залі банану не было дзе ўпасьці. І малаверагодна, што людзей туды зьбіралі з-пад палкі. У чым сакрэт вашай папулярнасьці? — спыталі мэтра. «Ня буду хаваць, працую пад чытача...» — бадзёра адказаў Шамякін. Чым насамрэч усё патлумачыў.

Іван Шамякін сярод чытачоў. 1970-я гг. Фота Анатоля Каляды. З фондаў БДАМЛМ

Шамякін — безумоўны клясык: клясык беларускай масавай літаратуры. Пачынальнік нашага масліту — як яе пагардліва называюць бедныя інтэлектуалы, ня здольныя зарабіць корпаньнем у носе ўласнага гнозісу ні на жыцьцё, ні на пасаду, ні на экранізацыю за дзяржаўны кошт, ні хаця б на чытацкую любоў. Можа, для іх слова «масліт» і гучыць, як дрэнна падагнаная масьнічына, але сярэднестатыстычны чытач любіць гэты скрып і слухае яго, як мілую сэрцу музыку якой-небудзь лямбады. Ён глядзіць у кнігу, як у маленькі дачны тэлевізар, і аўтар «Сэрца на далоні» і «Трывожнага шчасьця» адчуў гэта яшчэ да зьяўленьня маленькіх дачных тэлевізараў. Задоўга да таго, як на беларускія абшары трапіла першая рабыня Ізаўра, Іван Шамякін даў тутэйшым гаспадыням і «Санта-Барбару», і «Багатых», якія тожа плачуць, і «Дзікую Розу», і «Проста Марыю», і «Трапіканку» — разам з ужо згаданай Ізаўрай.

Іван Шамякін раздае аўтографы чытачам. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ

І што з таго, што за савецкім часам у шамякінскай «Санта-Барбары» было шмат Барбюса, а у ягоным выкананьні «Дзікая Роза» мела зьнешнасьць Розы Люксэмбург. Час дыктуе, якія мусяць быць дэкарацыі. Усё астатняе мы зробім самі. Шамякінскія кнігі ня проста напісаныя з улікам псыхалёгіі чытача масліту — у іх ужытыя характэрныя для масавай літаратуры прыёмы, у іх сэрыяльная пабудова і сэрыяльны лацінаамэрыканскі дух.

Высакародная задача — служыць людзям, задавольваючы іх імкненьне да прыгожага: да моцных перажываньняў, да рамантыкі, да чужых сямейных жарсьцяў. А калі пры гэтым служыш яшчэ і адзінай кіроўнай партыі... Шамякін — з тых пісьменьнікаў, старанны чытач якіх будзе абавязкова ўзнагароджаны сьветлым і недарагім катарсісам. Даступным нават для людзей зь ня надта тонкай душэўнай арганізацыяй. Ды яшчэ некалькі разоў за кнігу. Шамякін як ніхто здольны раскруціць чытача на эмпатыю. Уяўляю сабе, як аблівалася крывёй сэрца якой-небудзь чытачкі, калі Пеця Шапятовіч паслаў у накаўт беднага Лялькевіча? «Што ж ты робіш, ідыёт? Яна ж табе такая верная!» А яна ня лепш — дурніца, дзіцём рызыкуе! І так цікава, што ж там далей. А далей як мае быць: усё будзе добра і ўсе пажэняцца. Нават Шапятовіч зь Лялькевічам.

Іван Шамякін. 1971 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

Ложак, апэрацыйная, могілкі. На іх стаяла і стаіць літаратура (і ня толькі масавая). Гэта нам блізка, гэта мы ўсе разумеем. Хто застанецца глухі да такой сцэны — разьлічанай на суперажываньне і зробленай з дапамогай самых простых — і самых надзейных сродкаў:

«Шыковіч бачыў яе грудзі, залітыя яркім сьвятлом, зусім дзявочыя, па кулачку — узгоркі з ружовымі маячкамі на вяршынях».

А добра ж напісана. Гэта ня ложак, яго час у беларускай літаратуры яшчэ не прыйшоў, і гэта пакуль што ня могілкі. Гэта апэрацыйны пакой. Мучыць трэба або самых безабаронных, або самых што ні ёсьць герояў — чытач ня зможа не адгукнуцца. У такой сэрыяльнай, «мэксыканскай» прозе дзейнічаюць тыя самыя законы, што ў рэлігійнай сэкце — гіпнозу паддаецца толькі той, хто гатовы паддацца. Як і кожны спажывец масліту, чытач Шамякіна мусіць мець слабую волю і агромністае сэрца. Сярэднестатыстычны аматар пачытаць штосьці ў вольную хвілінку знойдзе ў Шамякіна ўсё, што ён чакае ад літаратуры: жорсткасьць сярэдняй ступені цяжкасьці, сярэднюю складанасьць тэксту і сюжэту, сярэднюю, вылічаную сапраўды геніяльна, рэакцыю герояў на падзеі, якая адпавядае сярэдняму паказьніку сярод гома сапіенс, сярэдніх — не тупых, але і не эліту, не супэрмэнаў, але і не слабакоў, не мярзотнікаў, але і не ідэальных маральна — пэрсанажаў.

Не пяром адзіным! Іван Шамякін, 1970-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Абавязкова — адзін харошы немец, выпадкова занесены ў зграю адпетых нацысцкіх адмарозкаў. Ідэалёгіі ў меру — роўна столькі, каб не нахмурыўся цэнзар. Нават доктар Яраш, такі ўжо, здавалася б, сьветлы чалавек, а працуе ў правінцыйным шпіталі і зорак зь неба не хапае — яму сэрца на далоні замінае. Героі Шамякіна, якія вырасьлі з «Трывожнага шчасьця» і трапілі ў «нармальнае» — што Яраш, што архітэктар Мэндысабаль (не, Карнач), што пісьменьнік Шыковіч — жывуць, дзейнічаюць, сумняваюцца, сварацца, спрачаюцца, кахаюць і нават часам робяць глупствы, у іх усё нібыта як у людзей — здавалася б, чаму ім ня верыць: але іхнае існаваньне адбываецца ў строга вызначаных аўтарам межах, у межах сэрыяльнага жанру. Крок управа, крок улева — расстрэл. Яны не застаюцца ў адзіноце, нават апынаючыся сам-насам з сабой. Ім незнаёмы жах экзыстэнцыі — яны правільныя нават тады, калі стараюцца быць няправільнымі. І гэта галоўнае адрозьненьне маскульту ад культуры.

Іван Шамякін. 1971 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

Можна запярэчыць, што ў тых самых знакамітых шамякінскіх раманах савецкага часу зашмат інтэлігенцыі — а калі так, то якая ўжо тут масавая літаратура. Дык і ў бразыльскіх і мэксыканскіх сэрыялах яе, інтэлігенцыі, хапае зь лішкам. Інтэлігент патрэбны такому мастацтву, каб крыху разнастаіць эмоцыі — бо іх набор у чалавека, на жаль, даволі абмежаваны, а інтэлігент, ён такі: і з простага насмарку зробіць трагедыю Дастаеўскага. На яго, інтэлігента, прыемна глядзець з адлегласьці — шкадаваць, захапляцца, марыць пра тое, каб і твае дзеці скончылі Інстытут — але просты чалавек, якога так абагаўляла партыя Шамякіна, інтэлігенту як ня верыў, так і да сёньня ня верыць. Хлопец Славік з «Сэрца на далоні», лайдак і малады п’яніца, здаецца, бліжэй за ўсіх падабраўся да ўсьведамленьня экзыстэнцыйнага жаху — насуперак аўтарскай задуме. І што? Яго бярэ на перавыхаваньне заводзкая брыгада: бо ніхто ў сьвеце шамякінскіх твораў, ні Яраш, ні Шыковіч, ні Карнач, ні іхны апанэнт партнамэнклятурнік Гукан — не сумняваюцца, што Arbeit macht frei.

Сустрэча пісьменьнікаў. Зьлева направа: украінец Аляксандар Кавінька, расеец Уладзіслаў Забалоцкі, беларусы Іван Шамякін, Генадзь Бураўкін, Еўдакія Лось, Максім Танк, Рыгор Няхай. 1960-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Калі ня браць у разьлік «Глыбокую плынь», у якой можна патануць, зайшоўшы ў яе да калена, і розныя пляцкарты кшталту «Петраграду-Брэсту», то Шамякін — вельмі чытэльны. Хто яго ведае, ці ёсьць гэта для літаратуры вартасьцю. Але для чытача дакладна ёсьць. Уменьне Шамякіна рабіць наскрозь празрыстыя чытэльныя тэксты і ягоны «сэрыяльны» талент раскрыліся напоўніцу ў першыя гады незалежнасьці. Тут, сярод гэтага дзікага поля, пісьменьніку зь ягоным спэцыфічным дарам было дзе разгарнуцца. І вяршыняй гэтага стаў «Сатанінскі тур».

«Сатанінскі тур» — гэта зборнік аповесьцяў пра першую палову дзевяностых, тут ёсьць усё, такое знаёмае-падзабытае: долары-марачкі, ваша кіска купіла бы віскас, пасьпешлівы распродаж краіны з-пад крыса (цяпер нарэшце ўзаконены), сьнікерсы як вяршыня дабрабыту, вавёркі, зайцы і ласі, вясёлы беларускі рэкет, Кебіч, нясьмелая беларусізацыя, пісьменьнікі, якіх раптам перасталі чытаць, чаўнакі ў Польшчы, гандаль зброяй, апантанасьць рэлігіяй і сьпірт «Раяль». Не, сьпірту там няма, проста смак прыгадаўся. Кніга, вартая перавыданьняў. Памятаючы тыя часы, неяк верыш Шамякіну, калі ён апісвае, як адзін з герояў закопвае на лецішчы атрыманы ім хабар — а дзе яшчэ? Ці туды, ці ў слоік. У д’ябальскім аўтобусе, які вязе ўзімку ў Польшчу рознага кшталту чаўнакоў, адзін з пасажыраў памірае — і людзі вырашаюць не спыняцца, а спачатку рэалізаваць тавар, кладуць нябожчыка пад брызэнт: пахаваць пасьпеем, злотыя чакаць ня будуць, і едуць сабе далей.

Іван Шамякін ускладае кветкі да помніка Якубу Коласу. 1982 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

У гэтай кнізе Шамякін застаецца самім сабой — і ўсё ж гэта ўжо зусім іншы аўтар і зусім іншая Санта-Барбара. Ён, як адзін з пэрсанажаў гэтай кнігі, чытае цяпер і Маркса, і Біблію, па чарзе, і не аспрэчвае нікога, спрабуючы разабрацца: чаму мы такія сталі? Праўда, не задумваючыся пра тое, што, можа, заўсёды такія былі? Што адказваюць усе — ня робячы выключэньня для літаратараў? Слова «дэмакраты» ён іначай чым у дзьвюхкосьсі ня піша — знаёмая звычка, якая і цяпер уласьцівая тым, хто плача па «нармальным шчасьці». «Божа мой, дык гэта ж мы, найвышэйшыя божыя стварэньні, гэтак усё спаганілі, забрудзілі. З жыцьця зрабілі сьвінушнік. І ўсе мы сьвіньні!» «Усе брахуны» — паўтарае дачка аднаго з герояў, як доктар Хаўс. Ужо на другой старонцы аповесьці «Падзеньне» ў вочы кідаецца слова «гаўно». Цяпер можна, цяпер ніхто не асудзіць, цяпер усе толькі ўсьміхнуцца з разуменьнем: цяпер толькі так і трэба. Ён апісвае таропкі сэкс у прамерзлым аўтобусе, яна спусьціла нагавіцы, ён прыстроіўся ззаду, давай, пакуль ніхто ня бачыць. Ён апісвае сэкс у грымёрцы: «Матляўся голы мужчынскі зад, знаёмы, сем гадоў мыла ў ваньне сьпіну. А над сьпінай ўзьняліся, што зэніткі, голыя жаночыя ногі...». Ён апісвае сэкс з прастытуткамі. І ніхто ўжо ў канцы ня жэніцца — усе п’юць каньяк і паміраюць. Заняпад амаль антычны, велічны і страшны. Памірае і звыклы сьвет, адыходзіць, як аўтобус, у цемру — і Шамякін сьпяшаецца зафіксаваць агонію, ухапіць у руку прывідныя разьвітальныя агні. Далей усё будзе інакш. Экзыстэнцыйны жах. Можа, таму настаўніцы-беларусіцы больш ня плачуць над Шамякіным? Бо здрадзіў прыгожай казцы, пайшоў за такім брудным і непрыгожым часам, стаў пісаць як ёсьць? Сэрыял скончыўся?

Іван Шамякін выступае перад рабочымі Магілёўскага камбінату сынтэтычнага валакна імя У. І. Леніна. 1973 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

«Доктар закопвае свае памылкі ў зямлю, а архітэктар прыкрывае іх плюшчом» — гэты афарызм з «Атлянтаў і карыятыдаў». На першы погляд, пісьменьніку ў такой кампаніі відавочна не пашанцавала, яму сьляды так проста не замесьці: але, калі прыгледзецца, пісьменьнік тут і ёсьць архітэктар. Што там, пад плюшчом у Івана Шамякіна? Сярэднестатыстычны чытач, тым часам, жыве так, як і мусіць жыць: ня надта задумваючыся над прыгажосьцю будынкаў, між якіх праходзіць ягонае штодзённае існаваньне. Галоўнае — дом стаіць і развальвацца не зьбіраецца. Значыць, там ёсьць каму жыць. Мы ў Беларусі, зоркі ў небе, сьвіньні ў космасе, труп у аўтобусе, сэрца на далоні, ногі на сьпіне, а сарока на шыбеніцы.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)