Востраў доктара М.

Іван Мележ. Людзі на балоце

Іван Мележ. Здымак ваеннага часу. З фондаў БДАМЛМ

У навуцы «балотнымі людзьмі» прынята называць добра захаваныя муміі нашых продкаў, старажытных насельнікаў кантынэнту. Іх дагэтуль то тут, то там знаходзяць у падсушаных эўрапейскіх багнах зьляканыя грыбнікі і палясоўшчыкі. Дзякуючы балоту, гэтаму найлепшаму кансэрванту, трупы старажытных людзей не закрануў працэс гніеньня і разлажэньня, яны даюць усьцешанаму навукоўцу ня толькі скуру, але і валасы, пазногці, косткі, фрагмэнты вопраткі. У машыне часу прыемна чытаць дэтэктывы: бывае, вучоныя нават здольныя назваць прычыну, зь якой той балотны чалавек трапіў у дрыгву, ад чаго памёр, што еў напярэдадні, каму заступіў дарогу... Так што паляшук Іван Мележ ведаў, што рабіў, калі даверыў свой эпічны талент менавіта балоту — яно захавала створаныя ім тыпы некранутымі і сьвежымі, як спрадвеку захоўвае целы даўно адышоўшых людзей; ужо колькі гадоў, амаль што стагодзьдзе прамінула з таго дня, калі Васіль Дзяцел, які толькі што чуў у сьне дзіўны клёкат, выйшаў на ганак бацькоўскай хаты, незадаволены тым, што маці позна яго разбудзіла, — а вось жа, стаіць перад намі, як жывы, і ад сонца жмурыцца.

Іван Мележ з бацькам, жонкай Лідзіяй і дачкой Людмілай. 1947 г. З фондаў БДАМЛМ

«Людзі на балоце» — першы і самы знакаміты раман з задуманай Мележам «Палескай хронікі» — стаўся апошнім у беларускай літаратуры вялікім творам пра Зямлю. Ад Коласа празь «Нядолю Заблоцкіх» Калюгі, паўзь велічна-хтанічнага Чорнага і розных землямераў меншага маштабу ўецца ў літаратуры заўважны нават няўзброеным вокам кнот, і вось на Мележы, які на пачатку шасьцідзясятых вырашыў напісаць пра калектывізацыю, адбываецца выбух. Больш пра зямлю, што з малой, што зь вялікай літары, так ужо ніхто не пісаў. З такім веданьнем справы, з такім адчуваньнем сваёй да яе прыналежнасьці, з такой, бадай што, рэлігійнай засяроджанасьцю на ёй, з такім пачуцьцём уласнасьці. Але нават рвануўшы да места, якое «па-расейску горад», быць людзьмі на балоце беларусы не перасталі. Хіба ты маеш цьвёрдую зямлю пад нагамі? Хіба твая нага не правальваецца ў асфальт па калена, калі ты бяжыш па праспэкце гісторыі і фатальна кудысьці не пасьпяваеш? Хіба ты не адваёўваеш штодня ў горада прастору для сябе, каб штосьці на ёй пасеяць — хай гэта будзе нават балькон мэтар на мэтар ці проста твая чарапная каробка? Хіба ты ніколі не пачуваўся угрузлым па горла ў горадзе? Хіба вакол ня лес навабудаў, за якім нічога няма — толькі Крыжоўка, аб якую разьбіваюцца хвалі Атлянтычнага акіяну? Хіба мы жывем не на выспах?

Іван Мележ з дачкой Ларысай. 1965 г. З фондаў БДАМЛМ

«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, ня кожны прызнаў бы за востраў — аб яго ня плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы». Карціна бязрадасная, але і па-свойму вельмі прыгожая. Па-беларуску прыгожая. Куранёўская адзінота, космас палескай вёсачкі. Але чым ёсьць балота — усяго толькі морам, напісаным прозай. Мележ паспрабаваў апісаць чалавека ў часе і гісторыі, не чапаючы прасторы, гэтае вымярэньне, як высьветлілася, займае ў чалавечым жыцьці апошняе месца: галоўнае, не куды ты ідзеш, а на чым стаіш. «Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць», — як кажуць куранёўцы. Пазыцыя, спрыяльная для ўраджаю, веры і інцэсту. Мележаву эпапэю прынята параўноўваць з Маркесавай: і тут, і там спрэсаваная вечнасьць, сто гадоў адзіноты, і тут, і там праз апісаньне лапіка роднай зямлі аўтар набліжае чытача да ўспрыманьня нейкага агульначалавечага болю, болю ўсіх за ўсіх. Героі раману, якія і так шчыра зьдзіўляюцца, калі да іх даходзіць рэха нейкіх падзей звонку, з самых Хойнікаў! — гэтыя героі былі б у шоку, калі б даведаліся, што яны на Зямлі не адны такія. Што за шмат тысячаў кілямэтраў ад Куранёў прыкладна гэтаксама жывуць насельнікі якога-небудзь ціхаакіянскага атолу. І тамтэйшы пісьменьнік, седзячы на перакуленым чоўне, піша свой галоўны твор, пад назваю «Iki ue ojuwu»; дзе героямі будуць апантаны і бедны Тонга, і падступна-разважлівы Кауна, і «вострая на язычок» Макеле. І вось, калі Тонга і Кауна схопяцца на беразе за Макеле і заадно за пакрытую пальмамі пясчаную водмель, на даляглядзе зьявіцца чужы ветразь. І ўсё, шчасьця ня будзе. І жыцьця ня будзе.

Авяр’ян Дзеружынскі, Іван Мележ і Алесь Пальчэўскі раздаюць аўтографы чытачам у Цэнтральнай кнігарні ў Менску. 13 сьнежня 1961 г. З фондаў БДАМЛМ

Калі ўжо і праўда параўноўваць Мележа з Маркесам, то адно істотнае адрозьненьне адразу кідаецца ў вочы. «Людзям на балоце», як і ўсёй «Палескай хроніцы», не хапае іроніі, а яшчэ больш самаіроніі — той ратавальнай сілы, якая выкупляе сабой першародны грэх аўтара: прэтэнзію на ўнікальнасьць (бо любая творчасьць ёсьць, па сутнасьці, навязваньнем іншым свайго погляду і свайго зроку). Гэта наогул вельмі невясёлы раман, і нават дасьціпнасьць Ганны нейкая сумнеўная, кніжная, нават жартуючы, яна гаворыць афарызмамі. І чым далей прадзіраешся скрозь «Хроніку», тым менш хочацца ўсьміхацца. Няма словаў, вялікая літаратура не абавязаная быць вясёлай — але ўмець сьмяяцца, у тым ліку над сабою, яна мусіць. Магчыма, такая сур’ёзнасьць Мележа зьвязаная з тым, што ён пісаў вельмі аўтабіяграфічную рэч, сьпісваў Курані з родных Глінішчаў, а гэткі занятак з разьлікам на вечнасьць створанага вымагае адказнасьці перад рэальным, а ня выдуманым сьветам. Як той вучоны, які займаецца радаслоўнай балотных людзей, Мележ дадумвае рэальных людзей да літаратурных тыпаў — грандыёзная, велічная, але ўсё ж надта манумэнтальная задача, якая не пакідае часу на сьмех і не дае працягнуць нітку ў іголку. Сваіх сумных прасталытак такі пісьменьнік не прыгадае.

Іван Мележ у пад час сустрэчы з моладзьдзю ў Магілёве. 30 сьнежня 1962 г. З фондаў БДАМЛМ

Насамрэч, кажучы пра перагукі Mележавага раману з сусьветнай літаратурай, далёка хадзіць ня трэба. Вядома, што Мележ уважаў Шолахава за аднаго са сваіх літаратурных настаўнікаў. Іх лучыць перадусім жаданьне паказаць моцныя характары — такія моцныя, каб ажно трашчала. Абодва ў сваіх тэкстах аддаюць разьвітальны паклон моцы зямлі і голасу роду — таму першабытнаму, што было вынішчана ў селяніне. «Людзі на балоце», улічваючы час стварэньня раману, гэта беларускі адказ Шолахаву на ягоны казацкі эпас. І адказ вельмі ўдалы: «Людзі на балоце» чытаюцца са значна большай цікавасьцю, яны пазбаўленыя ліхое бяскрайнасьці стэпу, дзе размываецца ў жоўтай гліне і жарсьць, і жудасьць, застаецца адна зямля. Балота і тут служыць аховай тэксту, гермэтызуючы яго, робячы больш пукатым, на высьпе сярод лясоў прасьцей абвастраць і канкрэтызаваць. Шолахаў выпусьціў сваіх герояў у прастору, на вольны на абшар — і згубіў. Аўтар «Людзей на балоце» — прынамсі, у гэтым тэксьце — лейцаў не выпускае. Андрэй Федарэнка сказаў неяк, што «каштоўнасьць „Людзей на балоце“ у замкнёнасьці прасторы, у той рамантычнай ізаляцыі, у якой жывуць і дзейнічаюць героі». Як толькі нехта парушае гэтую ізаляцыю, раман пачынаеш чытаць з раздражненьнем. Думаеш пра тое, што хутчэй бы яны ўсе выйшлі, гэтыя Шабеты, Апейкі, Харчавы і Дубадзелы, «алешніцкія Калініны» зь іхнымі бясьсільнымі спробамі прывесьці мокры сьвет Куранёў хаця б у нейкую адпаведнасьць з ідэалягічнымі дактрынамі сушы — выйшлі і зачынілі за сабою дзьверы. Do it. Спроба чытаць гэты раман як мастацкі аналіз калектывізацыі — занятак сумны і нецікавы. Ну яго ў балота. Што мог савецкі пісьменьнік напісаць пра калектывізацыю?

На юбілейнай вечарыне Івана Мележа. Зьлева направа: Язэп Семяжон, Еўдакія Лось, Мікола Аўрамчык, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Алег Лойка. Менск, 1976 г. З фондаў БДАМЛМ

Ну, напэўна, нешта ўсё ж мог. Калі ня праўду — то і не хлусьню. У «Людзях на балоце» адназначнай ацэнкі ён не дае, усімі сіламі намагаючыся выклікаць спагаду да Васіля, які дзеля сваёй зямлі гатовы адступіцца нават ад каханьня, але рана ці позна ад аўтара запатрабавалі б яснай і выразнай кропкі. Магчыма, таму «Хроніка» так і не была дапісаная — бо яна і задумвалася як твор, які нельга дапісаць?

Не, па «Людзях на балоце» трэба блукаць, як па карціннай галерэі, і падоўгу спыняцца перад кожным партрэтам. Васіль, хлопец «з упартымі, невясёлымі губамі», рыцар, пазбаўлены спадчыны, якому «далася етая зямля» і якому воляй аўтара наканавана было прайсьці ці то празь пяць, ці то празь сем колаў пекла, па ліку задуманых раманаў. Упартыя, невясёлыя губы — гэта мележаўская мова ў яе найлепшым варыянце. Ганна, пра якую мы вечна будзем помніць, што яна «цьвіла, як тая рабіна» — «ета блудніца», «ета пакідуха», яна ж «круцёлка», «галадранка» і «такая дзеўка!». Шэксьпіраўскі Яўхім, гэты цынічны мачо, чалавек зь дзьвюма душамі, які ня здолеў прымірыць паміж сабой каханьне і разьлік. Людзі тут нэрвовыя, размаўляюць коратка і адрывіста, і ўвесь час чамусьці агрызаюцца, калі толькі не апынаюцца сам-насам: «Што я — гарбаты? Абяцанка-цацанка! Сваё трэба мець!»

Іван Мележ. З фондаў БДАМЛМ

А «Людзі на балоце» сваё маюць. Што трэба абавязкова залічыць да ўдачаў Мележа — гэта тое адчуваньне прыглушанага, няяркага сьвятла, у якім жыве створаны ім сьвет і якое зьяўляецца ў чытача ад першай старонкі. У рамана ёсьць свой колер — і колер гэты шэры з рознымі адценьнямі зялёнага. «Зялёная радасьць» — асака, лаза, алешнікі... Купіны, якія ўвесну выбіраюцца на паверхню грэцца. Але іхная бяскрыўднасьць падманлівая. Толькі той, хто жыве тут, не аступіцца. Людзі тут вядуць барацьбу за выжываньне — іншая справа, што для кагосьці гэта азначае хлеб, для кагосьці «кохту хвабрычную», а нехта сыходзіць у лясныя браты і бярэ ў рукі зброю. Сьвятло на працягу кнігі не зьмяняецца, нібы дзеяньне падсьвечваюць лямпай. Клё-клё-клё — нехта адбівае касу, а Васілю падалося, гэта буслы лятуць. Тут усё поўнае злавесных сымбаляў. Тут б’юцца за спадчыну — і шчыра не разумеюць, чаму яна ім больш не належыць.

«Людзі на балоце» зацягваюць у сябе, яны — як Грымпэнская дрыгва, у якой гэтым разам гіне і Стэплтан, і сабака, і чытач, гэты вечны сышчык. Проста па балоце без правадніка хадзіць ня трэба. Асабліва ў начны час, калі сілы зла, а таксама літаратуры, валадараць бязьмежна.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)