Максім Танк
Чытаць шмат каго зь беларускіх савецкіх паэтаў можна і з заплюшчанымі вачыма. Пагатоў, гэтыя паэты і самі былі б ня супраць, каб мы ветліва замружваліся там, дзе трэба. Такія правілы гульні. Прафэсійнаму сьляпому, якога так старанна выхоўвалі ў кожным беларускім чытачы нашыя акулісты ад літаратуры, зусім няцяжка заплюшчыць вочы на пэўныя вершы — было б жаданьне і трохі патрыятызму на рагавіцы. Можна, не адчуваючы дыскамфорту, праігнараваць узьнёслыя радкі пра леніна-сталіна, пра партыю і Маскву, можна не заўважаць чырвоны сьцяг, які рэгулярна ўсплывае ў беларускай літаратуры то плашчаніцаю, то гальштукам, то членскім білетам — непрамакальнымі рэчамі прыбітага да берагу за ста мэтраў адсюль тапельца. Можна прагарнуць з заплюшчанымі вачыма старонкі, дзе, быццам зь незакручанага крана, вечна будзе капаць замілаваная сьляза па вялікай расейскай мове, безь якой, як вядома, мы ўсе адразу ж памрэм у страшных пакутах, сутаргава хапаючы паветра высахлымі жабрамі. Можна. Бяда толькі ў тым, што калі вочы нарэшце адплюшчыць, ад паэта можа нічога і не застацца: кніжка скончылася. Аўтар, як высьвятляецца, пераважна з такіх вершаў і складаўся. Прыкладаў хапае — але чытацкія вочы ўсё адно мружацца; зь ветлівасьці, павагі ці проста ад страху перад люстэркам — пытаньне іншае.
На шчасьце, кнігі Максіма Танка можна разгортваць, не змушаючы сябе да гэткіх карысных практыкаваньняў, і сьмела ўчытвацца ў кожны радок. Бо нават калі прыбраць усё тое, што ён, шчыры камуніст, панапісваў пра леніна, партыю, сьцяг і Маскву (а гэтага хопіць на цэлую асобную кніжку), застанецца столькі сапраўднага і файнага, што і прафэсійны сьляпы міжволі празерыць. Танк — апраўданьне беларускай савецкай паэзіі, яе права так называцца. Філёзаф з партбілетам, думаньнік, наіўнасьць якога мяжуе з мудрасьцю, а местачковасьць часам дасягае маштабаў касмапалітызму — ці наадварот. Літаратар, разабрацца ў якім няпроста — а можа, і немагчыма.
У прадмове да выпушчанага Саюзам застабільных пісьменьнікаў збору твораў Танка ёсьць цікавае спасыланьне на словы Ўладзімера Конана: маўляў, наш паэт Танк па ўзроўні не ніжэйшы за ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, а за некаторых зь іх, можа, і вышэйшы. Тут чуваць хутчэй раздражнёнасьць Нобэлеўскім камітэтам, чым ацэнка Танка як паэта, але пагадзіцца зь ёй можна. Наогул жа, тая прадмова вытрыманая ў самых што ні ёсьць застабільных танах і больш нагадвае нейкі бясконцы прыпозьнены нэкралёг-панэгірык, напісаны паводле прынцыпу «пра нябожчыкаў або добра, або яшчэ лепш». Паводле яе, Танк быў «чалавек вялікага прыродна-гуманістычнага дару, незвычайнай зьместавай ёмістасьці і гарманічнасьці мастацкага таленту, рэдкай душэўна-псыхалягічнай арганізацыі, маральнай чысьціні і прыцягальнай сілы... гранічна сьціплы, сумленны, чулы, высакародны, дасьціпны, просты... таленавіты арганізатар нацыянальнага літаратурна-мастацкага працэсу... быў дзяржаўным чалавекам... рэдкі, унікальны чалавек, клапатлівы... жыў самымі сьветлымі думкамі і ідэямі, якімі можа жыць чалавек».
Прачытаўшы такое, нават неяк дзіўна становіцца, як ён наогул здолеў адысьці ў лепшы сьвет — пры гэткіх алімпійскіх перавагах над простымі сьмяротнымі; і чаму гэты дзяржаўны чалавек-анёл ня выставіў сьмерць за дзьверы свайго кабінэта, напісаўшы папярэдне на яе заяве кароткую рэзалюцыю: «Адмовіць»?
Мяркуючы па вершах Танка, сам ён такія панэгірыкі на свой адрас цярпець ня мог. Пачынаючы прыкладна з шасьцідзясятых гадоў, ён усё часьцей адгукаецца на бясконцыя паседжаньні і калектыўныя ўслаўленьні каго б ні было стомлена-іранічнымі радкамі.
«Учора, правёўшы 597-е пасяджэньне,
Абвяшчэньне я напісаў:
Мяняю сваю кватэру на Алімпе
На будан у лесе ці зямлянку...»
І пры гэтым ён прымае ўсеагульнае прызнаньне як належнае: нікуды не падзенешся, на Алімп ён мае поўнае права. Ён наогул паўстае ў тэкстах вельмі ўпэўненым у сабе і сваім дары. Ад яго дастаецца графаманам і наогул дурням ад літаратуры — і што б там ні казалі цяпер пра тое, што сам панятак «графаман» сваё аджыў, я ведаю, за што, і разумею Танка: за адсутнасьць уласнага голасу.
«Дзяржаўны быў чалавек»... А вось цяжка сказаць, на чыім ён быў бы цяпер баку: застабільным ці пятакалённым? Бо, як любы дзяржаўны чалавек, гатовы быў, калі трэба, атаясаміць радзіму зь дзяржавай. «Я не памылілася, скажа Радзіма, калісьці даверыўшы песьню яму» — піша ён сам пра сябе, паэт-даручэнец пры Радзіме па асабліва важных справах. Радзіма як найвышэйшы начальнік, загады якога выконваюцца безь пярэчаньняў. Такім Нобэлеўскую прэмію сапраўды не даюць, анархізму бракуе. Напэўна, у наш час яго абурала б подлая, безаглядная русыфікацыя, роўнай якой ня ведаў нават нават Савецкі Саюз эпохі росквіту Танка-паэта. Абурала б разбурэньне тых «шыбаў старых камяніц», пра якія ён пісаў некалі, што нават выціраць іх трэба асьцярожна — каб «ня сьцерці ценяў людзей, якія некалі ў тыя шыбы глядзелі». Незадоўга да сьмерці ён пісаў у адным зь вершаў, што баіцца зазіраць у геаграфічны атляс, каб не пабачыць там тэрыторыю з надпісам «Тут калісьці была Беларусь». Прадчуваў нешта. Цяпер нашая чарга баяцца геаграфіі ня менш, чым геапалітыкі.
І ўсё ж — перадусім паэт... Таго, хто гатовы зьдзіўляцца, Танк зьдзіўляе яшчэ ў юнацтве. Спачатку, ясная справа, сваім псэўданімам: трохі недарэчным і абсалютна незвычайным сярод жаласьлівых і бяскрыўдных, як кусьцікі на школьным стадыёне, імёнаў іншых жывых і мёртвых праграмных клясыкаў. Рэдкая, дарэчы, зьява: кароткі псэўданім Танка гучыць цяжка і грувастка. І ўжо затым — сваімі тэкстамі, якія з гэтым штучным псэўданімам ніяк не стасуюцца: Танк — паэт лірычны і задуменны, што б ні казаў пра тое, што ён уяўляе сябе громам і крыкам папярэджаньня. Паэт-наватар, які адшукаў для творчасьці тую форму, у якой ня цесна. Памятаю, як у васьмідзясятых нас зь сябрамі ўразіла тое, што на сьвеце ёсьць беларускія клясыкі, якія пішуць вэрлібрам. Узрушэньне! Пасьля бясконцых аднолькавых рымаванак Танкавы вольныя спробы гаварыць па-свойму гучалі так, як быццам у душным пакоі сярод аднастайнага мармытаньня пачуўся раптам нармальны, ясны чалавечы голас. Засталося разабраць, што ж ён гаворыць.
Задоўга да таго, як ён стаў начальнікам, вышэй за якога толькі Радзіма і ЦК, Танк ужо спрабаваў гаварыць па-свойму. Ёсьць адчуваньне, што рымы заўсёды яго скоўвалі, і па меры свайго разьвіцьця ён карыстаецца імі ўсё радзей і, здаецца, зьвяртаецца да іх у асноўным зь нейкіх афіцыйных нагодаў: каб не ўзьнікала сумневу ў яго палітычнай — і паэтычнай — ляяльнасьці. Гартаючы збор твораў, у пэўны момант заўважаеш: рымаванае, традыцыйнае ў Танка збольшага ўсё ж састарэла, а вось там, дзе ён пачуваўся вольным ад навязанай яму формы, Танк і цяпер чытаецца, і праз стагодзьдзе будзе — бо меў што сказаць.
На прыкладзе забытага цяпер верша «Жэтон» 1955 году добра відаць, як пакутліва шукаў ён свой лад мовы, свае інтанацыі. Ідэя і зьмест гэтага верша да 10-годзьдзя перамогі ня надта цікавыя — тут важныя толькі голас і кампазыцыя.
«Зь нержавеючага сплаву гэты быў жэтон адліты,
Нумар сем мільёнаў трыста сорак пяць.
Я знайшоў яго на полі, дзе шуміць, красуе жыта,
Дзе варожыя салдаты сном бясслаўным сьпяць».
Дужа някепска як на савецкага паэта, які піша да памятнай даты. Нержавеючы сплаў — і жыта. І з гэтага канфлікту матэрыі ўзьнікае рэчыва для верша. Але і гэта яшчэ ня ўсё: чатыры радкі, а як абачліва адразу расстаўленыя ўсе акцэнты — каб не заміналі потым вольнай рэфлексіі. Якім яшчэ сном могуць спаць варожыя салдаты — толькі бясслаўным. А далей кантраст раскрываецца, прыгожа і спакойна:
«Я яго зь пяску ачысьціў. Кім ты быў, забіты вораг?
Я хацеў бы знак твой родным адаслаць.
Ды ня знаю, як завешся, дзе сям’я і дзе твой горад,
Нумар сем мільёнаў трыста сорак пяць».
Добра напісана. Шмат якія пазьнейшыя, знакамітыя вершы Танка будуць будавацца потым на падобных кантрастах. Думка, рух, лічбы нумару — як сымбаль калектыўнай ананімнасьці вайны і банальнасьці зла. «Горад» — «вораг»: адчуваецца, як працуе слых. Пазьней гэты самы верш знойдзе свой працяг у кароткім вэрлібры пад назваю «Trinke Blut» — пра тэўтонскі меч-крывасмок з такім надпісам. Там усё будзе выкшталцона і завершана, будзе ясная думка, апранутая ў пашыты дакладна па яе мерцы вобраз, і ня трэба будзе таропка вымучваць непатрэбныя рымы. Бо далей той «Жэтон» рассыпаецца ў пыл і паэзія ў ім зьнікае: невядома скуль зьяўляюцца нейкі генэрал фон Шпадэль, прозьвішча якога патрэбнае, каб няўклюдна зрымаваць зь ім «гадаў», і банда імпэрыялістаў, якая патаптала Танку ўсё жыта.
І ўсё ж важны крок да самога сябе зроблены. Чатырма гадамі пазьней Танк напіша, адчуваючы, што як ніколі блізкі да таго, каб знайсьці сваё:
«Даўно я перастаў баяцца
Непаслухмяных рыфм і слоў
І розных там заканадаўцаў
З вушамі, з норавам аслоў».
Гэта — яшчэ да канца не ўсьвядомлены аўтарам, але маніфэст. Пакуль яшчэ рымаваны. Абвяшчэньне прыходу новага Танка, які баіцца толькі аднаго: «Каб верш ня быў сьляпым, глухім... ». І каб жыцьцё верша не маўчала, як «мора на здымку фотарэпарцёра». Праз трыццаць гадоў Танк, нібы мімаходзь, заўважыць, што пайшоў правільнай дарогай.
«Калісьці хапала мне ямбаў, харэяў,
Адмераных, строгіх радкоў.
А зараз пішу ў рытме свайго арытмічнага сэрца».
Як высьвятляецца, у паэзіі арытмія — супрацьлегласьць анэміі. Танкавых вэрлібраў — адточаных амаль да дасканаласьці, напоўненых унутраным гудзеньнем, нібы ракавінкі, сьціснутых да такога стану, калі ў вершы не застаецца нават ніводнага лішняга гуку, ня кажучы ўжо пра лішняе слова — можна набраць сабе ў калекцыю столькі, што рызыкуеш не ўтрымаць усе іх у памяці.
«Ідзе сьляпец, асьцярожна
Пастуквае кавенькай,
Быццам баючыся,
Каб на яго стук
Зямля не адказала:
«Калі ласка...»
Гэта, як кажуць, найвышэйшы пілятаж. А такога ў Танка процьма — і гэта нячаста бывае, каб колькасьць не псавала якасьць. Вось жа, дзіўным чынам у дачыненьні да Танка гэтыя непаэтычныя словы «колькасьць» і «якасьць» гучаць неяк натуральна. Можа, таму, што паэт Танк любіў рэчы і ўводзіў іх у вершы спакойна, не баючыся зьмяшаць «нізкае» з «высокім». Бо нават адна прыватная кавенька можа размаўляць з цэлай зямлёй. Ня ведаю, які Танк быў чалавек, прадмовы звычайна хлусяць, але паэт ён дужа чалавечны. Дробныя клопаты чалавека не выклікаюць у яго агіды, проста чалавечая прырода такая. Празаічная страхоўка — ад няшчаснага каханьня. Звычайны каляндар — але з пазначаным у ім галоўным сьвятам: днём першага пацалунку Евы. Бусел прыходзіць на рынак у пошуках танных жабаў. Антычныя героі — у вёсцы Пількаўшчына. Робаты, футбол, лямпачкі... Тыгровыя шкуры Руставэлі ў камісійных магазінах. Кантрасты. Мадрыгал «на грудках і ножках Чыліты»...
Танк — цэлая чарада нетыповасьцяў. Пры ўсёй ягонай беларускасьці, уросласьці ў гэтую зямлю, сыстэма распазнаваньня «свой-чужы» для Танка не будавалася выключна на нацыянальным. Вершы сьведчаць, што Танк увесь сьвет лічыў сваім, набыткаў ягоных не цураўся — і карыстаўся напоўніцу з эўрапейскай і сусьветнай культуры, досыць вольна ў іх пачуваючыся. Па колькасьці прамых і прыхаваных алюзій ён, відаць, абсалютны чэмпіён у беларускай савецкай паэзіі. Ён, заварожаны фізыкамі лірык, бывае, заварочвае нават туды, дзе чытачу без даведніка ня даць рады. Хто здольны з ходу патлумачыць, што за «візіі Лінке» зьяўляюцца ў вершы пад падманліва-лянівай назваю «Здарэньне ў самалёце»? Лінкей маецца на ўвазе — ці нейкі немец? Трэба зірнуць у інтэрнэтах. Яго пазьнейшыя вершы стракацяць цытатамі — тут табе і любімая ім лаціна, і француская, і нямецкая, і італійская, і гішпанская, і грэцкая, і польская, і розныя «мовы народаў СССР», і нават кітайская — у адным з позьніх тэкстаў нявіннае беларускае слова «Ай!» выкрываецца паэтам як замаскаванае кітайскае «люблю». Танк з сымпатыяй піша пра Японію, падсьвядома адчуваючы блізкасьць сваёй паэтыкі да традыцыйнай японскай — і нічога дзіўнага няма ў тым, што пад канец жыцьця ён сам пачынае пісаць хоку, да гэтага ўсё і ішло...
Калі ты нікому не жадаеш гора, павінен радавацца, што і цябе забудуць — напісаў ён некалі. Такое трэба пісаць тушшу на шаўковых стужках і вешаць над дзьвярамі сваёй кватэры, побач з папяровым ліхтарыкам. Шкада, што беларусы ня маюць герагліфічнага пісьма. Бо з радасьцю ў іх таксама праблемы.
Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Чытаць шмат каго зь беларускіх савецкіх паэтаў можна і з заплюшчанымі вачыма. Пагатоў, гэтыя паэты і самі былі б ня супраць, каб мы ветліва замружваліся там, дзе трэба. Такія правілы гульні. Прафэсійнаму сьляпому, якога так старанна выхоўвалі ў кожным беларускім чытачы нашыя акулісты ад літаратуры, зусім няцяжка заплюшчыць вочы на пэўныя вершы — было б жаданьне і трохі патрыятызму на рагавіцы. Можна, не адчуваючы дыскамфорту, праігнараваць узьнёслыя радкі пра леніна-сталіна, пра партыю і Маскву, можна не заўважаць чырвоны сьцяг, які рэгулярна ўсплывае ў беларускай літаратуры то плашчаніцаю, то гальштукам, то членскім білетам — непрамакальнымі рэчамі прыбітага да берагу за ста мэтраў адсюль тапельца. Можна прагарнуць з заплюшчанымі вачыма старонкі, дзе, быццам зь незакручанага крана, вечна будзе капаць замілаваная сьляза па вялікай расейскай мове, безь якой, як вядома, мы ўсе адразу ж памрэм у страшных пакутах, сутаргава хапаючы паветра высахлымі жабрамі. Можна. Бяда толькі ў тым, што калі вочы нарэшце адплюшчыць, ад паэта можа нічога і не застацца: кніжка скончылася. Аўтар, як высьвятляецца, пераважна з такіх вершаў і складаўся. Прыкладаў хапае — але чытацкія вочы ўсё адно мружацца; зь ветлівасьці, павагі ці проста ад страху перад люстэркам — пытаньне іншае.
На шчасьце, кнігі Максіма Танка можна разгортваць, не змушаючы сябе да гэткіх карысных практыкаваньняў, і сьмела ўчытвацца ў кожны радок. Бо нават калі прыбраць усё тое, што ён, шчыры камуніст, панапісваў пра леніна, партыю, сьцяг і Маскву (а гэтага хопіць на цэлую асобную кніжку), застанецца столькі сапраўднага і файнага, што і прафэсійны сьляпы міжволі празерыць. Танк — апраўданьне беларускай савецкай паэзіі, яе права так называцца. Філёзаф з партбілетам, думаньнік, наіўнасьць якога мяжуе з мудрасьцю, а местачковасьць часам дасягае маштабаў касмапалітызму — ці наадварот. Літаратар, разабрацца ў якім няпроста — а можа, і немагчыма.
Прачытаўшы такое, нават неяк дзіўна становіцца, як ён наогул здолеў адысьці ў лепшы сьвет — пры гэткіх алімпійскіх перавагах над простымі сьмяротнымі; і чаму гэты дзяржаўны чалавек-анёл ня выставіў сьмерць за дзьверы свайго кабінэта, напісаўшы папярэдне на яе заяве кароткую рэзалюцыю: «Адмовіць»?
Мяркуючы па вершах Танка, сам ён такія панэгірыкі на свой адрас цярпець ня мог. Пачынаючы прыкладна з шасьцідзясятых гадоў, ён усё часьцей адгукаецца на бясконцыя паседжаньні і калектыўныя ўслаўленьні каго б ні было стомлена-іранічнымі радкамі.
«Учора, правёўшы 597-е пасяджэньне,
Абвяшчэньне я напісаў:
Мяняю сваю кватэру на Алімпе
На будан у лесе ці зямлянку...»
«Дзяржаўны быў чалавек»... А вось цяжка сказаць, на чыім ён быў бы цяпер баку: застабільным ці пятакалённым? Бо, як любы дзяржаўны чалавек, гатовы быў, калі трэба, атаясаміць радзіму зь дзяржавай. «Я не памылілася, скажа Радзіма, калісьці даверыўшы песьню яму» — піша ён сам пра сябе, паэт-даручэнец пры Радзіме па асабліва важных справах. Радзіма як найвышэйшы начальнік, загады якога выконваюцца безь пярэчаньняў. Такім Нобэлеўскую прэмію сапраўды не даюць, анархізму бракуе. Напэўна, у наш час яго абурала б подлая, безаглядная русыфікацыя, роўнай якой ня ведаў нават нават Савецкі Саюз эпохі росквіту Танка-паэта. Абурала б разбурэньне тых «шыбаў старых камяніц», пра якія ён пісаў некалі, што нават выціраць іх трэба асьцярожна — каб «ня сьцерці ценяў людзей, якія некалі ў тыя шыбы глядзелі». Незадоўга да сьмерці ён пісаў у адным зь вершаў, што баіцца зазіраць у геаграфічны атляс, каб не пабачыць там тэрыторыю з надпісам «Тут калісьці была Беларусь». Прадчуваў нешта. Цяпер нашая чарга баяцца геаграфіі ня менш, чым геапалітыкі.
І ўсё ж — перадусім паэт... Таго, хто гатовы зьдзіўляцца, Танк зьдзіўляе яшчэ ў юнацтве. Спачатку, ясная справа, сваім псэўданімам: трохі недарэчным і абсалютна незвычайным сярод жаласьлівых і бяскрыўдных, як кусьцікі на школьным стадыёне, імёнаў іншых жывых і мёртвых праграмных клясыкаў. Рэдкая, дарэчы, зьява: кароткі псэўданім Танка гучыць цяжка і грувастка. І ўжо затым — сваімі тэкстамі, якія з гэтым штучным псэўданімам ніяк не стасуюцца: Танк — паэт лірычны і задуменны, што б ні казаў пра тое, што ён уяўляе сябе громам і крыкам папярэджаньня. Паэт-наватар, які адшукаў для творчасьці тую форму, у якой ня цесна. Памятаю, як у васьмідзясятых нас зь сябрамі ўразіла тое, што на сьвеце ёсьць беларускія клясыкі, якія пішуць вэрлібрам. Узрушэньне! Пасьля бясконцых аднолькавых рымаванак Танкавы вольныя спробы гаварыць па-свойму гучалі так, як быццам у душным пакоі сярод аднастайнага мармытаньня пачуўся раптам нармальны, ясны чалавечы голас. Засталося разабраць, што ж ён гаворыць.
Задоўга да таго, як ён стаў начальнікам, вышэй за якога толькі Радзіма і ЦК, Танк ужо спрабаваў гаварыць па-свойму. Ёсьць адчуваньне, што рымы заўсёды яго скоўвалі, і па меры свайго разьвіцьця ён карыстаецца імі ўсё радзей і, здаецца, зьвяртаецца да іх у асноўным зь нейкіх афіцыйных нагодаў: каб не ўзьнікала сумневу ў яго палітычнай — і паэтычнай — ляяльнасьці. Гартаючы збор твораў, у пэўны момант заўважаеш: рымаванае, традыцыйнае ў Танка збольшага ўсё ж састарэла, а вось там, дзе ён пачуваўся вольным ад навязанай яму формы, Танк і цяпер чытаецца, і праз стагодзьдзе будзе — бо меў што сказаць.
На прыкладзе забытага цяпер верша «Жэтон» 1955 году добра відаць, як пакутліва шукаў ён свой лад мовы, свае інтанацыі. Ідэя і зьмест гэтага верша да 10-годзьдзя перамогі ня надта цікавыя — тут важныя толькі голас і кампазыцыя.
«Зь нержавеючага сплаву гэты быў жэтон адліты,
Нумар сем мільёнаў трыста сорак пяць.
Я знайшоў яго на полі, дзе шуміць, красуе жыта,
Дзе варожыя салдаты сном бясслаўным сьпяць».
Дужа някепска як на савецкага паэта, які піша да памятнай даты. Нержавеючы сплаў — і жыта. І з гэтага канфлікту матэрыі ўзьнікае рэчыва для верша. Але і гэта яшчэ ня ўсё: чатыры радкі, а як абачліва адразу расстаўленыя ўсе акцэнты — каб не заміналі потым вольнай рэфлексіі. Якім яшчэ сном могуць спаць варожыя салдаты — толькі бясслаўным. А далей кантраст раскрываецца, прыгожа і спакойна:
«Я яго зь пяску ачысьціў. Кім ты быў, забіты вораг?
Я хацеў бы знак твой родным адаслаць.
Ды ня знаю, як завешся, дзе сям’я і дзе твой горад,
Нумар сем мільёнаў трыста сорак пяць».
І ўсё ж важны крок да самога сябе зроблены. Чатырма гадамі пазьней Танк напіша, адчуваючы, што як ніколі блізкі да таго, каб знайсьці сваё:
«Даўно я перастаў баяцца
Непаслухмяных рыфм і слоў
І розных там заканадаўцаў
З вушамі, з норавам аслоў».
Гэта — яшчэ да канца не ўсьвядомлены аўтарам, але маніфэст. Пакуль яшчэ рымаваны. Абвяшчэньне прыходу новага Танка, які баіцца толькі аднаго: «Каб верш ня быў сьляпым, глухім... ». І каб жыцьцё верша не маўчала, як «мора на здымку фотарэпарцёра». Праз трыццаць гадоў Танк, нібы мімаходзь, заўважыць, што пайшоў правільнай дарогай.
«Калісьці хапала мне ямбаў, харэяў,
Адмераных, строгіх радкоў.
А зараз пішу ў рытме свайго арытмічнага сэрца».
Як высьвятляецца, у паэзіі арытмія — супрацьлегласьць анэміі. Танкавых вэрлібраў — адточаных амаль да дасканаласьці, напоўненых унутраным гудзеньнем, нібы ракавінкі, сьціснутых да такога стану, калі ў вершы не застаецца нават ніводнага лішняга гуку, ня кажучы ўжо пра лішняе слова — можна набраць сабе ў калекцыю столькі, што рызыкуеш не ўтрымаць усе іх у памяці.
«Ідзе сьляпец, асьцярожна
Пастуквае кавенькай,
Быццам баючыся,
Каб на яго стук
Зямля не адказала:
«Калі ласка...»
Танк — цэлая чарада нетыповасьцяў. Пры ўсёй ягонай беларускасьці, уросласьці ў гэтую зямлю, сыстэма распазнаваньня «свой-чужы» для Танка не будавалася выключна на нацыянальным. Вершы сьведчаць, што Танк увесь сьвет лічыў сваім, набыткаў ягоных не цураўся — і карыстаўся напоўніцу з эўрапейскай і сусьветнай культуры, досыць вольна ў іх пачуваючыся. Па колькасьці прамых і прыхаваных алюзій ён, відаць, абсалютны чэмпіён у беларускай савецкай паэзіі. Ён, заварожаны фізыкамі лірык, бывае, заварочвае нават туды, дзе чытачу без даведніка ня даць рады. Хто здольны з ходу патлумачыць, што за «візіі Лінке» зьяўляюцца ў вершы пад падманліва-лянівай назваю «Здарэньне ў самалёце»? Лінкей маецца на ўвазе — ці нейкі немец? Трэба зірнуць у інтэрнэтах. Яго пазьнейшыя вершы стракацяць цытатамі — тут табе і любімая ім лаціна, і француская, і нямецкая, і італійская, і гішпанская, і грэцкая, і польская, і розныя «мовы народаў СССР», і нават кітайская — у адным з позьніх тэкстаў нявіннае беларускае слова «Ай!» выкрываецца паэтам як замаскаванае кітайскае «люблю». Танк з сымпатыяй піша пра Японію, падсьвядома адчуваючы блізкасьць сваёй паэтыкі да традыцыйнай японскай — і нічога дзіўнага няма ў тым, што пад канец жыцьця ён сам пачынае пісаць хоку, да гэтага ўсё і ішло...
Калі ты нікому не жадаеш гора, павінен радавацца, што і цябе забудуць — напісаў ён некалі. Такое трэба пісаць тушшу на шаўковых стужках і вешаць над дзьвярамі сваёй кватэры, побач з папяровым ліхтарыкам. Шкада, што беларусы ня маюць герагліфічнага пісьма. Бо з радасьцю ў іх таксама праблемы.
Ранейшыя фрагмэнты сэрыі: