Берасьцейская кааліцыя «Спадчына» заклікае да байкоту

Каардынатар аргкамітэту БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай

Берасьцейская дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» прыняла рашэньне пра байкот парлямэнцкіх выбараў. Кааліцыянты заклікаюць і астатнія апазыцыйныя сілы падтрымаць байкот.
Як апавёў каардынатар аргкамітэту БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай, удзельнікі кааліцыі лічаць парлямэнцкія выбары фарсам:

«Пры існуючым рэжыме дэмакратычныя выбары ў Беларусі немагчымыя. Лічым удзел асобных лідэраў і сябраў палітычных партый і рухаў у гэтым фарсе правакацыяй. У цяперашняй сытуацыі гэта выглядае амаральна і па-блюзьнерску. Таму мы заклікаем усіх грамадзянаў да байкоту».

Сваё рашэньне ўдзельнікі кааліцыі тлумачаць тым, што «выбары прэзыдэнта 2010 году пераважнай большасьцю беларускага народу і сусьветнай супольнасьці не прызнаныя, таму ў краіне няма легітымнай улады».

Кааліцыянты перакананыя, што «заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу ў Беларусі ажыцьцяўляе адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка, у сувязі з чым парлямэнт не зьяўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь. Яго існаваньне носіць фіктыўны характар.»

На рашэньне пра байкот паўплывала тое, што «ў турмах гвалтоўна ўтрымліваюцца палітвязьні, іх жыцьцю пагражае небясьпека. Не рэгіструюцца палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, няма доступу да СМІ альтэрнатыўным партыям і арганізацыям. Выбарчае заканадаўства не забясьпечвае свабоду, адкрытасьць і галоснасьць выбараў».

Берасьцейская дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» была ўтвораная пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. У яе ўваходзяць абласныя арганізацыі БХД, БСДП (Народная Грамада), «Эўрапейскай Беларусі», і РГА «Пэрспэктыва».