Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах?


У апазыцыйным асяродзьдзі працягваецца дыскусія наконт удзелу ў выбарах Палаты прадстаўнікоў. Ці магчымы байкот у беларускіх умовах? Што дае апазыцыі паўнавартасны ўдзел у выбарах? Ці магчымая кансалідаваная тактыка апазыцыі?

Удзельнікі: сустаршыня рады прадстаўнікоў Народных сходаў Віктар Івашкевіч і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Ці магчымы байкот у беларускіх умовах?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч: «Сп. Івашкевіч, вы пасьлядоўны прыхільнік байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. Але вашыя апанэнты кажуць, што байкот магчымы толькі тады, калі ёсьць выбары. А калі выбараў няма, галасы ніхто ня лічыць, то ў такіх умовах байкот немагчымы. Што вы разумееце пад байкотам? Якіх вынікаў вы зьбіраецеся дасягнуць такой тактыкай?»

Віктар Івашкевіч: «Калі выбараў няма, то ў закліках ісьці на выбарчыя ўчасткі няма ніякай лёгікі. Мы прапануем ня ўдзельнічаць у гэтай гульні. Перавага такой тактыкі ў тым, што агітацыю за гэта можна пачынаць ужо цяпер, не чакаючы афіцыйнага абвяшчэньня выбарчай кампаніі. А мэханізм выкарыстаньня апошніх двух месяцаў перад галасаваньнем — гэта асобная тэма.

Актыўны байкот — гэта не ляжаньне на канапе, як пра гэта кажуць праціўнікі нашай тактыкі. Гэта актыўная агітацыя не хадзіць на выбары. Гэта актыўнае назіраньне за галасаваньнем, з тым, каб зафіксаваць, што выбарцы праігнаравалі выбары, і праінфармаваць пра гэта грамадзтва. І пасьля арганізаваць людзей на вулічны пратэст з патрабаваньнем свабодных парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў».

Карбалевіч: «Што ў выніку? Незалежныя назіральнікі дадуць лічбу, што яўка склала 40%, улады скажуць, што ў выбарах удзельнічала 90%. Кожны бок заявіць: «Мы перамаглі».

Івашкевіч: «Гэта робіцца не для Захаду ці Ўсходу. Гэта трэба для таго, каб растлумачыць насельніцтву, што ўлады чарговым разам яго падманулі. Каму павераць людзі? Гэта залежыць ад сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, ад даверу грамадзтва да эканамічнай палітыкі ўладаў. І ад таго, ці зможам мы дастукацца да людзей. Наша задача, паўтараю, выкарыстоўваючы выбары, вывесьці людзей на вуліцы».

Што дасьць байкот?


Аляксандар Класкоўскі: «Гучыць прыгожа. Пытаньне ў рэалістычнасьці гэтага сцэнару. Можна апрыёры казаць, што масавых акцый пратэсту супраць несправядлівых выбараў ня будзе. Вось летась была спроба арганізаваць народныя сходы ў сытуацыі катастрафічнай з сацыяльна-эканамічнага гледзішча, у сытуацыі рэзкага падзеньня дабрабыту людзей. Але нічога не атрымалася. А парлямэнцкія выбары — гэта ня тая падзея, якая можа выклікаць пратэст. Апрыёры яна значна менш закранае грамадзтва, чым „страўнікавыя інтарэсы“.

Таму гэты байкот можа застацца рэччу ў сабе. Досьвед байкоту 2000 году сьведчыць, што грамадзтва яго не заўважыла. У апазыцыі ня хопіць рэсурсаў, каб зладзіць масавае назіраньне за выбарамі па ўсёй краіне. Абсэнтэізму масавага таксама ня будзе. Бо ўлада задзейнічае мэханізм мабілізацыі, каб забясьпечыць яўку. У нас уся эканоміка дзяржаўная, таму шмат людзей, якія залежаць ад уладаў.

Уявім сабе, што будзе разыходжаньне ў лічбах. Апазыцыя скажа, што на выбары прыйшло 40% выбарцаў, а ўлада — 70%. Ці выкліча гэта нейкі выбух у грамадзтве? Людзі прызвычаіліся да вольнай электаральнай арытмэтыкі. Нават Лукашэнка неаднойчы з гонарам расказваў, як на патрэбу Эўропы перакідалі лічбы з аднаго слупка ў другі.
Трэба скарыстаць выбары так, каб не змаргіналізаваць канчаткова апазыцыю.

Трэба скарыстаць выбары так, каб не змаргіналізаваць канчаткова апазыцыю. І каб эфэктыўна камунікаваць з грамадзтвам, закласьці падмурак на будучыню, на прэзыдэнцкія выбары».

Івашкевіч: «Любы плян, любое дзеяньне заўсёды лёгка крытыкаваць. Маўляў, няма гарантыі, нешта можа не атрымацца. І ўсё слушна. Але я ні ад кога ня чую, што прапануецца ўзамен. Давайце разьбярэм альтэрнатыўныя варыянты, а я, як сп. Класкоўскі, пакажу на іх мінусы. Але сёньня альтэрнатыўнага варыянту няма. „Кааліцыя шасьці“ прымае рашэньне пра тое, што яна ня можа прыняць рашэньне. Аналітыкі таксама кажуць, што добрага выйсьця з сытуацыі няма. Калі няма альтэрнатыўных прапаноў, то крытыка робіцца бессэнсоўнаю.

Зразумела, што ўлады будуць ціснуць, заганяць людзей на выбары. Гэта будзе накладацца на сытуацыю пагаршэньня эканамічнага становішча. І гэта можа даць эфэкт, як на тым прадпрыемстве „Граніт“ у Мікашэвічах. Там людзі былі незадаволеныя заробкамі, цэнамі і інш. Але сытуацыю ўзарвала тое, што начальнік нахаміў, і людзі пачалі выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў. Назапашваньне нэгатыву ў адносінах да ўладаў можа выклікаць пратэст, калі людзей яшчэ пачнуць як быдла гнаць на выбары. Гэта можа стаць іскрай, якая ўзарве назапашаную нэгатыўную энэргію».

Якая альтэрнатыва байкоту?


Класкоўскі: «Альтэрнатыўныя прапановы ёсьць. Вельмі важнае пытаньне кансалідацыі апазыцыі. Цяпер папулярная думка, што хай сабе будзе і кепскі сцэнар, але каб ён быў супольны. Жорсткая пазыцыя сп. Івашкевіча пагражае чарговым расколам апазыцыі. Верагодна, што „байкатысты“ пачнуць „мачыць“ тых, хто ўдзельнічае ў кампаніі, іх будуць называць рэнэгатамі, агентамі КДБ. У такім выпадку гэта будзе азначаць капец палітычнай апазыцыі, яна страціць рэшткі маральнага капіталу. І Захад можа вырашыць, што ў Беларусі апазыцыя памерла, таму трэба дамаўляцца альбо з Расеяй, альбо з Лукашэнкам.

Сцэнар павінен быць супольны і дынамічны. Магчыма, разыходжаньні насамрэч не такія вялікія, бакі проста не разумеюць тэрміналёгію адзін аднаго. Бо, напрыклад, партыя БНФ, АГП прапануюць той жа байкот, але ў выглядзе дамоклавага мяча. Апазыцыя вылучае ўмовы, уцягваецца ў гэтую кампанію. Але калі ўлада да пэўнага моманту не выконвае нейкіх умоваў (вызваленьне палітвязьняў, уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі), тады апазыцыя сыходзіць з выбараў.

Гэтая тактыка абумоўленасьці напружвае ўладу. Бо ёй нявыгадна, каб гэтыя выбары выглядалі нелегітымнымі. Таму, магчыма, яна пачне манэўраваць, адкручваць гайкі. Асабліва калі прыцісьне пальцы Масква і зьявіцца патрэба разблякаваць заходні вэктар. Узьнікае поле для гульні, апазыцыя можа накінуць уладам свой сцэнар. У выніку можна дамагчыся як мінімум вызваленьня палітвязьняў».
Само абвяшчэньне байкоту — сродак ціску на ўлады.

Івашкевіч: «Заўсёды апазыцыю абвінавачваюць, што яна позна прымае рашэньне, пачынае працаваць. І вось нам прапануюць зноў чатыры месяцы чакаць, не прымаць рашэньня.

Так, трэба, каб было кансалідаванае рашэньне. Але каб яго прыняць, людзі павінны ведаць варыянты. Вось мы і выносім на абмеркаваньне варыянт байкоту. У адказ — цьмянае мычаньне і невыразная пазыцыя. Паміж чым людзям выбіраць?

Калі палітвязьняў адпусьцяць, то тады можна мяняць сцэнар. Само абвяшчэньне байкоту — сродак ціску на ўлады. Каб сарваць байкот, яны могуць вызваліць палітвязьняў. А не наадварот».

Карбалевіч: «Абывацелю патрэбен просты і дакладны мэсыдж, што трэба рабіць. Калі апазыцыя кажа, што мы пры пэўных умовах будзем удзельнічаць у выбарах, а пры пэўных — ня будзем, то гэта заблытвае шараговага выбарца. Ён разгублены, ня ведае, што яму рабіць. Ці то ісьці на выбары, ці не».

Класкоўскі: «Сапраўды, несумненны плюс тактыкі байкоту — што гэта просты і дакладны лёзунг. Але пытаньне ў тым, ці можна такім чынам зарадзіць масы, каб сарваць дэ-факта гэтыя выбары».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG