Пахвала зайздрасьці

Масей Сяднёў

«Не, так, таварышч пісацель, ня пойдзіць! Якей-жа ты пісацель, калі ня п’еш? Пісацелі п’юць. На тое ж яны і пісацелі».

Гэтыя словы з раману «І той дзень надышоў» Масея Сяднёва варта запомніць і ўзяць на ўзбраеньне — нават калі агулам творчасьць аўтара цытаты пакідае абыякавым (хаця гэта зусім ня мой выпадак). Прыдасца што да ненапісанага пакуль эсэ пра самаразбурэньне, што да чарговага пісьменьніцкага застольля, якое непазьбежна маячыць на даляглядзе. «Не, так, таварышч пісацель, ня пойдзіць!...» Вось у гэткіх выразах, коратка, даходліва і ясна, тлумачыць галоўнаму герою «Таго дня» сутнасьць і задачы літаратуры нехта з бальшавіцкага начальства. І герой паслухмяна п’е, адчуваючы ўсім сваім нутром нязгоду з тым парадкам рэчаў, які ўсталёўваецца ў ягонай вёсцы, у ягонай краіне, у ягоным часе — напрыканцы трыццатых, у ягонай маладой яшчэ і нясьмелай душы, таксама п’янаватай ад шырыні раздарожжа, на якім яна апынулася. З чым ён прымірыўся, дык гэта са злавеснасьцю календара, паводле якога жыве сьвет — у тым календары ёсьць дзень, вечна заўтрашні, пасьля якога ўсё абрынецца, усё перакуліцца дагары нагамі і давядзецца зрабіць выбар і абраць дарогу. Усе адчуваюць ягонае набліжэньне — але ніхто ня ведае, калі ён надыдзе. А пакуль што праца, мітусьня, калгасны сэкс — у гэтым рамане Сяднёва яго ці ня больш, чым ва ўсёй беларускай савецкай літаратуры разам узятай, пакуль што — чаканьне, пакуль што — думкі, думкі, думкі, якія яшчэ не заўсёды складваюцца ў словы, словы, словы... Герой ня хоча быць ні «таварышчам пісацелем», ні «пісацелем на тое, каб піць». Ён хоча зрабіцца нечым большым.

Л. Леман, М. Сяднёў і Я. Юхнавец. Саўт-Рывэр, 1953.

У 1983 годзе, даўно жывучы ў Амэрыцы, Масей Сяднёў паспрабаваў зарымаваць першыя трыццаць гадоў свайго жыцьця ў невялікай паэме пад арыгінальнай назвай «Беларусь». З паэтычнага пункту гледжаньня атрымалася ня надта пераканаўча, затое як curriculum vitae твор выклікае павагу. На некалькіх старонках зьмясьціліся і родная вёска Мокрае, адкуль выйшаў Сяднёў (так бы мовіць, сухім з вады), і школа, дзе ён пачаў пісаць, і Менск, які выправіўся заваёўваць малады паэт. І пэдагагічны інстытут, падчас вучобы ў якім і адбылося тое, што назаўжды зьмяніла жыцьцё Сяднёва. Яны зь сябрамі, такімі самымі «паэтамі», самай вялікай марай якіх яшчэ нядаўна было пабачыць «жывога Купалу», зьбіраліся ў каго-небудзь на кватэры і...

«І зь нейкім болем невядомым,
Адданыя ў сваёй кляцьбе,
Чыталі мы адзін адному,
Што мы пісалі для сябе».

Масей Сяднёў і яго дачка Ірына (разам з чужым дзіцем). 1980-я гг.

Далей усё было паводле законаў сацыялістычнага рэалізму. «Маліўся зорцы я вячорнай — а мо як-небудзь праміне...» Не прамінула. Неўзабаве быў арышт і прысуд: дзесяць гадоў Калымы. Перад самай вайной Сяднёва павезьлі ў Менск на пераразгляд справы — і вось тут «той дзень» нарэшце надышоў, зрабіўшы паэта вольным.

Фактычна, таму арышту ў 36-м беларуская літаратура і абавязаная зьяўленьню ў ёй паэта Масея Сяднёва. Вершы, напісаныя ім у турме, гэта ўжо літаратура, з цалкам акрэсьленым і асэнсаваным болем. Турма зь яе адмысловай акустыкай падказвае яму гукі:

«Цялячы крык упаў на брук
І — лужына крыві.
І нейчы голас: «Пальцы рук
Сьціскай мацней, даві!»

Гэта зь верша пад назовам «Жах». Праз жах праходзілі і праходзяць усе, хто зьвязваўся некалі зь беларускім словам. Жах — гэта наогул псэўданім беларускай літаратуры, а часам — і яе alter ego. Калі ўяўляць яго ў чалавечым абліччы, то атрымаецца такі сабе Лаўрэнці Дамінікавіч Дэймас — чалавек са сьвіной пысай, маёрскімі пагонамі і крывёй пад пазногцямі. «Так ня пойдзіць, таварішч пісацель!» — кажа ён ласкава, імітуючы сялянскі стыль, але з моцным расейскім акцэнтам. — «Пісацель на тое і пісацель, каб піць». Піць, каб заглушыць у сабе нязгоду. Піць, каб нічога ня чуць і ня бачыць. Ну, і піць, каб падтрымліваць веру народа ў апэрэтачнасьць свайго існаваньня. Пі, Лаўрэнці Дамінікавіч налівае. Лаўрэнці Дамінікавіч дажыў да нашых дзён — яго не павысілі, але і не разжалавалі. І кроў з-пад пазногцяў так і ня вымылася. Цяпер Лаўрэнці Дамінікавіч вэтэран і двойчы на год, начапіўшы мэдалі, ходзіць з унучкай глядзець салют.

Ад такіх трэба бегчы. Хоць у Нямеччыну, хоць у Амэрыку. Іначай усё жыцьцё будзеш разважаць над філязофскім пытаньнем: «Чаму не хапае адвагі і волі сябе задушыць у абшары лясным?»

Масей Сяднёў з жонкай Вольгай і студэнткамі Norwich University (Vermont). 1986 г.

Чамусьці здаецца, што на візытоўцы эмігранта Сяднёва наўрад ці стаяла «паэт», і гэта добра. Літаратурай ён, мяркуючы па ўсім, амаль не зарабляў. «Жыву сярод чужых. Пішу адно, але ад пісаніны толку мала», — кажа ён, ажно да перабудовы нікому не патрэбны, апрача такіх самых, як ён, выгнанцаў зь няіснай краіны. Хаця ў вершах, зьвернутых да сваіх, Сяднёў (магу меркаваць толькі па тэкстах) ацэньваў свой талент па-рознаму — у залежнасьці ад курсу ўспамінаў. З аднаго боку — «я звычайны», прызнаецца ён у адным зь вершаў: нічым не выбітны чалавек, які піша тое-сёе ў вольную часіну, натхнёны эмігранцкімі снамі. Зь іншага — пад сваёй вершаванай пагрозай пад назвай «Здрайцам», напісанай яшчэ ў менскай турме, ён, відаць, падпісаўся б і праз сорак гадоў:

«Чакайце ж вы, сьляпыя совы,
Ня сьмейцеся, што я ў мурах,
Як перуном, адзіным словам
Вас разьнясу я ў пух і прах».

То бок — «звычайны», але здольны забіць «адным словам». Ня надта прыкметны — але тут жа: «Я сам сабе адзін вялікі!» Шукаць праўду тут бессэнсоўна. Літататуры ён ня кінуў. У той час, калі паэзія паступова танула, даючы крэн то ў барока, то ў авангард, гніючы з хваста і ўсё больш патыхаючы будучым усеагульным слэмам, Сяднёў упарта стараўся заставацца ў рэчышчы купалаўска-коласаўска-багдановіцкай традыцыі — і пры гэтым прайсьці ў ім свой шлях, так бы мовіць, дапісваючы клясыкаў. Задача наколькі высакародная, настолькі ж невыканальная. Перачытваючы яго, часам заўважаеш нават прамое цытаваньне — пасьля якога Сяднёў спрабуе сказаць тое самае, але па-свойму. Вось, у адным з раньніх, турэмных вершаў: «Толькі я лягу і вочы зажмуру...» — тут чуецца Колас, а вось пазьнейшае прызнаньне: «Я не паэт...» — і так і хочацца працягнуць: «а... Крый мяне божа!»

Наконт самаацэнкі — яшчэ адзін цікавы прыклад цытаваньня клясыкі (цалкам сьвядомага, улічваючы купалаўскае выхаваньне паэта). Гаворка пра верш, у якім Сяднёў, рыхтык Купала, задумваецца пра тое, што застанецца пасьля яго (кожнаму гэта рана ці позна пачынае сьвярбець — такія ўжо мы арганізмы).

«Мяне нашчадак неахайны
Разрэжа ножам папалам
І гляне: пеў ён аб каханьні
І не пакінуў ён нічога нам».

Як тут не прыгадаць таго купалаўскага «патомка», які ўсё «падліча-пераліча», падлец гэткі. Праўда, купалаўскі нікога рэзаць не зьбіраўся, абмежаваўшыся сухой бухгальтэрыяй. «Нашчадак неахайны»: вось так «звычайны» чалавек, «не-паэт», яшчэ пры жыцьці падрыхтаваў будучаму чытачу ролю бруднага паталягаанатама — прыгожая помста, чыста літаратурная крыўда за ўласную ўяўную недаацэненасьць. Што ж, камусьці трэба падысьці да стала і ўзяць той ножык. Тым больш што «не пакінуў ён нічога нам» — відавочнае і даволі какетлівае перабольшаньне, паэту, зрэшты, цалкам даравальнае.

Масей Сяднёў. Менск, 1990. Фота А. Максімава

«Пеў ён песьні аб каханьні...» Тут, зрабіўшы першы падоўжны разрэз, трэба адразу запярэчыць. Ягоныя аўтабіяграфічныя раманы «Раман Карзюк» і «І той дзень надышоў» моцныя акурат не апяваньнем каханьня, а дакладнай перадачай беларускай і асабліва менскай атмасфэры 30-х гадоў, дзе кожны пэрсанаж выглядае як чалавек, якога напаілі і загадалі яму ісьці па простай лініі і нікуды не зварочваць. Дабротная проза, якую мэлядраматычныя ноткі трохі псуюць. А як паэт Сяднёў — вельмі розны. Часам — з ухілам у квяцістую графаманію, і гэта, на жаль, амаль заўсёды тычыцца менавіта ягонае любоўнае лірыкі. Але часам — з такім прыгожым, трывожным і чыстым голасам, які ня кожны здольны пранесьці праз час, не расплюхаўшы. Асабіста мне паэт Масей Сяднёў пакінуў, апрача ўсіх згаданых вышэй файных радкоў, сарамлівага слова «саматá» і двух сваіх раманаў, якія насамрэч лёгка складаюцца ў адзін, яшчэ і гэта — халера яго ведае, любоўнае ці проста настальгічнае:

Даўно паснулі ўсе, як камні.
А мне ня сьпіцца. Што ж,
Мне сьніцца, як яна рукамі
З вакна лавіла дождж«.

Вось тут яму сапраўды пасуе ліра — там, дзе аслабляецца прывязка да канкрэтных людзей і падзей. І няма падставаў ня верыць яму, «адданаму ў сваёй кляцьбе», калі ён у нейкім зь вершаў раптам прагаворваецца, чаму так ніколі і ня кінуў пісаць. Рэч, як высьветлілася, у зайздрасьці. «Да жывога ўсяго і прыгожасьці я страшэнна зайздросны...» Гэта можна зразумець. Бо чаму тут яшчэ зайздросьціць? А, таварышч пісацель?


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Востраў доктара М. (Іван Мележ)