Тым, хто шукае Туле

Якуб Колас. Новая зямля.

Пакуль іншыя беларускія клясыкі займаліся тым, што майстравалі на ўскраіне Мэтэрніхавага саду свае дудкі і дудуткі — кожны ў меру адведзенага яму таленту, Якуб Колас ня стаў разьменьвацца на дробязі і напісаў першую ў беларускай літаратуры Вялікую Паэму. Тоўсты, як «Уліс» (ці, прынамсі, сувымерны па затрачаным на яе часе), бязьлітасны, як крымінальны кодэкс, падрабязны, як энцыкляпэдыя лекавых зёлак, гэты твор зрабіў тое, што раней беларускім пісьменьнікам ня надта ўдавалася — гаворачы выключна пра сваё, выказаць агульначалавечае. Унівэрсальнасьць тэмаў і вобразаў, да якіх Колас падышоў не без унутранай зьбянтэжанасьці, адчуваецца ўжо нават у назьве паэмы. Новых земляў на плянэце багата: у адной Бразыліі іх тры, у штатах Мату-Гросу, Баія і Пэрнамбуку, а яшчэ Канада, Расея, ядзі яе мухі з камарамі, і процьма меншых краін. На тое, каб назваць паэму менавіта так, а не інакш, Коласа, відавочна, натхніў ангелец Робэрт Скот, які за год да пачатку працы над паэмай выправіўся на барку «Тэра Нова» на Паўднёвы полюс есьці скураныя боты. Колас ня мог ня чуць пра тую экспэдыцыю — але напісаў пра сваю. Падарожжа сям’і лясьнічага Міхала па ваколіцах Нясьвіжу, Стоўбцаў, Слуцку (а дзядзькі Антося і па Вільні) у пошуках сваёй «Тэры Новы» ня менш займальнае — і ня менш трагічнае. Зрэшты, «Міхал лічыў Нясьвіж Парыжам» — і ў нейкім агульначалавечым сэнсе меў рацыю.

Якуб Колас



Удзельнікі экспэдыцыі Скота варылі булён з рамянёў і абутку, а на другое ў іх было сырое мяса пінгвінаў. Пра тое, што ядуць сяляне ў «Новай зямлі» Коласа, можна напісаць кнігу (ды, можа, яна ўжо і напісаная). Як і пра тое, сярод якой дадзенай богам прыроднай раскошы яны жывуць: тут аўтар не шкадуе словаў і сам тоне ў іхнай бяздоннасьці, як воўк у стрыжаню. Карацей, што-што, а недаяданьне героям «Новай Зямлі» не пагражала, што б там ні крычалі калегі Коласа пра голад і нэндзу. Галадамор пачаўся значна пазьней, калі паны (якіх Міхал без ваганьняў запісвае ў «азіяты») кудысьці зьніклі і ўладу ўзяў былы раб.

Акінчыцы



Цікава, што нягледзячы на ўвесь сацыяльны пратэст, укладзены аўтарам у паэму, у «Новай зямлі» няма ані кроплі бальшавізму. Гэта вытлумачальна: Колас усёй сваёй хутарской, засьцянковай, аднаасобніцкай натурай адчуваў, што наконт сялянаў пляны ў бальшавікоў даволі цьмяныя і, больш за тое, падазроныя. Рэвалюцыйны пралетар ведаў, што ўсіх гэтых лесьнікоў і земляробаў трэба будзе дзесьці прыстроіць, але адказ на пытаньне, дзе дакладна, адкладаў на потым: ну не даваць жа ім праўда волю. Папулісцкі лёзунг «Зямлю сялянам» гучаў някепска, але ні Міхал, ні Антось не ідыёты, дарма што мужыкі. Яны — недаверлівыя індывідуалісты, глухі, першабытны голас роду і такі самы голас зямлі — вось чаго яны гатовыя слухацца заўжды і ва ўсім, а палітычныя агітатары — гэта недзе там, далёка, не пра нас, «гарматы ў Нясьвіжы». Горад прапануе героям паэмы іншыя галасы, а ў адказ Антось мармыча: «Узяць саломы ды падпаліць усе харомы!» Бунт Міхала і Антося (пакуль што прыдушаны, глыбока нутраны) — бунт чалавека, а ня клясы. Яны незадаволеныя найперш тым, што

«тут жывеш да часу,
Жывеш так-сяк, пакуль жывецца».

Звонку гэтыя людзі — дужа пабожныя, але ўнутры поўныя сумневу. «Начаткі», па якіх вучацца дзеці, дзяруцца на шматкі і лятуць у сьнег, малы Алесь пакараны, але бацька робіць гэта хіба з роспачы, у выхаваўчых мэтах, але не ад фанатызму. Яны тонка адчуваюць хісткасьць, хуткаплыннасьць жыцьця, гэтыя філёзафы, лясныя шапэнгаўэры, сьветабудова іх не задавальняе, бо палюсы іхнага існаваньня знаходзяцца адзін ад аднаго занадта і прадказальна блізка, каб у прасторы паміж імі існаваў шанец нешта зьмяніць. Бунт чалавечай годнасьці:

«А меў бы кут свой чалавеча,
Ці ж бы служыў? Цярпеў бы здраду?
Даўно б у морду плюнуў гаду!»

Іхная мара — чыста амэрыканская: свой кут, свая зямля («вось што аснова!..»), на якой ты гаспадар, здаровая канкурэнцыя, сумленная праца за сумленныя грошы і магчымасьць пакінуць прыдбанае нашчадкам. Астатняе прыкладзецца, бо на «пана хварэць» ніхто не зьбіраецца. Яны мараць пра той адзіны шанец, які мусіць мець кожны. Яны мараць згодна з уласнымі ўяўленьнямі пра рай. Не заўважаючы, што адзін рай у іх ужо быў. Дзяцінства. Першы і апошні рай чалавека, у якім жывуць сыны і дачкі Міхала. Іншых не бывае. У гэтым раі кожны паход у лес ці на луг — як экспэдыцыя сусьветнага маштабу, у гэтым раі ўсе разумеюць мову кожнага, будзь тое чалавек, дрэва, воўк, тхор, кветка або баравік, у гэтым раі бацькі — багі, а дзядзька — сьвяты Антоні, а самі дзеці — басаногія Адамы і Евы, і час ідзе, Міхал выпадкова зазірае ў ваўчыныя вочы, бачыць там канец раю і нікому ня кажа пра сваё страшнае адкрыцьцё. Зусім як Лямэтры зь ягонай тэорыяй «чалавека-машыны», разважае Міхал пра памерлага пана:

«Але ў машыне гаспадарскай,
Бы ў хітрай штучыне сьлясарскай,
Згубілась шруба — стоп, машына!
Няждана выпала пружына!»

Мова, і наогул гукавы фон паэмы — насычаны і шчыльны, «Новая зямля», бадай, першы эпічны твор белліту, у якім дзеяньне адбываецца (і адбіваецца) у шуме жывых галасоў, сярод рэха, звону, віскату, грукату, клёкату, сакатаньня, завываньня, стогну, плёскату, тупату, чвяканьня, мармытаньня, плачу, сьмеху — а не ў цішыні пасьпешліва сканструяванай аўтарам сцэны, дзе зазвычай чуваць толькі, як дробна скача качай нафарбаваны пэрсанаж. Нават цыбук Антосевай люлькі «хрыпіць, пішчыць, сьпявае»... І люлька, набітая «бесарабскім тытунём», ажывае.

Колас з унукамі

Новая зямля — паэма пра страчаны рай, але яна і сама рай — напрыклад, для дзеяслоўных рымаў; такое адчуваньне, што яна створаная зь іх адсоткаў на дзевяноста. Гэтыя простыя рымы, рымкі, рымулькі, рымы-рамы — матэрыял, якім Колас змацоўвае паміж сабой мажное цела сваёй паэмы, яны, уважаныя ва ўсе часы за парыяў вершаскладаньня, ёсьць скурай і косткамі «Новай зямлі» як тэксту. Паміж імі — органы, сярод якіх трапляюцца сапраўды вельмі ўдалыя і каштоўныя, той самы ўрывак пра машыну ці гэтае, досыць выкшталцонае нават па гамбурскім рахунку:

«А пойдзеш ў Ліпава лясамі,
Напэўна стрэнешся з ласямі...»

Зрэшты, нават гэтае панаваньне і баляваньне дзеяслоўных рымаў, непазьбежных у вершаваным тэксьце такога аб’ёму, гучыць натуральна дзякуючы абранаму Коласам памеру. Ягоная плаўнасьць вымушае да перайманьня ўжо падчас першага знаёмства:

«Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Двухпакаёвыя магілы.
Ад нараджэньня да канца
Нам дзевяць дадзена паверхаў,
І вось яшчэ адзін паверх,
Там перад ліфтам сумны вэрхал,
І тынк на тварах — бы пыльца».

Гэта напісаў я, юны графаман, у свае васямнаццаць. Таксама, выгнаны зь дзяцінства, шукаў нешта: полюс? Туле? «Новую зямлю» я чытаў тройчы: у школе пляваўся, у пэдагагічным — сьмяяўся, цяпер вось неяк па-добраму сумую, і смутак гэты не перакладаецца на расейскую нават са слоўнікам.

Але што б там ні было, чалавек у пошуку — зямлі, волі, рымы ці проста піва — заўжды варты павагі і інтарэсу. «Новая Зямля» — у літаральным сэнсе НЗ, недатыкальны запас беларускай экспэдыцыі на той выпадак, калі мы, забыўшы хто мы і адкуль, зьямо свае апошнія боты і канчаткова заблудзім сярод гэтай ледзяной пустэльні, і побач ня будзе ніводнага пінгвіна, каб спытаць дарогу.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:

Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)